Дваццаць гадоў таму, у 1993 годзе, адбыўся Першы з’езд беларусаў свету, на які ўпершыню пасля доўгіх дзесяцігоддзяў расстання з радзімай прыехалі беларусы з далёкага замежжа. Той з’езд сабраў больш за 1200 дэлегатаў і гасцей. У гэты юбілейны год у Мінску адбыўся Шосты з’езд беларусаў свету, які завяршыў сваю працу ўчора, 24 ліпеня. Гэты з’езд, як і папярэднія, быў, арганізаваны Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Усяго было вылучана 330 дэлегатаў з 22-х краін замежжа і Беларусі.
Па стане на 10 гадзін раніцы 23 ліпеня 2013 года на з’ездзе прысутнічала 239 дэлегатаў і 95 гасцей з 18 краін замежжа і самой Беларусі. На з’езд завіталі таксама прадстаўнікі дыппрадстаўніцтваў Украіны, ЗША, Польшчы і Нідэландаў, 14 прадстаўнікоў дзяржаўных установаў: Міністр культуры Барыс Святлоў, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў, а таксама прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, апарата упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Міністэрства эканомікі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Адкрыццё з’езду ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау адбылося 23 ліпеня. Тэмай з’езда стала «Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці».
Пасля вітання ўдзельнікам з’езда ад імя Згуртавання, з якім выступіла кіраўнік “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, удзельнікаў з’езду прывітаў міністр культуры Барыс Святлоў. З вітальным словам ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта выступіў пратаіерэй Сергій Гардун, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдат багаслоўя, вітанне ад апостальскага візітатара для грэка-каталікоў Беларусі зачытаў айцец Яўген Усошын.
Вядучыя першага дня з’езда – Радзім Гарэцкі, Валеры Герасімаў, Алег Рудакоў зачыталі вітанні ад прадстаўнікоў суполак і дзеячаў беларускага замежжа, якія напярэдадні з’езду ішлі на адрас Згуртавання.
З асноўнымі дакладамі выступілі Алена Макоўская, а таксама даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка, старшыня гуртка Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Вашынгтоне Алеся Кіпель і сябра абласной Рады Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў. Яны акрэслілі асноўныя акутальныя праблемы беларускай дыяспары і шляхі іх вырашэння. У прыватнасці, былі адзначаныя неабходнасць прыняцця Закона аб беларусах замежжа, наладжвання супрацы ўладаў Беларусі з беларусамі замежжа на дэмакратычных умовах, спрыяння папулярызацыі беларускай мовы сярод беларусаў, пошуку спосабаў супраціву асіміляцыі беларусаў, якія выехалі ў замежжа (асабліва ў дачыненні “новай” эміграцыі), арганізацыі ўзаемадзеяння эміграцыі розных пакаленняў, беларускага школьніцтва і інш. Асноўныя даклады ў хуткасці з’явяцца на сайце.
У з’ездзе бралі ўдзел беларусы розных краін, розных пакаленняў і розных поглядаў. Прадстаўнікі чынавенства, бізнесу, дзеячы навукі і культуры выступалі з дакладамі і ўдзельнічалі ў дыскусіях. З’езд даў ім усім магчымасць сустрэцца і агучыць сваё меркаванне па розных, хвалюючых іх тэмах. Цягам двух дзён удзельнікі з’езду абмяркоўвалі свае праблемы, дзяліліся поспехамі, выказвалі сваё бачанне адносна далейшага развіцця супрацы з беларускім замежжам.
Вельмі востра чарговы раз гучала праблема мовы, праблема нацыянальнай ідэнтычнасці. Не гледзячы на тое, што дэлегаты выказвалі розныя погляды на двухмоўе і на тое, ці можна лічыць беларусам таго, хто не размаўляе па-беларуску, панавала адзінадушша, што беларуская мова – аснова нацыі. Па-рознаму ацэньвалі і стаўленне беларускіх дыппрадстаўніцтваў да беларускіх суполак у эміграцыі.
Больш грунтоўнае абмеркаванне праблемаў адбывалася на секцыях “Магчымасці ўнутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці”, “Новая” і “старая” эміграцыі: супраца на карысць нацыянальнага развіцця” і “Культурная спадчына беларускага замежжа”. Выступленне мадэратараў секцый і падагульненне іх працы адбылося на другі дзень з’езда.
Падчас з’езду была арганізаваная і культурная праграма. У гонар 20-годдзя Перашага з’езда беларусаў свету дзякуючы сябрам Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” і асабіста яго старшыні – Вячкі Целеша, МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” арганізавала выставу карцін, якія былі ўпершыню прадстаўленыя ў Беларусі, а таксама выставу фатаздымкаў Першага з’езду беларусаў свету (1993 г.). У фае была размешчаная выстава, падрыхтаваня Наталляй Градзіенка (Беларусь) і Лявонам Юрэвічам (ЗША) “У літарах і вобразах: спадчына беларускай эміграцыі на захадзе”, у якую ўвайшлі прадметы матэрыяльнай культуры, рупліва сабраныя беларускімі цэнтрамі Англіі і ЗША. Выстава экспанавалася ў Беларусі ўпершыню.
