Віншуем Вячку Целеша з юбілеем!

Сёння, 25 верасня, юбілей у мастака, педагога, краязнаўцы, аўтара папулярных кніг (сярод іх, да прыкладу, "Гарады Беларусі  на старых паштоўках"), сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, старшыні Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар!”, кавалера ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі Вячкі Целеша.

Яму прысвячалі вершы Рыгор Барадулін, Станіслаў Валодзька, ацэньвалі творчую працу Улазімір Арлоў, Зянон Пазьняк, Эрнэст Ялугін, Адам Мальдзіс...

На 75-годдзе Вячкі Целеша Сяргей Панізнік напісаў наступнае прысвячэнне юбіляру.

ПАД КРОНАЙ РАДАСЛОЎНАГА ДРЭВА

                     Вячку Целешу на 75-годдзе

Знікалі крыжакі з кіпучых вежаў… І толькі з Вячкам зноў паўстаў пасад! Натхняльніку крывіцкі рум належыў; у Тэрветэ, у Сігулдзе цвіў сад.

О, з Вячаславам лёгка веча славіць і з продкамі на гутаркі хадзіць. Да скарбаў радаслоўя ён уставіць кругляк – і Неба скрозь  Беларусь глядзіць.

Асветленыя Славікам абліччы будзіцеляў і ваяроў зямлі. З табою, draugs, мы новы дзень прыклічам, каб латышы з балткрэвамі жылі

на Даўгаве-Дзвіне не як сатыры, а як пялёстачкі твайго штрыха.

І хай ад Вячкі Целеша  -- у вырай не вымкне краснасельская страха.

Ты з-пад яе  айчыннікам адкрыўся, Францішка, Янку з Янісам сустрэў, Ларысе, Зосьцы верас абагрэў; Максіма лік тваёй рукой спавіўся.

Жыццё ідзе ў падбег, а “Маю гонар!” ты прамаўляеш, патрыёт, здаўна. Трымціць душа! А для гадоў разгону

      ў цябе ёсць   радаслоўная струна!

         Менск,  3.09.2013

Ад усёй душы віншуем шаноўнага Вячку Целеша з адметнаю датай! Шчыра зычым здароўя, натхнення, плёну ў працы і, безумоўна, шчасця!

Да гэтага свята спадар Сяргей Панізнік даслаў таксама свае цудоўныя партрэты спадара Вячкі, якія змяшчаем ніжэй.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”