“Усё, што не проза, тое вершы, а ўсё, што не вершы, тое проза”, цешыўся мальераўскі Журдэн. Падобна яму, большасць даследчыкаў эміграцыйнай (дый не толькі) літаратуры пішуць выключна пра паэзію ці прозу. Насамрэч літаратура і звязаныя з ёю сюжэты нашмат цікавейшыя, каларытнейшыя.
“Усё, што не проза, тое вершы, а ўсё, што не вершы, тое проза”, цешыўся мальераўскі Журдэн. Падобна яму, большасць даследчыкаў эміграцыйнай (дый не толькі) літаратуры пішуць выключна пра паэзію ці прозу. Насамрэч літаратура і звязаныя з ёю сюжэты нашмат цікавейшыя, каларытнейшыя. Сабраныя пад адную вокладку ў гэтай кнізе артыкулы — як друкаваныя раней, гэтак і новыя — працягваюць тэму жанравай разнастайнасці беларускай літаратуры, у першую чаргу эміграцыйнай. Да абазначаных раней гісторыка-міфалагічнай прозы, мемуарыстыкі (у тым ліку некралогаў як пасмяротных успамінаў), драматургіі, эпісталярыуму далучаюцца травелог, пераклад, біяграфія, фельетон і літаратурная крытыка.
Паколькі заяўленыя тэмы тэкстам артыкулаў аніяк не вычэрпваюцца, асаблівая ўвага нададзеная бібліяграфіі: у аглядных раздзелах — такіх, як травелог і пераклады, яна падаецца ў спасылках; у раздзелах, прысвечаных асобным сатырычным
і гумарыстычным друкам і творам ды літаратурнай крытыцы, яна пададзеная асобна напрыканцы. Чытач мусіць падрыхтавацца да значнай колькасці цытатаў, што выклікана самім характарам матэрыялу: ці то архіўным, які ўпершыню ўводзіцца ва ўжытак, ці то выдрукаваным у эміграцыйных перыёдыках і кнігах, якія праз сваю незахаванасць, несабранасць ды рэдкасць не дазваляюць проста адаслаць да нумара або старонкі пэўнага выдання.
Лявон Юрэвіч “Жанры” : 528 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кн. 21).
Рэдагаванне Наталлі Гардзіенкі
Выдавецтва “Кнігазбор”
Кніга архівіста з ЗША Лявона Юрэвіча “Жанры” (21-я ў серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны») з’яўляецца своеасаблівым працягам яго папярэдніх даследаванняў, прысвечаных эміграцыйнай літаратуры. У новым выданні сабраныя тэксты (як друкаваныя раней у розных перыёдыках, гэтак і непублікаваныя), якія раскрываюць асаблівасці некаторых літаратурных жанраў. Тут прадстаўленыя травелогі, біяграфіі, пераклады, гумарыстычна-сатырычныя творы, літаратурная крытыка на эміграцыі – тыя групы твораў, якім раней надавалася мала ўвагі ў даследаваннях. Кніга прапануе чытачам як новыя звесткі і аналіз асобных аспектаў эміграцыйнай літаратуры ХХ стагоддзя., гэтак і матэрыялы да літаратурнага побыту беларусаў у ЗША і Канадзе.
На вокладцы выкарыстаны здымак, зроблены Янам Булгакам. Арыгінал здымка захоўваецца ў калекцыі БІНіМа.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"