Напрыканцы першага дня з’езду ўсіх удзельнікаў чакаў цудоўны канцэрт, у першай частцы якога выступалі беларускія калектывы і салісты з замежжа: іркуцкі гурт аўтэнтычнага спеву “Крывічы”, спявачкі Алена Капылова з Новасібірска і Анастасія Трубянкова з Томска, дуэт чэшскіх беларусаў Сяргея Доўгушава і Аляксандра Ясінскага. Таксама прагучалі вершы Іны Снарскай, беларускай паэткі, што жыве ва Украіне. У другой частцы музычнага вечару выступіў малады беларускі калектыў “Сваё неба” і вядомыя гурты “Pawa” і “Палац”.
24 ліпеня выступы дэлегатаў і гасцей з’езду працягваліся. Прадстаўнікі беларускіх суполак дзяліліся праблемамі і поспехамі, выказвалі свае думкі і ідэі. Таксама ў межах з’езда прайшла прэзентацацыя культурных праектаў, у тым ліку кніг, выдадзеных прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Спецыяльна да 20-годдзя з правядзення з’езда была выдадзеная кніга Ганны Сурмач “Беларусь без межаў”. “Беларусь без межаў” – гэта тая беларуская супольнасць, якую мы будуем разам, пашыраючы беларускую прысутнасць на цэлы свет, без увагі на дзяржаўныя межы”, - зазначыла ў прывітальным лісце аўтар кнігі.
Таксама адбыліся прэзентацыі электроннай бібліятэкі “Камунікат”, кнігі Юрася Бушлякова “Жывая мова”, музычнага дыска “Пецярбургскі сшытак”, што з'яўляецца часткай вялiкага праекту пад назвай “Беларускi Пецярбург”. ініцыяванага сябрам Вялікай Рады Згуртавання, гісторыкам Міколам Нікалаевым. Андрэй Залатак прадставіў ужо даступную для спампоўвання ў APP STORE першую беларускую азбуку для платформы IOS, створаную камандай грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і выдавецтва Kinderfox. Агулам было прэзентавана 10 праектаў і кніг, над якімі працавалі беларусы замежжа і якія з пэўнасцю зацікавяць беларусаў як на Радзіме, так і за яе межамі.
Галоўным вынікам працы з’езду стала прыняцце дакументаў, якія тычацца беларусаў незалежна ад месца пражывання. Перш за ўсё, гэта зварот да Нацыянальнага сходу, Ураду і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб стварэнні заканадаўчай і нарматыўна-прававой асновы для ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа, а таксама праграма “Беларусы замежжа” (2013—2017), якая ставіць мэту захаваць беларускую прысутнасць у свеце ў розных яе праявах, кансалідаваць беларускую нацыю і ўмацаваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі.
Былі прынятыя наступныя рэзалюцыі: “Беларуская мова – галоўны фактар захавання беларускай нацыі”, “Аб захаванні гістарычна-культурнай спадчыны”, “Аб транслітэрацыі найменняў беларускіх геаграфічных аб’ектаў”, а таксама выніковая рэзалюцыя з’езду. З імі можна будзе азнаёміцца на нашым сайце неўзабаве.
Усе дэлегаты з’езду пагадзіліся з рэзалюцыяй “Беларуская мова — галоўны фактар захавання беларускай нацыі”. “Мы звяртаемся да ўсіх беларусаў у метраполіі і замежжы з заклікам актыўна, штодзённа выкарыстоўваць беларускую мову ва ўсіх сферах жыцця і дзейнасці”, — гаворыцца ў дакуменце.
У рэзалюцыі “Аб захаванні гістарычна-культурнай спадчыны” зазначаецца: “Каштоўныя аб’екты гістарычна-культурнай спадчыны існуюць і ў замежжы і нароўні з помнікамі ў метраполіі патрабуюць увагі і абароны з боку беларускай дзяржавы”.
Акрамя таго, была прынятая заява “Аб акце добрай волі”. “Мы заклікаем улады Беларусі зрабіць акт добрай волі і вызваліць з месцаў зняволення людзей, якія знаходзяцца там у знак пакарання за свае палітычныя перакананні”, - гаворыцца ў ёй.
Пасля прыняцця выніковых дакументаў былі праведзеныя выбары кіруючых органаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Кіраўніком Згуртавання была пераабраная Алена Макоўская, старшынёй Рады - Ніна Шыдлоўская. Яны падзякавалі дэлегатам за аказаны ім давер і падкрэслілі, што займаць кіроўную пасаду ў грамадскай арганізацыі - гэта вялікі гонар, але ў той жа час вялікая праца і адказнасць. Намеснікамі старшыні сталі Валеры Герасімаў і Барыс Стук. Таксама быў абраны новы склад Вялікай Рады, якая традыцыйна складаецца з беларускіх сяброў аб’ядняння і замежных. Гэтым разам у склад Рады ўвашлі 50 чалавек ад Беларусі і адпаведна такая ж колькасць ад замежжа. Рашэннем з’езда 13 сябраў Вялікай Рады атрымалі статус ганаровага сябра. Інстытут ганаровага сяброўства замацаваны ў статуце “Бацькаўшчыны” спецыяльна для адзначэння тых асобаў, якія на працягу многіх гадоў працуюць на карысць Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Напрыканцы працы з’езда прайшло першае паседжанне новаабранай Вялікай Рады, дзе адбылося ўручэнне ганаровым сябрам памятных медаляў да 20-годдзя Першага з’езду беларусаў свету.