Абвешчаны вынікі конкурсу графічных праектаў «МЫ-2012»

Як намаляваць адказ на пытанне «Хто мы?» дызайнеры знайшлі самыя розныя варыянты візуалізацыі нацыянальнага: ад мульцяшных выяваў Льва Сапегі на цішотках і аўтобусах да плакатаў з фотаздымкамі надмагільных камянёў Кальварыі. Вынікі беларуска-польскага конкурсу графічных праектаў «Мы» абвясцілі ў Беларускім саюзе дызайнераў.

Расказаць пра сябе, свае карані і традыцыі беларусам і палякам прапаноўвалася ў любых жанрах візуальнага мастацтва. Прымаліся плакаты, постары, фотаздымкі, макеты кніжак, ілюстрацыі і нават канцэпцыі праектаў у выглядзе апісання ды эскізаў. Усяго ў конкурсе, арганізаваным Беларускім саюзам дызайнерам і польскім Таварыствам творцаў прыкладной графікі, удзельнічала каля 70 аўтараў. Куратар праекту Міхал Анемпадыстаў адзначыў, што працы атрымаліся абсалютна розныя паводле эмоцый – у іх і трагізм, смутак, і развага, і самаіронія, і хуліганства.

Выстава конкурсных прац адкрылася абвяшчэннем пераможцаў. Грашовыя прэміі ад МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» атрымалі дызайнеры Уладзімір Голубеў, Вадзім Качан, Юрый Тарэеў, а таксама два тандэмы: Зміцер Краўчанка, Яна Герасімовіч і Дар’я Мандзік, Яна Войцік. Абодвум творчым дуэтам, а таксама фатографу Сяргею Кажамякіну дастаўся і галоўны прыз – двухтыднёвая стажыроўка на польскіх дызайнерскіх фірмах. Праўда, парам давядзецца неяк дзяліць узнагароду – вучыцца паедзе толькі адзін чалавек.

Былі пераможцы і сярод польскіх дызайнераў – Агнешку Земішэўску і Малгажату Фрыч чакае паездка ў Беларусь. Асобна адзначыла журы, у якое з беларускага боку ўвайшлі Уладзімір Цэслер, Ігар Герасіменка і Максім Жбанкоў, працы Андрэя Дурэйкі і польскай дызайнеркі Лены Марчыньскай, але ўзнагародаў ім не дасталася. «Толькі слава!» – выгукнуў хтосьці з залы.

Пасля гэтага госці хаатычна размеркаваліся па выставачнай прасторы, каб, папіваючы віно, агледзець экспанаты і паслухаць, што пра свае працы кажуць аўтары. Найбольшую ўвагу прыцягнулі плакаты студэнтак Яны Войцік і Дар’і Мандзік. І хоць Міхал Анемпадыстаў строга пагразіў ім пальцам, маўляў, узнагарода даецца «авансам», толькі за два малюнкі, усё астатняе патрабуе дапрацоўкі, але ідэя іх праекту сапраўды прываблівае сваёй простасцю. Дзяўчаты ў забаўных карцінках візуалізавалі самыя ўжывальныя побытавыя словы ў чатырох тэматычных групах: «Посуд», «Абутак», «Мэбля» і «Часткі цела чалавека» – фактычна тое, з чаго пачынаюць вучыць любую замежную мову. Але паколькі на ўроках роднай мовы дзеці не вывучаюць асобна гэтую лексіку, скончыўшы школу, многія ведаюць па-беларуску словы «прыназоўнік» і «займеннік», але не ў стане паказаць, дзе ў іх «лыткі», «вейкі» альбо «сцёгны». Дзецям, якія толькі знаёмяцца з мовай, і, галоўнае, дарослым, якія хацелі б запоўніць прабелы, прыдасца гэты маленькі беларускі слоўнік у малюнках.

Юрый Тарэеў, які працуе ў галіне графічнага дызайну, сабраў невялікі натоўп слухачоў ля сваіх плакатаў, складзеных з фотаздымкаў помнікаў Кальварыйскіх і колішніх габрэйскіх могілак у Мінску, ад якіх сёння засталіся толькі рэшткі камянёў. Аўтар расказаў, што выправіўся фатаграфаваць могілкі спецыяльна для конкурсу. Хацелася раскрыць нацыянальнае, гістарычнае праз асабістую памяць: на Кальварыі ў аўтара пахаваныя сваякі. Але апроч гэтых сэнсаў дызайнера цікавіла і тыпаграфіка помнікаў: «Тут можна назіраць і высокую культуру, якой сёння амаль не засталося, а ёсць і наіўныя надпісы, зробленыя ўручную: «Маці ад дачкі». І вось мы бачым, як дачка, якой сёння самой за 70, рабіла гэты подпіс, мачаючы пэндзаль у фарбу».

