29 кастрычніка споўнілася 90 гадоў Вользе Грыцук, слыннай дзяячцы беларускай эміграцыі ў Канадзе, чый жыццёвы шлях выклікае гонар і пашану.
Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" шчыра віншуе шаноўную юбілярку з гэтым святам і зычыць выдатнага настрою, моцнага здароўя, радасці і цяпла!
Вольга Грыцук выдавала беларускую газету ў пасляваенны час у Аўстрыі разам з паэтам Алесем Салаўём і Уладзімерам Дудзіцкім, Міколам Ганько і сваім будучым мужам Алесем Грыцуком. Доўгія гады была актывісткай Згуртавання беларусаў Канады, шчырай верніцай Беларускай царквы.
У 2007 годзе ў выдавецтве «Бацькаўшчына» выйшла яе кніга «Мы стваралі сваю Беларусь».
Вольгу Грыцук віншуе вершам пісьменніца Вольга Іпатава, якая падтрымлівае з юбіляркай шчырыя творчыя і чалавечыя адносіны шмат гадоў.
Сяклі навальніцы, і град, і свінец
Шлях ейны, даўгі і няпросты...
Ды верыць чамусьці не хочацца мне,
Што Вользе Грыцук – дзевяноста.
Яе каралеўскай паставы струна,
Яе далікатнасці цнота –
Як непадступнага замка сцяна,
Як гімна заключная нота.
Ёй вершы паэты складалі, але
Другія паклікалі высі.
Ляжыць у зямлі канадыйскай Алесь –
А словы яго засталіся.
Усё, што было, не растала, як дым –
Каханне, радзіма святая...
...Канада, у яркім уборы тваім
Як стужка яна залатая.
Вольга Іпатава
29 кастрычніка 2013