Праект
Унесены Саветам Міністраў
Рэспублікі Беларусь
ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Аб беларусах замежжа
Прыняты Палатай прадстаўнікоў
Адобраны Саветам Рэспублікі
Гэты Закон вызначае асноўныя прынцыпы, мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа ў мэтах забеспячэння салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце, захавання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і ўмацавання іх сувязей з Рэспублікай Беларусь.
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе, і іх азначэнні
Для мэт гэтага Закона выкарыстоўваюцца наступныя тэрміны і іх азначэнні:
беларусы замежжа – этнічныя беларусы, выхадцы з Рэспублікі Беларусь, і асобы, якія ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, што пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь;
грамадскія аб’яднанні (арганізацыі) беларусаў замежжа – добраахвотныя аб’яднанні беларусаў замежжа, створаныя імі ва ўстаноўленым заканадаўствам замежнай дзяржавы парадку ў мэтах сумеснай рэалізацыі сваіх нацыянальных, культурных і іншых правоў;
грамадскія аб’яднанні па сувязях з беларусамі замежжа – грамадскія аб’яднанні, створаныя ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку ў мэтах садзейнічання беларусам замежжа ў рэалізацыі іх нацыянальных, культурных і іншых правоў;
дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа – комплекс мер, накіраваных на падтрымку беларусаў замежжа, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі Рэспублікі Беларусь для садзейнічання беларусам замежжа ў рэалізацыі іх нацыянальных, культурных і іншых правоў.
Артыкул 2. Сфера дзеяння гэтага Закона
Гэты Закон вызначае катэгорыі асоб, якія адносяцца да беларусаў замежжа, устанаўлівае мэты, прынцыпы дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа, а таксама віды і формы дзяржаўнай падтрымкі, што аказваецца беларусам замежжа ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі.
Артыкул 3. Асобы, якія адносяцца да беларусаў замежжа
Да беларусаў замежжа адносяцца наступныя асобы:
грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь;
замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і самі або іх продкі па прамой узыходзячай лініі нарадзіліся або пражывалі на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь;
замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфікуюць сябе як беларусы з пункту гледжання этнічнай прыналежнасці да беларускага народу або мовы, культуры, гістарычных сувязей, ведання і захавання беларускіх традыцый і звычаяў.
Прызнанне сваёй прыналежнасці да беларусаў замежжа ў адпаведнасці з абзацамі трэцім і чацвёртым часткі першай гэтага артыкула з’яўляецца актам іх самаідэнтыфікацыі, падмацаваным грамадскай або прафесійнай дзейнасцю па захаванню беларускай мовы, развіццю беларускай культуры за мяжой, умацаванню сяброўскіх адносін дзяржаў грамадзянскай прыналежнасці або сталага месца жыхарства беларусаў замежжа з Рэспублікай Беларусь і іншымі пацвярджэннямі добраахвотнага выбару на карысць духоўнай і культурнай сувязі з беларускай дзяржавай.
Артыкул 4. Грамадскія аб’яднанні (арганізацыі) беларусаў замежжа і грамадскія аб’яднанні па сувязях з беларусамі замежжа
Грамадскія аб’яднанні (арганізацыі) беларусаў замежжа і грамадскія аб’яднанні па сувязях з беларусамі замежжа могуць:
садзейнічаць у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа;
уносіць у дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь прапановы па ўдасканальванню дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа;
папулярызаваць беларускія культурныя каштоўнасці, беларускую мову, а таксама беларускія традыцыі і звычаі;
ажыццяўляць іншую дзейнасць у галіне адносін з беларусамі замежжа, не забароненую заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 5. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа асноўваецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона, іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.
Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым прадугледжаныя гэтым Законам, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.