Дызайнерка Алена Дашкевіч выйшла ў фінал конкурсу з календаром, зробленым на аснове славянскага паганскага кола, выява якога была знойдзеная на рытуальнай чашы. «Паводле календара нашых продкаў год пачынаецца з вясны, калі ўсё абуджаецца і пачынае жыць», – кажа аўтарка. На календары, дзе кожная пара года выкананая ў традыцыйных колерах – зялёным, чырвоным, залатым, срэбна-шэрым, – таксама пазначаныя беларускія паганскія святы. Сама Алена працуе ў выдавецтве, якое ў тым ліку спецыялізуецца на выпуску календароў, але не спадзяецца, што яе праца можа быць выпушчаная нейкім накладам. «Заказчыкаў цікавіць іншая Беларусь», – кажа яна.

Фатограф Сяргей Кажамякін часта выкарыстоўвае ў сваёй арт-фатаграфіі архіўныя здымкі розных гадоў. Серыя прац, з якой ён перамог на конкурсе, не стала выключэннем. На іх мы бачым на прасвет негатывы з выявамі людзей, прыкладзеныя да шыбы. Негатывы ўзятыя з архіва невядомага фатографа, які некалі працаваў на заводзе «Інтэграл». «Яны ляжалі ў мяне 20 гадоў, – кажа Сяргей Кажамякін.Аўтар гэтага архіва, не будучы творцам, здымаў усё што заўгодна: нейкія афіцыйныя мерапрыемствы, чальцоў палітбюро, карціны мастакоў, часткі абразоў. Мне цікава, што застаецца ў фота праз гады. Тады мы жылі зусім у іншай краіне, але гэты архіў не нясе абсалютна ніякай інфармацыі пра той час, у ім няма гэтага жыцця. Вось я і вырашыў перавярнуць савецкасць, якая нам усім надакучыла, зірнуць на здымкі па-новаму – наколькі яны насычаюцца энергіяй, эмоцыямі, наколькі ажываюць старыя вобразы». Працы Сяргея Кажамякіна, прадстаўленыя на конкурсе, – частка ягонага вялікага праекту, які будзе называцца «Вобразы і падабенствы».

Цікава было даведацца, якія беларускія працы сталі фаварытамі польскіх сябраў журы. Давід Кажэква, прэзідэнт Таварыства творцаў прыкладной графікі, напрыклад, вылучыў працу Змітра Краўчанкі і Яны Герасімовіч, якія прапанавалі друкаваць маляваныя выявы славутых беларускіх дзеячаў Напалеона Орды, Максіма Багдановіча, Казіміра Семяновіча і Тадэвуша Касцюшкі на розных па плошчы і хуткасці руху носьбітах – на асабістых цішотках і гарадскіх аўтобусах. «Мне спадабалася спалучэнне гістарычнага кантэксту і сучаснай формы», – сказаў сябра журы.

Выставу конкурсных прац можна паглядзець у Беларускім саюзе дызайнераў да 10 снежня (штодня, апроч суботы і нядзелі, з 10:00 да 18:00).

Па выніках конурса МЫ2012 журы пастанавіла размеркаваць ўзнагароды наступным чынам:

Двутыднёвы стаж у Польшчы: 1. Małe Studio Edgara Bąka – Яна Герасімовіч / Зьміцер Краўчанка 2. Mamastudio – Дар’я Мандзік / Яна Войцік 3. Hunctwot – Сяргей Кажамякін

Тыднёвая паездка на Беларусь пад патранатам Беларускага саюза дызайнераў 1. Agnieszka Ziemiszewska 2. Małgorzata Frycz

Апроч гэтага, з прызавога фонду конкурса, заснаванага МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” (7 500 000 руб), сябрамі журы былі прызначаны наступныя грашовыя ўзнагароды: 1. Яна Герасімовіч / Зьміцер Краўчанка – 1 250 000 2. Дар’я Мандзік / Яна Войцік – 1 250 000 3. Уладзімір Голубеў – 1 250 000 4. Вадзім Качан – 1 250 000 5. Юры Тарэеў – 2 500 000

Спецыяльнай намінацыяй «Фаварыты журы» былі ўганараваны Андрэй Дурэйка (Беларусь – Нямеччына) і Лена Марчыньска (Польша)

Аляксандра Дорская Фота: Зарына Кандрацьева