Віншуем Лявона Тарасевіча з узнагародай!

Шаноўны спадар Лявон Тарасевіч!

Віншуем Вас з уганараваннем Прэміяй імя Цыпрыяна Норвіда ў намінацыі «Выяўленчае мастацтва»!

Шчыра радыя, што да ранейшых шматлікіх узнагародаў Вашай адметнай творчасці, якая, па меркаванні адмыслоўцаў, шмат у чым не мае сусветных аналагаў, далася яшчэ адна.

За творчыя дасягненні Вас па праву лічаць адным з найбольш адметных сучасных мастакоў не толькі ў Польшчы, але і ў свеце. І разам з тым Вы не пакідаеце повязі з нашай агульнай Радзімай – Беларуссю. Дагэтуль працягвае жыць і натхняць творцаў Беларусі заснаваны з Вашым удзелам  штогадовы беларускі фэст «Басовішча».

Ад усёй душы віншуем Вас узнагародай і зычым далейшых поспехаў у творчасці, нязгаснага натхнення і радасці!

З павагай,

Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская

ад імя Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”