ГЛАВА 2
ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ І КІРАВАННЕ Ў ГАЛІНЕ АДНОСІН З БЕЛАРУСАМІ ЗАМЕЖЖА
Артыкул 6. Ажыццяўленне дзяржаўнага рэгулявання і кіравання ў галіне адносін з беларусамі замежжа
Дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне ў галіне адносін з беларусамі замежжа ажыццяўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Урадам Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 7. Паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вызначае агульную дзяржаўную палітыку ў галіне адносін з беларусамі замежжа, ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 8. Паўнамоцтвы Урада Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа
Урад Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа:
забяспечвае рэалізацыю агульнай дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь;
зацвярджае дзяржаўныя праграмы і ажыццяўляе кантроль за іх рэалізацыяй;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 9. Паўнамоцтвы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа:
каардынуе дзейнасць рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, грамадскіх аб’яднанняў па сувязях з беларусамі замежжа па выкананню дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа;
каардынуе распрацоўку і прымае ўдзел у межах сваёй кампетэнцыі ў рэалізацыі дзяржаўных праграм;
ажыццяўляе штогадовы маніторынг адносін з грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа;
уносіць ва Урад Рэспублікі Беларусь прапановы па развіццю супрацоўніцтва з беларусамі замежжа і грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа;
садзейнічае дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь, грамадскім аб’яднанням па сувязях з беларусамі замежжа, іншым арганізацыям і грамадзянам Рэспублікі Беларусь у развіцці супрацоўніцтва з беларусамі замежжа;
узаемадзейнічае і развівае кантакты з беларусамі замежжа, ажыццяўляе ў межах сваёй кампетэнцыі меры па забеспячэнню іх нацыянальных, культурных і іншых правоў;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 10. Паўнамоцтвы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа:
удзельнічае ў распрацоўцы і рэалізацыі дзяржаўных праграм;
усталёўвае і развівае супрацоўніцтва па пытаннях культуры з беларусамі замежжа і іх грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі), садзейнічае ў гэтым грамадскім аб’яднанням па сувязях з беларусамі замежжа і іншым зацікаўленым;
аказвае беларусам замежжа практычную дапамогу ў захаванні і развіцці нацыянальна-культурнай самабытнасці;
садзейнічае папулярызацыі беларускай культуры і традыцый сярод беларусаў замежжа;
уносіць ва Урад Рэспублікі Беларусь прапановы па развіццю супрацоўніцтва з беларусамі замежжа і грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 11. Паўнамоцтвы Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей у галіне адносін з беларусамі замежжа
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей у галіне адносін з беларусамі замежжа:
прымае ўдзел у межах сваёй кампетэнцыі ў распрацоўцы і рэалізацыі дзяржаўных праграм;
арганізуе садзейнічанне і дапамогу ў задавальненні нацыянальна-культурных патрэб беларусаў замежжа ва ўмацаванні іх сувязей з Рэспублікай Беларусь;
садзейнічае інфармацыйнаму забеспячэнню беларусаў замежжа;
уносіць ва Урад Рэспублікі Беларусь прапановы па развіццю супрацоўніцтва з беларусамі замежжа;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 12. Паўнамоцтвы абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў у галіне адносін з беларусамі замежжа
Абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты ў галіне адносін з беларусамі замежжа:
удзельнічаюць у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа на рэгіянальным узроўні;
садзейнічаюць устанаўленню і развіццю супрацоўніцтва з беларусамі замежжа, у тым ліку праз грамадскія аб’яднанні (арганізацыі) беларусаў замежжа на рэгіянальным узроўні;
ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 13. Паўнамоцтвы іншых дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа
Іншыя дзяржаўныя органы і арганізацыі Рэспублікі Беларусь ў галіне адносін з беларусамі замежжа ў межах сваeй кампетэнцыі:
прымаюць удзел у распрацоўцы і рэалізацыі дзяржаўных праграм;
распрацоўваюць і забяспечваюць рэалізацыю галіновых, мясцовых і іншых праграм і мерапрыемстваў;
узаемадзейнічаюць з беларусамі замежжа, ажыццяўляюць у межах сваёй кампетэнцыі меры па забеспячэнню іх нацыянальных, культурных і іншых правоў;
уносяць ва Урад Рэспублікі Беларусь прапановы па развіццю супрацоўніцтва з беларусамі замежжа і іх грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі);
садзейнічаюць грамадскім аб’яднанням па сувязях з беларусамі замежжа і іншым зацікаўленым у развіцці супрацоўніцтва з беларусамі замежжа;
ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 14. Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь
Для рэалізацыі прынцыпу ўзаемнай павагі і партнёрства і ў мэтах вызначэння максімальна эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа ствараецца Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь (далей – Кансультатыўны савет).
Асноўнымі задачамі Кансультатыўнага савета з’яўляюцца:
падрыхтоўка прапаноў па ўдасканаленню дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа;
садзейнічанне стварэнню эфектыўных механізмаў супрацоўніцтва дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа ў культурнай, адукацыйнай, інфармацыйнай і іншых сферах.
Палажэнне аб Кансультатыўным савеце і персанальны склад дадзенага савета зацвярджаюцца Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Рашэнні Кансультатыўнага савета, прынятыя ў адпаведнаці з яго асноўнымі задачамі, носяць рэкамендацыйны характар.
Артыкул 15. Кансультатыўныя органы па справах беларусаў замежжа пры рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, абласных і Мінскім гарадскім выканаўчых камітэтах
Для абмеркавання пытанняў узаемадзеяння з беларусамі замежжа пры рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, абласных і Мінскім гарадскім выканаўчых камітэтах могуць стварацца кансультатыўныя органы – саветы (камісіі) па справах беларусаў замежжа.
Палажэнні аб саветах (камісіях) па справах беларусаў замежжа і персанальныя склады дадзеных саветаў (камісій) зацвярджаюцца дзяржаўнымі органамі, пры якіх гэтыя саветы (камісіі) ствараюцца.
