Памёр Валянцін Грыцкевіч

Памёр сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Валянцін Грыцкевіч.

Гэта здарылася 5 сакавіка. У канцы сакавіка Валянціну Грыцкевічу мусіла споўніцца 80 гадоў…

Памёр сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Валянцін Грыцкевіч.

Гэта здарылася 5 сакавіка. У канцы сакавіка Валянціну Грыцкевічу мусіла споўніцца 80 гадоў…

Валянцін Грыцкевіч быў адным з арганізатараў і нязменным старшынём Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу і, бясспрэчна, паспрыяў таму, каб у горадзе на Няве быў актыўны беларускі асяродак. Прычым асяродак гэты не быў ізаляваным, а стала падтрымліваў кантакты з беларускімі суполкамі ва ўсім свеце. У 2009 годзе на святкаванне 20-гадовага юбілею Таварыства сабралася больш за 200 чалавек.

Варта адзначыць, што сам Валянцін Пятровіч, а таксама сябры БГКТ бралі актыўны ўдзел у стварэнні Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", і прадстаўнікі Таварыства ўдзельнічалі ва ўсіх З'ездах беларусаў свету і З'ездах беларускіх культурных таварыстваў Балтыі.

Сумесна з Таварыствамі беларускай культуры ў Маскве і ў Іркуцку БГКТ было ініцыятарам стварэння Міжрэгіянальнага аб'яднання беларусаў Расіі (1999).

Акрамя гэтага, Валянцін Грыцкевіч быў сябрам Вялікай Рады Згуртавання “Бацькаўшчына”, сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Таварыства беларускай мовы, Міжнароднага ПЭН-цэнтру, ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябрам Расійскага геаграфічнага таварыства, Пецярбурскага таварыства гісторыкаў медыцыны, замежным сябрам Беларускага таварыства гісторыкаў медыцыны.

Валянцін Грыцкевіч нарадзіўся 30 сакавіка 1933 года ў Мінску, бацька быў настаўнікам, а маці - медыкам. Ён атрымаў выдатную адукацыю: скончыў Інстытут замежных моваў на аддзяленні ангельскай мовы (1955), Медыцынскі інстытут на лячэбным аддзяленні  (1956), а таксама гістарычны факультэт БДУ (1957). Гісторыя і медыцына зрабіліся адным цэлым у яго далейшых даследаваннях. Так, ён напісаў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную гісторыі беларускай медыцыны, якую абараніў у 1963 годзе. Яго аўтарству належаць некалькі сотняў навуковых публікацый па гісторыі медыцыны і музейнай справы. Аб’ектам яго даследаванняў былі таксама біяграфіі беларускай інтэлігенцыі ў замежжы.

Адпрацаваўшы лекарам ва Узлянах на Міншчыне, у Мінску і ў Ленінградзе, Валянцін Грыцкевіч у 1971 годзе атрымаў пасаду старшага навуковага супрацоўніка Ваенна-медыцынскага музея Мінабароны СССР. Паралельна з працай там ён выкладаў гісторыю ў Ленінградскім універсітэце культуры (з 1980 года), а ў 1988 годзе стаў дацэнтам кафедры музеязнаўства гэтага ж інстытута.

Ён аўтар кніг «З факелам Гіпакрата», «Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая», «Падарожжы нашых землякоў», «Дзесяць шляхоў з Вільні», «Нашы славутыя землякі», «Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна», «Эдуард Пякарскі», «Успаміны і дзённікі ў фондах ваенна-медыцынскага музея: Анатаваны каталог», «Ваенныя медыкі — кавалеры ордэна Славы трох ступеняў»; «Шляхі вялі праз Беларусь».

Прыносім шчырыя спачуванні ўсім родным і блізкім Валянціна Грыцкевіча, яго сябрам і калегам. Ад нас сышоў сапраўды выбітны і варты пашаны чалавек. Хай жыве памяць пра яго, хай жыве яго справа. Рай светлы яго душы!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”