"Голас Радзімы" пра Шосты з'езд беларусаў свету: Роднае слова адкрывае цэлы сусвет

Вестак з Бацькаўшчыны ніколі не бывае зашмат. Пра тое згадалася, калі вельмі хутка ў адзін з перапынкаў землякі разабралі прынесеныя намі падборкі газет “Голас Радзімы”, “The Minsk Times”, часопіс “Беларусь. Belarus”. Гэтыя выданні, як вядома, арыентаваныя найперш на замежных чытачоў, нашых суайчыннікаў. Ды адна справа — чытаць іх у інтэрнэт-версіях, і другая — трымаць “жыўцом” у руках. Высокаякасныя газеты і часопісы, казалі мне, чытаюцца-перачытваюцца ў суполках землякоў, а потым упрыгожваюць нават беларускія стэнды на розных імпрэзах, выставах.  Прызнацца, і мне было прыемна пазнаваць герояў публікацый, нашых аўтараў з замежжа ў зале Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау. Гэта, напрыклад, Ніна Кабанава, Анастасія Трубянкова (Дзяменцьева: год назад выйшла замуж), Людміла Бяляўская, Вольга Галанава, Іван Панасюк, Алег Рудакоў, Сяргей Яфімчык з Сібіры, Мікалай Крысковіч з Алтайскага краю, госці з Кішынёва Ганна Мазур, Вячаслаў Ігнаценка, Юрый Статкевіч, масквічы Валерый Казакоў і Сяргей Кандыбовіч, а таксама Мікалай Нікалаеў з Санкт-Пецярбурга, Базыль Сегень з Польшчы, Аляксандр Драгун з Кіева, Ніна Савінава з Таліна, Алег Давідзюк з літоўскага Вісагінаса… Увогуле на з’ездзе выступалі дэлегаты і са ЗША, Чэхіі, Швейцарыі, Казахстана — амаль з дваццаці краін далёкага і блізкага замежжа. А.Крупенька (злева) прыехаў з Комі, а М.Крысковіч – з АлтаяЗ’езд у чарговы раз збірала Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, а каб скіраваць размовы ў пэўнае рэчышча, была абрана галоўная тэма: “Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці”. Як вядома, “Бацькаўшчына” ладзіць з’езды раз на чатыры гады пачынаючы з 1993-га. За гэты час шмат змен адбылося як у Беларусі, так і ў свеце. На Першым з’ездзе было больш за тысячу дэлегатаў з беларускіх асяродкаў замежжа і Беларусі. Пра яго згадвалі і на гэты раз. Прэзентаваліся кнігі па гісторыі беларускага руху. Аналізаваліся працэсы, што ідуць у дыяспары, асаблівасці розначасавых яе плыняў: быў нават пра тое спецыяльны даклад Наталлі Гардзіенкі на пленарным пасяджэнні. У зале былі Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, эканомікі, культуры. З прамовай да землякоў звярнуўся Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, іх віталі і святары розных канфесій.  Як і варта было чакаць, шмат выступленняў дэлегатаў і гасцей прысвячалася моўным пытанням. У шэрагу рэзалюцый, прынятых на з’едзе, ёсць і такая: “Беларуская мова — галоўны фактар захавання беларускай нацыі”. На жаль, лічбы няўмольна сведчаць: кола людзей, што карыстаюцца беларускай мовай у паўсядзённасці, штогод звужваецца. У рэзалюцыі ёсць заклік да беларускіх уладаў “зрабіць неабходныя захады па падтрымцы наяўных, а таксама стварэнні новых беларускіх школ у замежжы, а таксама па павелічэнні колькасці беларускамоўных праграм для спадарожнікавага вяшчання, бо беларусы, што нарадзіліся ў замежжы, не маюць магчымасці чуць беларускую мову, якая з’яўляецца асновай існавання беларускай нацыі”.  Безумоўна, без такога духоўнага стрыжню, як беларуская мова, у глабалізаваным свеце беларусам з часам і сапраўды пагражае “растварэнне” сярод іншых этнасаў. Ды наіўна меркаваць, быццам сама па сабе мова продкаў — панацэя ад усіх хвароб сучаснага грамадства. Але калі мова ёсць душа народа, то і звяртацца, разважалі некаторыя выступоўцы, трэба найперш да свядомасці чалавека. “Я не ставіў бы мову галоўным фактарам пры вызначэнні беларусаў і не беларусаў, — акрэсліў пазіцыю госць з Яраслаўля, ураджэнец Мазыра Дзмітрый Паповіч. — Мы наробім шмат шкоды, калі толькі па мове будзем дзяліцца на “сваіх” і “чужых”. Паэтэса Вера Буланда згадала, як сама ішла да мовы: “Хоць нарадзілася я ў Маскве, жыла ў Ліпецкай вобласці, але заўсёды ведала: мой тата — беларус. Ён часта ўжываў мілагучнае слова, якое мне вельмі падабаецца: абавязкова. Менавіта гэтае слова я згадвала, як памяць пра яго, калі таты не стала. Я тады была васьмікласніцай. І прысягнула сабе, што абавязкова вывучу родную мову дарагога мне чалавека. Так і сталася. І я вельмі рада сёння, што адкрыла для сябе цэлы беларускі сусвет, выбрала такі шлях у жыцці. А якія ў нас цудоўныя словы! Маладзік… Сырадой… Імі захапляюцца мае сябры-расіяне, бо такіх словаў няма ў іх мове. І я заклікаю ўсіх: душой адкрыйцеся насустрач беларускай мове — і вы абавязкова яе палюбіце!”. На двары — глабалізацыя. З усімі яе плюсамі і мінусамі. Цяпер культуры розных народаў, як і іх носьбіты, вельмі цесна кантактуюць і ў рэальнасці, і ў віртуальнай прасторы. Далёка не заўсёды бесканфліктна: прыкладаў таму шмат і ў Еўропе, і ў Азіі. Ствараецца новая мадэль свету, абнаўляюцца светапогляды грамадзян розных краін, з’яўляюцца новыя магчымасці для развіцця этнасаў. І калі міграцыйныя працэсы ўсё больш актывізуюцца, то ўзрастае і значэнне нацыянальных дыяспар. Цяпер беларусы замежжа сутыкаюцца і з праблемамі размывання нацыянальнай ідэнтычнасці, касмапалітызму часткі новых эмігрантаў, змяншэння цікавасці да нацыянальнай дзейнасці сярод моладзі. На з’ездзе прыняты шэраг рашэнняў, што, мяркуюць яго ўдзельнікі, паспрыяюць яднанню нацыі, умацаванню сувязяў паміж беларусамі розных краін, дапамогуць адказваць на выклікі часу. Іван Ждановіч