25 гадоў споўнілася Іркуцкаму таварыству беларускай культуры імя Яна Чэрскага!

25 гадоў таму на першым З’ездзе беларусаў Іркуцкай вобласці з ініцыятывы Алега Рудакова было створана Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК). Арганізацыя, якая ад самага пачатку мела на мэце аб’яднанне беларусаў Прыбайкалля і адраджэнне беларускіх традыцый, дзякуючы адданай працы сваіх сябраў ужо праз некалькі гадоў зрабілася знакамітай ва ўсім свеце суполкай.

Сёння ІТБК мае 8 аддзяленняў у гарадах і вёсках Іркуцкай вобласці, аб’ядноўвае некалькі фальклорных калектываў, выдае бюлетэнь „Маланка“, валодае бібліятэкай і музеем-майстэрняй, у якім захоўваюцца і ствараюцца традыцыйныя побытавыя прадметы і адзенне. Варта згадаць таксама і пра ўдзел Таварыства ў стварэнні этнаграфічнага музею ў вёсцы Тургенеўка і тэатра-батлейкі ў вёсцы Чэрчэт.

За час існавання ІТБК зладзіла і ўзяло ўдзел у сотнях культурніцкіх мерапрыемстваў – канцэрты, вечарыны, фестывалі, канферэнцыі, выставы і экскурсіі – па некалькі дзясяткаў штогод. Унёсак Таварыства ў справу захавання і распаўсюду нашай культуры папросту неацэнны.

Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“ ганарыцца шматгадовым супрацоўніцтвам з Іркуцкім таварыствам беларускай культуры і сардэчна віншуе ўсіх сябраў Таварыства і яго старшыню спадарыню Алену Сіпакову! Зычым, каб Таварыства аб’ядноўвала ўсё болей новых сябраў, натхнёных, ініцыятыўных і працавітых, гатовых і надалей годна працягваць працу па адраджэнні нашай культуры ў Прыбайкаллі!

Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“