Круглы стол “Выявы ідэнтычнасці”

Беларускі саюз дызайнераў і Таварыства Творцаў Ужытковай Графікі (Польша), пры ўдзеле МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Беларускага саюзa мастакоў абвясцілі беларуска-польскі конкурсу графічных праектаў “МЫ 2012”.

Галоўная мэта конкурсу – асэнсаванне ўласнай культурнай ідэнтычнасці і спроба яе візуалізацыі сучаснымі пластычнымі сродкамі. Вынікам конкурсу сталася выставa праектаў “МЫ” , на якую журы адабрала найбольш цікавыя працы. Апроч гэтага, на адкрыцці выставы будуць названыя лепшыя праекты, аўтары якіх атрымаюць узнагароды арганізатараў, а таксама прэміі МГА “Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Конкурс з’яўляецца добрай нагодай, каб яшчэ раз звярнуцца да тэмы самаідэнтычнаці, асэнсаваць і абмеркаваць самыя розныя аспекты разумення саміх сябе і сваіх суседзяў праз візуальныя вобразы і эмацыйнае, пачуццёвае ўспрыяцце саматоеснасці.

У рамках выставы працаў-пераможцаў Лятучы ўніверсітэт і арганізатары конкурса арганізуюць круглы стол “Выявы ідэнтычнасці”, дзе будуць абмеркаваны пытанні:

Што сёння ёсьць маркерам ідэнтычнасці? Якія вобразы і пачуцці мы знаходзім у сучасным польскім і беларускім мастацтве і культуры? Пра што яны сведчаць? Як адлюстроўваюцца ў самасвядомасці?

У якасці экспертаў на круглы стол запрошаны: Міхал Анемпадыстаў, Ігар Герасіменка, Сяргей Харэўскі, Марыя Мартысевіч, Уладзімір Мацкевіч, Ягор Сурскі, Ліля Кобзік, Алесь Плотка. З польскага боку ўдзел прымуць: Рэнэ Вавжэнкевіч, Давід Кажэква, Анджэй Будэк, Клара Чэрнеўска. Весці круглы стол стол будзе Таццяна Вадалажская.

Круглы стол пройдзе 2га снежня, з 14.00 па 16.00 у Саюзе дызайнераў, Брылеўская, 14. Адкрыццё выставы 1га снежня а 19ай, там жа.

Колькасць месцаў абмежаваная, таму, калі маеце намер удзельнічаць у круглым стале, напішыце, калі ласка, на kartelya@gmail.com.