“Бацькаўшчына” склікае беларусаў на Шосты з’езд беларусаў свету

 

Шосты з’езд беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” адбудзецца ў ліпені.

З’езды беларусаў свету - значная падзея для беларусаў метраполіі і замежжа, яны закліканыя спрыяць яднанню нацыі, умацаванню сувязяў паміж беларусамі  з розных краінаў, а таксама дапамагаць у вырашэнні агульных праблемаў.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ладзіць з’езды беларусаў свету раз на чатыры гады пачынаючы з 1993 года. Тады, на Першым з’ездзе, сабралася больш за тысячу чалавек - дэлегатаў з беларускіх асяродкаў замежжа і Беларусі. У першы раз Беларусь з набыццём незалежнасці  так знакава на дзяржаўным і грамадскім узроўнях вітала сваю дыяспару. Сёлета - 20 гадоў той значнай падзеі, і гэта выдатная падстава, каб ацаніць здабыткі і страты апошніх гадоў, прааналізаваць гісторыю і сучаснасць беларускага замежжа, асэнсаваць гэты  феномен. Мяркуецца, што сёлетняя сустрэча збярэ больш за 300 дэлегатаў з 20-ці краін свету.

Паводле рашэння Малой Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, Шосты з’езд беларусаў свету мае адбыцца 23-24 ліпеня ў Мінску на тэму “Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці”.

Абраная тэма з’езду абумоўлена аб’ектыўнымі працэсамі, якія адбываюцца ў сучасным свеце, калі назіраецца ўзмацненне працэсаў глабалізацыі, калі ўзаемазалежнасць і ўзаемныя ўплывы розных культур нараджаюць новы выгляд свету, новы светапогляд ягоных жыхароў і новыя магчымасці. У гэты час, калі міграцыйныя працэсы робяцца ўсё больш актыўнымі, значна павялічваецца значэнне нацыянальных дыяспараў.

У той жа час, у новых умовах беларускія дыяспары сутыкаюцца і з праблемамі размывання нацыянальнай ідэнтычнасці, касмапалітызму значнай часткі новых эмігрантаў, змяншэння цікавасці да нацыянальнай дзейнасці сярод моладзі, а таксама з пытаннем адэкватнага вызначэння далёкасяжных мэтаў існавання беларускіх арганізацыяў.

Гэтыя і іншыя праблемы, таксама як і новыя формы актыўнасці асяродкаў, іх сувязяў з метраполіяй вартыя адмысловага асэнсавання і абмеркавання на грамадскім і дзяржаўных узроўнях.

У межах з’езду прадугледжана праца трох секцый:

1. Магчымасці ўнутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці.

2. “Новая” і “старая” іміграцыі: супраца на карысць нацыянальнага развіцця.

3. Культурная спадчына беларускага замежжа.

На згаданым пасяджэнні Малой Рады 21 лютага абраны Арганізацыйны камітэт па правядзенні з’езда і працоўная група па яго падрыхтоўцы.

Сустаршынямі арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы з’езду абраныя:

  • Радзім Гарэцкі (Беларусь),
  • Алена Макоўская (Беларусь),
  • Хведар Нюнька (Літва),
  • Алег Рудакоў (Расія),
  • Ніна Шыдлоўская (Беларусь).

Створана Рабочая група па падрыхтоўцы з’езду, якую ачоліла Ніна Шыдлоўская.

Рада вызначыла таксама нормы  прадстаўніцтва на з’езд ад суполак беларусаў замежжа  і Беларусі.

Інфармацыя пра далейшую падрыхтоўку да Шостага з’езду беларусаў свету будзе змяшчацца на сайце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” zbsb.org.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"