25 гадоў таму адбыўся Першы з’езд беларусаў свету

Значнасць гэтай маштабнай падзеі цяжка пераацаніць. У найноўшай гісторыі нашай краіны месца Першага з’езда беларусаў свету, скліканага з ініцыятывы ЗБС “Бацькаўшчына”, знаходзіцца ў адным шэрагу з атрыманнем незалежнасці і аднаўленнем забароненай нацыянальнай сімволікі.

Галоўнай ідэяй Першага з’езда былі незалежнасць і нацыянальнае адраджэнне. Галоўнай тэмай – дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі. Цягам трох дзён беларусы з розных краін дзяліліся ўспамінамі, досведам, сваім бачаннем будучыні Беларусі, абмяркоўвалі праблемы развіцця ўзаемаадносінаў Беларусі з яе амаль чатырохмільёнай дыяспарай, вырашалі пытанні аб падтрымцы замежных суродзічаў, абмяркоўвалі накірункі працы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Прадстаўніцтва на З’ездзе мелі ўсе дэмакратычныя грамадскія сілы Беларусі, дзяржаўныя структуры, тыя беларусы замежжа, кантакты з якімі за савецкім часам былі забароненыя, а таксама беларусы замежжа, якія займелі такі статус праз падзел Савецкага Саюза на незалежныя рэспублікі.

Адкрыў З’езд народны пісьменнік Беларусі, прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету Васіль Быкаў. Другім выступаў Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч. Даклад ад імя сусветнай беларускай супольнасці зачытваў віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі Радзім Гарэцкі. Сярод дэлегатаў З’езда – міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, намеснік старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Міхась Дзямчук, міністр інфармацыі і друку Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч, народны паэт, старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па культуры, адукацыі і захаванні гістарычнай спадчыны Ніл Гілевіч, рэдактар газеты “Беларус”, адзін з найвядомых дзеячаў Беларускага замежжа Ян Запруднік, кіраўнік Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель. На З’езд былі запрошаныя найбольш вядомыя і заслужаныя перад Беларуссю людзі. Гэта тысяча дэлегатаў і больш за дзве сотні гасцей!


01-pershyi-zezd.jpg


Мастакі Беларусі пры дапамозе Міністэрства культуры зладзілі ў Палацы мастацтва вялікую выставу з удзелам мастакоў з беларускага замежжа. З дапамогай Мінскіх гарадскіх уладаў горад быў упрыгожаны плакатамі і афішамі з вітаннямі да ўдзельнікаў З’езда, а будынак Опернага тэатра, дзе праходзіла мерапрыемства, быў аздобілі Купалавымі словамі: “На Сход! На Усенародны Сход!”. Урачыстасці ў межах культурнай праграмы З’езда прайшлі ў Наваградку, Нясвіжы, Лідзе, Баркулабаве (Магілёўшчына) і іншых месцах.

З’езд стаў першым вялікім мерапрыемствам, у ажыццяўленні якога бралі сумесны парытэтны ўдзел грамадскія сілы і дзяржаўныя ўлады. Гэта стала магчымым дзякуючы шчыльнай супрацы ў арганізацыі мерапрыемстваў, якія папярэднічалі Першаму з’езду – Устаноўчай канферэнцыі па арганізацыі Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў верасні 1990 года, стварэнні Арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы З’езда ў ліпені 1992, а таксама Першага схода беларусаў блізкага замежжа ў снежні 1992 года. У тым самым годзе Савет Міністраў Беларусі прыняў спецыяльную пастанову “Аб пытаннях дзейнасці ЗБС «Бацькаўшчына»”. Міністэрства замежных спраў дапамагала арганізатарам З’езда шукаць кантакты заходніх эмігрантаў. Міністэрства інфармацыі і друку паспрыяла выданню кніг Вітаўта Кіпеля, Аркадзя Смоліча і Юрыя Туронка, а таксама дало добрую рэкламу падзеі. Госці і дэлегаты З’езда атрымалі бясплатныя візы на ўезд.

Першы з’езд беларусаў свету стаў першым рэальным крокам і вялікім прарывам у справе кансалідацыі беларускай нацыі. Урачыстай святочнай сустрэчай з братамі і сёстрамі пасля доўгага расстання. Вялікім Сходам, аб якім прарочыў Пясняр.


02-51.jpg


Неўзабаве Савет Міністраў зацвердзіў Дзяржаўную праграму “Беларусы ў свеце” і стварыў Каардынацыйны савет па справах беларускай дыяспары пры ўрадзе. І хаця не спраўдзіліся аптымістычныя спадзевы на тое, што дзяржава надалей будзе толькі паскараць развіццё супрацоўніцтва з беларускім замежжам, распрацаваны ЗБС “Бацькаўшчына” “Закон аб беларусах замежжа”, які надзяляе прадстаўнікоў беларускай дыяспары юрыдычным статусам, праз дваццаць гадоў усё ж такі быў прыняты. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” у сваей дзейнасці па-ранейшаму кіруецца прынцыпамі і ідэаламі, якія дапамагаюць беларусам не зважаючы на ўсе спрэчкі, збірацца разам. Чвэрць стагоддзя З’езды беларусаў свету рэгулярна праходзяць ў Мінску і працягваючы аказваць уплыў на жыццё беларусаў і на Бацькаўшчыне, і за мяжой.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”