8 прычынаў наведаць “ZBOR in Progress”

Да 30 лістапада яшчэ можна паспець трапіць у галерэю “Ў” на выставу “ZBOR In Progress” – адну з найважнейшых падзей сучаснага беларускага мастацтва апошняга дзесяцігоддзя.

Са словаў аднога з яе сукуратараў Андрэя Дурэйкі, гэтая выстава мела на мэце не толькі даследаванне і рэпрэзентацыю ў новым ключы прызнаных у свеце дасягненняў сучаснага беларускага мастацтва за апошнія трыццаць гадоў, але яшчэ і спробу даць перспектыву для развіцця зусім маладым творцам.

Таксама “ZBOR in Progress” нямала ўвагі надае адной з адкрытых праблемаў актуальнай культуры: спосабам захаваня і архівацыі сучаснага мастацтва. Спробай намацаць шлях вырашэння можна лічыць адасобленую бесперапынную відэаэкспазіцыю – гіганцкі экран, на якім транслююцца відэазапісы перформансаў і фрагменты некаторых буйных інсталяцый у маштабе 1:1.

Андрэй Дурэйка пастараўся адказаць “Бацькаўшчыне” на пытанне пра “самыя-самыя” працы ў экспазіцыі.


Самая “палітычная” праца

ZBOR-01.jpg


Праект Ігара Цішына “Лёгкі партызанскі рух” паўстаў у 1997 годзе. На выставе ўсяго толькі фрагмент татальнай інсталяцыі, якая ў свой час істотна скарэктавала развіццё актуальнага беларускага мастацтва, на дзесяцігоддзі вызначыўшы стратэгію “партызанскай плыні” ў беларускай культуры. Водгуллем гэтай стратэгіі можна назваць, да прыкладу, часопіс “pARTisan” Артура Клінава. Гэтая праца не страціла актуальнасці дасёння і дапамагае зразумець, якім чынам сэксуальныя комплексы ўплываюць на палітычны дыскурс.

Самая душэўная праца

ZBOR-02.jpg


Лявон Тарасэвіч згадзіўся ўзяць удзел у выставе нягледзячы на тое, што фрэска, дваццаць гадоў таму зробленая ім у Віцебску, была зруйнаваная. Вельмі важна, што мы зноў маем працу Лявона Тарасэвіча ў Беларусі. Зараз вядуцца перамовы таксама і пра рэканструкцыю той Віцебскай фрэскі.


Самая ўрбаністычная праца

ZBOR-04.jpg


Сяргей Кірушчанка ці не самы дынамічны беларускі мастак. Ён кожныя некалькі гадоў мяняе свой творчы накірунак. На выставе прадстаўленая ягоная праца з вялікага цыклу, прысвечанага грунтоўнаму пераасэнсаванню сродкамі лэнд-арту, архітэктонікі і архітэктуры беларускага гарадскога ландшафту – канструктывісцкага і, калі заўгодна, постсавецкага. Гэта жорсткі падыход да адказу з дапамогай мастацкіх сродкаў на пытанне пра сапраўдны змест нашай паўсядзённай рэчаіснасці.


Самая навуковая праца

ZBOR-05.jpg


Эвеліна Домніч і Дзмітрый Гельфанд – прагрэсіўныя і перспектыўныя мастакі, якія годна прадстаўляюць Беларусь у Еўропе, дэманструючы падчас стварэння перфомансаў і інсталяцый грунтоўны навуковы падыход і звяртаючыся да складаных тэхнічных сродкаў. Іх творчасць – сумежжа мастацтва і навукі. Працу “Гукалевітацыя” з “танцам” фальгі на адмыслова згенераваных “стаячых” гукавых хвалях, на жаль, няма магчымасці паказаць у арыгінале, але можна паглядзець у запісу. Яна ўражвае.


Самая радыкальная праца

ZBOR-06.jpg


Ганна Сакалова звяла сваё мастацкае выказванне да простай маніфестацыі, а выяўленчыя сродкі – да адзінага элементу: белай рыскі ў прасторы. Гэта вельмі атракцыйны, вельмі прэзентатыўны падыход. Праца “Арнамент” – на мяжы чыстай пластыкі, прастораўтваральнай, без сантыментаў, пазбаўленая сацыяльнага аспекту. Пластыка вельмі важная для асяроддзя, для сацыяльнай прасторы, як і архітэктура, бо менавіта прастора, па вялікім рахунку, нас фармуе. Фізічна паказаць яе працу ў Беларусі немагчыма, бо інсталяцыя займае дваццаць метраў у даўжыню. На выставе прадстаўленыя фрагменты.


Самая “літаратурная” праца

Канцэптуальны тэкставы падыход Аляксея Лунёва. Праца “Нічога няма” стала абсалютным мемам і нават іконай сучаснага беларускага мастацтва апошніх дзесяцігоддзяў, самым публікаваным беларускі мастацкім творам за мяжой. Гэтыя два белых словы на графітавым тле здолелі патрапіць у шмат якія дыскурсы. Да прыкладу, іх можна ўспрымаць як сацыяльную крытыку. Або, з дапамогай гештальт-філасофіі, разгледзець твор як малы фрагмент вялікай працы і, прасачыўшы яе гісторыю скрозь прызму першага ўдзелу беларускіх мастакоў на біенале ў Венецыі, дзе Аляксей Лунёў дэманстраваў працу “Чорны гандаль”, надаць ёй рэлігійны сэнс, сянгуўшы да гісторыі перанясення ў Венецыю цела святога Марка з Турцыі. Або разглядаць гэтае “Нічога няма” ў традыцыйным ключы, як адсылку да тутэйшай супрэматычнай традыцыі.


Самая гламурная праца

Сімвал, у які Уладзімір Цэслер ператварыў невялічкую брош, самім фактам свайго існавання адказвае адразу на шэраг пытанняў, але, разам з тым, таксама адпавядае і беларускаму барока, і беларускай іроніі, і беларускай постканцэптуальнай самаіроніі, і экспансіі гламура.

(Праз артыкул 9 Закона Беларусі аб СМІ, мы не можам прадэманстраваць вам яе на сайце – Рэд.).


Самая музычная праца

ZBOR-08.jpg


Гадзінная монаопера “Beguiling Orpheus”, створаная ў 2006 годзе адным з найвыбітнейшых відэамастакоў Беларусі Максімам Тымінькам (сукуратарам “ZBOR in Progress”) разам з музыкам Глебам Шутавым, была на той час найбуйнейшай формай беларускага мастацтва ў медыяфармаце: спявачка на фоне заварожвальнай баракальнай інтэрактыўнай праекцыі. Максім Тымінька часта распрацоўвае вобразы нават не карыстаючыся відэакамерай, актыўна звяртаючыся да тэхнікі калажу, мантажу, найноўшых тэхналогій візуалізацыі і праграмавання. За ягонымі жывымі карцінамі хаваюцца дакладыя разлікі перспектывы і матэматычныя структуры. Лепей адзін раз убачыць.


Калі вы ўсё ж не знойдзеце часу, каб завітаць на выставу, то з работамі, якія трапілі на “ZBOR in Progress” ці разглядаліся ў якасці прэтэндэнтаў на экспазіцыю, можна пазнаёміцца на сайце kalektar.org. Сайт аб’ядноўвае некалькі парталаў, на якіх прадстаўленыя больш за восем дзясяткаў мастакоў з тлумачальнымі тэкстамі куратараў і мастацтвазнаўцаў.

Гутарыў Сяргей Кандраценка, прэс-сакратар ЗБС “Бацькаўшчына”