ГЛАВА 3
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў ГАЛІНЕ АДНОСІН З БЕЛАРУСАМІ ЗАМЕЖЖА
Артыкул 16. Прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа
Дзяржаўная палітыка ў галіне адносін з беларусамі замежжа засноўваецца на:
агульна прызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права;
прызнанні прыналежнасці кожнаму ад нараджэння неад’емных асноўных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна;
падтрыманні адносін з беларусамі замежжа на аснове ўзаемнай павагі і партнёрства;
прызнанні неабходнасці забеспячэння нацыянальных, культурных і іншых правоў беларусаў замежжа ў адпаведнасці з агульна прызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, а таксама з улікам заканадаўства дзяржаў грамадзянскай прыналежнасці і сталага месца жыхарства беларусаў замежжа;
абавязковасці ўліку дзеянняў замежных дзяржаў у дачыненні да беларусаў замежжа, якія пражываюць на іх тэрыторыі, пры выпрацоўцы і рэалізацыі палітыкі Рэспублікі Беларусь у дачыненні да гэтых дзяржаў;
аказанні дзяржаўнай падтрымкі ў рэалізацыі нацыянальных, культурных і іншых правоў беларусаў замежжа і іх грамадскіх аб’яднанняў (арганізацый), якія імкнуцца да развіцця і ўмацавання сяброўскіх адносін замежных дзяржаў і Рэспублікі Беларусь і чыя дзейнасць адпавядае нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 17. Мэты дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа
Мэтамі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа з’яўляюцца:
спрыянне захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа;
аказанне садзейнічання беларусам замежжа ў рэалізацыі імі нацыянальных, культурных і іншых правоў з улікам агульна прызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права, заканадаўства дзяржаў грамадзянскай прыналежнасці і сталага месца жыхарства беларусаў замежжа;
выпрацоўка дзейсных механізмаў падтрымкі беларусаў замежжа для задавальнення культурных, інфармацыйных, моўных і іншых патрэб беларусаў замежжа;
умацаванне сувязей паміж беларусамі замежжа і Рэспублікай Беларусь;
выкарыстанне патэнцыялу беларусаў замежжа для развіцця беларускай дзяржавы, у тым ліку для наладжвання рознабаковага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі;
спрыянне стварэнню ў Рэспубліцы Беларусь грамадскіх аб’яднанняў па сувязях з беларусамі замежжа;
стварэнне спрыяльных умоў для беларусаў замежжа, якія прынялі рашэнне пераехаць у Рэспубліку Беларусь на сталае месца жыхарства.
Артыкул 18. Падтрымка беларусаў замежжа
Ажыццяўленне дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа Рэспубліка Беларусь павінна спрыяць:
стварэнню ўмоў для вывучэння беларусамі замежжа беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры;
адкрыццю і дзейнасці культурных цэнтраў Рэспублікі Беларусь у месцах кампактнага пражывання беларусаў замежжа;
дзейнасці існуючых і стварэнню новых арганізацый культуры, навуковых арганізацый, а таксама арганізацый, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць для беларусаў замежжа ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі, у тым ліку іх забеспячэнню вучэбнымі праграмамі, падручнікамі, вучэбнымі і вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі для выкладання беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры за межамі Рэспублікі Беларусь;
культурнаму і адукацыйнаму абмену паміж Рэспублікай Беларусь і грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа;
выданню работ замежных і айчынных аўтараў па гісторыі і культуры Беларусі і беларусаў замежжа;
правядзенню культурных і навуковых мерапрыемстваў беларусаў замежжа як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў краінах кампактнага пражывання беларусаў замежжа;
рэалізацыі права на адукацыю ў Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
атрыманню, распаўсюджванню і карыстанню інфармацыяй на беларускай мове, доступу да сродкаў масавай інфармацыі, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь;
атрыманню беларусамі замежжа, якія з’яўляюцца замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, дазволаў на часовае або пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь;
аказанню ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь гуманітарнай дапамогі беларусам замежжа, якія апынуліся ў надзвычайных сітуацыях;
рэалізацыі іншых мер у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 19. Фінансаванне дзейнасці ў галіне адносін з беларусамі замежжа
Фінансаванне дзейнасці ў галіне адносін з беларусамі замежжа ажыццяўляецца ў адпаведнасці з прынятымі дзяржаўнымі праграмамі і мерапрыемствамі за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, іншых крыніц фінансавання ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 4
ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 20. Меры па рэалізацыі гэтага Закона
Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін:
сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;
прыняць меры па прывядзенню іншых актаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам і другія меры, неабходныя для рэалізацыі гэтага Закона.
Артыкул 21. Парадак уступлення ў сілу гэтага Закона
Гэты Закон уступае ў сілу ў наступным парадку:
артыкулы 1–19 – праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона;
артыкул 20 – пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь