Віншуем Беларускі музей у Гайнаўцы з юбілеем!

Шаноўныя сябры!

Сёлетні год - юбілейны для Беларускага музея ў Гайнаўцы: 30 гадоў таму быў створаны Грамадскі камітэт пабудовы музея, які ачоліў Кастусь Майсеня.  Менавіта дзякуючы намаганням камітэта і яго першага старшыні ў Гайнаўцы пастаў беларускі музей як сімвал любові беларусаў да сваёй радзімы, да роднай  культуры. Музей за гады сваёй дзейнасці стаўся не толькі экспазіцыяй беларускай культуры, але яшчэ і культурніцкім цэнтрам, дзе ладзяцца цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы. Шмат у чым дзякуючы дзейнасці музея сцвярджаецца спрадвечная прысутнасць беларусаў на землях Беласточчыны.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” шчыра віншуе вас, дарагія сябры, з 30-гадовым юбілеем Грамадскага камітэта! Зычым росквіту музею, а вам  ды спрыяльнікам вашай справы здароўя, аптымізму, натхнення і веры ў сваю справу! 

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”