Вітанне ўдзельнікам 30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Таронта ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”

Сёння ў Таронта распачалася 30-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. Змяшчаем тут нашае вітанне яе ўдзельнікам.

Шаноўныя ўдзельнікі 30-й, юбілейнай Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі!

Сардэчна вітаем вас ад імя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”! Зычым плённай працы вашаму высокаму форуму, які стаўся ўжо традыцыяй беларускага жыцця ў замежжы!

Прыемна адзначыць, што сёлетняя сустрэча праходзіць менавіта ў Беларускім грамадска-рэлігійным цэнтры, які нясе моцную духоўную падтрымку беларусам Канады і ЗША і дзе штотыдзень праходзяць беларускія набажэнствы.

З моманту правядзення Першай сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі прайшло 60 год. Гэта нямала для чалавечага  жыцця, і яшчэ больш для грамадскай дзейнасці. І тое, што традыцыя сустрэчаў не прыпынілася, кажа пра важнасць гэтай падзеі, яе каштоўнасць для беларусаў Амерыкі. Вялікую важнасць маюць гэтыя сустрэчы і для нас, беларусаў метраполіі.  Беларускія суполкі сёння ёсць у 25 краінах свету. Раз’яднаныя тэратырыяльна, мы застаемся адным народам, адной нацыяй найперш таму, што працягваем камунікацыю, ладзім сумесныя мерапрыемствы, застаемся неабыякавымі да лёсу Беларусі, разам вырашаем агульныя праблемы, разам плануем нашу будучыню. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” заўсёды з цікавасцю сочыць за тым, як праходзяць вашы мерапрыемствы, з задавальненнем асвятляе гэтыя падзеі ў сеціве і на старонках бюлетэню “Беларусы ў свеце”.

Тэма сёлетняй Сустрэчы – “Праблемы сучаснай беларускай эміграцыі” – вельмі актуальная. Мы ўсведамляем, як важна і няпроста беларусам, якія пераехалі ў іншую краіну, адчуваць сябе сваімі ў іншым грамадстве і пры гэтым не страчваць беларускіх каранёў. На жаль, сённяшняя беларуская сітуацыя ўнутры краіны не спрыяе паглыбленню нацыянальнай ідэнтычнасці. Менавіта праца з беларускім замежжам прадэманстравала нам  неабходнасць правядзення вялікай кампаніі ў Беларусі, прысвечанай нацыянальнай ідэнтычнасці. Жадаем Вам, каб абмеркаванне гэтай праблемы было плённым і канструктыўным. Мы цэнім тую вялікую працу, якую вы ўсе робіце дзеля захавання беларускай прысутнасці за мяжой і зычым, каб вам ставала моцы і натхнення.

Шчыра віншуем вас, шаноўныя ўдзельнікі Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, з юбілейным з’ездам! Жадаем святла і радасці вам і вашым блізкім!

Чакаем Вас на Шостым з’ездзе беларусаў свету, што адбудзецца ўлетку 2013 года!

Жыве Беларусь!

Управа Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”

31.08.2012, г.Мінск