Вітанне з'езду "Усеўкраінскага саюза беларусаў"

З’езд "Усеўкраінскага саюза беларусаў", створанага ў 2000 годзе, праходзіць у Кіеве сёння, 13 лістапада. Гэты з’езд адбываецца пад знакам яднання беларусаў Украіны, і на ім будзе разглядацца пытанне аб аб’яднанні "Усеўкраінскага саюза беларусаў" і  "Усеўкраінскага аб'яднання "БЕЛАРУСЬ", якое таксама паўстала на мяжы стагоддзяў і вядзе актыўную дзейнасць у розных рэгіёнах Украіны. Як зазначаюць старшыні абедзвюх арганізацый, сёння наспела патрэба надаць новую дынаміку развіцця і згуртавання беларускай дыяспары ва Украіне для захавання духоўнай і матэрыяльнай культуры, абароны правоў і свабод, а таксама ўмацавання і развіцця сувязяў з Рэспублікай Беларусь. Акрамя пытання аб’яднання арганізацый, на з’едзе плануецца абраць новага кіраўніка беларускай дыяспары ва Украіне і новы склад кіроўных, выканаўчых і кантралюючых органаў, разгледзець пытанні сімволікі беларускай дыяспары Украіны.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” накіравала вітанне ўдзельнікам з’езду.

Дарагія суродзічы! Шаноўныя сябры Усеўкраінскага саюза беларусаў!

Мы радыя вітаць вас ад імя МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” на гэтым форуме. І спадзяемся, што адным з важнейшых накірункаў дзейнасці Саюза будзе праца дзеля захавання  беларускай культуры ва Украіне.

Усеўкраінскі саюз беларусаў – арганізацыя, якая ставіць перад сабой задачу яднання беларусаў, беларускіх супольнасцяў незалежна ад іх рэлігійных і палітычных поглядаў ці сацыяльнага становішча. І таму мы верым, што падчас гэтага з’езду будуць выказаныя і прынятыя да ведама розныя пункты гледжання, а пасля на падставе іх абмеркавання будуць прынятыя агульныя канструктыўныя рашэнні.

Дарагія сябры, як вы ведаеце, у ліпені гэтага года ў Мінску Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” быў праведзены  Шосты з’езд беларусаў свету. Прыемна адзначыць, што некаторыя з тых, хто прысутнічаў на гэтым з’ездзе і браў у ім удзел, сёння знаходзяцца і тут.

На Шостым з’ездзе беларусаў свету выказваліся самыя розныя, часта нават супрацьлеглыя меркаванні беларусаў на праблемы, якія хвалююць іх. Асабліва востра стаяла пытанне вызначэння беларуса – хто ён такі, як вызначыць яго ідэнтычнасць. На гэты конт было шмат поглядаў, аднак госці і дэлегаты з’езду былі салідарныя ў тым, што беларус – гэта той, хто ўсведамляе сябе такім, і той, хто шануе беларускую мову, культуру, гісторыю.

Цяжка, аднак, уявіць сабе, што нехта, усведамляючы сябе беларусам, можа не шанаваць сваёй духоўнай, культурнай спадчыны, з непавагай ставіцца да гістарычных сімвалаў, дадзеныя нам продкамі, ці пагардліва ставіцца да беларускай мовы, якая ёсць галоўным фактарам захавання беларускай нацыі і дзяржавы, асновай нашай самабытнасці. Такое ўяўляецца немагчымым.

І таму мы разам, супольна павінны рабіць усё магчымае дзеля захавання і пашырэння беларускай ідэнтычнасці. Гэта нашая агульная задача па захаванні нацыі, задача ўсіх беларусаў незалежна ад таго, дзе яны жывуць – на гістарычнай Радзіме ці ў замежжы.

Для беларусаў, раскіданых воляй лёсу па розных краінах, гэта няпроста. Аднак тым большы гонар і павагу выклікае здольнасць беларусаў Украіны да кансалідавання і салідарызацыі на карысць пашырэння беларускай прысутнасці ў свеце.

Шаноўныя ўдзельнікі з’езду! Дазвольце яшчэ раз шчыра павітаць вас і пажадаць вам добрага настрою, плёну і канструктыўнасці ў працы, якія паспрыяе дасягненню нашых агульных мэтаў!

Алена Макоўская, Кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Ніна Шыдлоўская, Старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение