4 ліпеня юбілей святкуе Ганна Сурмач!

4 ліпеня юбілей святкуе вядомая грамадская дзяячка і гісторык Ганна Сурмач!

Спадарыня Ганна больш за дзесяць гадоў узначальвала Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва Беларусі, пасля кіравала суполкай чэшскіх беларусаў “Скарына”, шмат гадоў займала пасаду старшыні Галоўнай управы Беларуска-Амерыканскага задзіночання (БАЗА) і была галоўнай рэдактаркай легендарнай газеты “Беларус”. Яе аўтарству належаць кнігі “Беларусь без межаў”, “Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржаўнасці”, “Першы з’езд беларусаў свету”, цыкл перадач на “Свабодзе”, прысвечаных беларускай дыяспары... Усіх справаў, звязаных з беларускай дыяспарай і справай пашырэння культурнай спадчыны беларускага замежжа, у якіх спадарыня Ганна брала ўдзел, не пералічыць!

Але нам імя спадарыні Ганны Сурмач дарагое ў першую чаргу праз яе выключную ролю і ўдзел у нараджэнні і першых гадах жыцця “Бацькаўшчыны”. Бо была сярод заснавальнікаў арганізацыі ў 90-я – узначальвала Рабочую групу па правядзенні Першага з’езда беларусаў свету і на ім была абрана старшынёй Рады, прапрацаваўшы на гэтай пасадзе аж да самага ад’езду з краіны ў 1999 годзе.

Сардэчна віншуем Ганну Сурмач з юбілеем! Зычым моцнага здароўя, светлага настрою і натхнёнай плённай працы ва ўлюбёнай справе!

Супольнасць беларусаў свету “Бацькаўшчына”