65 гадоў таму ў Беластоку выйшаў першы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы „Ніва“

Забарона, цэнзура, судовыя працэсы, фінансавыя цяжкасці і арганізацыйныя складанасці не здольныя рассеяць і знішчыць унікальныя асяроддзі з адданых сваёй працы журналістаў, перакладчыкаў, літаратараў, фатографаў і мастакоў. Досвед, поспех газеты „Ніва“ – найяскравае сведчанне гэтаму, якое натхняе на творчасць многіх беларусаў у свеце і на Бацькаўшчыне. А вельмі сур’ёзны тэрмін існавання праекту беларусаў у Польшчы, яго рост і новыя формы, у якіх ён увасабляецца – дзіцячы дадатак, дзясяткі выдадзеніх кніг, праекты Праграмнай рады тыднёвіка ў інтэрнэце, – вучаць кіравацца гістарычнай перспектывай у беларускай справе і ў хвіліны прыкрасці наталяюць надзеяй на росквіт нашай культуры.

Штодзённая праца сябраў калектыву „Нівы“ – гэта актуальная інфармацыя пра беларускае жыццё і сродак камунікацыі, які аб’ядноўвае беларусаў Польшчы ў адзіную супольнасць і спрыяе ў далучэнні новых пакаленняў да беларукай справы. Плён дзесяцігодддзяў працы рэдакцыі – гэта неацэнны корпус аб’ектыўных матэрыялаў пра жыццё беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.

Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“ віншуе калектыў рэдакцыі і ўсіх чытачоў газеты „Ніва“ з юбілеем! Зычым супрацоўнікам рэдакцыі і галоўнаму рэдактару Яўгену Вапу добрага здароўя, паболей нагодаў для пазітыўных навінаў, росту падпіскі і продажу накладу, новых дасягненняў беларускай культуры ў Польшчы.

Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“