Спадарства! Дзякуй, што былі з намі ў мінулым годзе! Толькі паглядзіце, колькі ўсяго карыснага ў нас атрымалася зрабіць з вашай дапамогай.
Удасканаленне заканадаўства
У сакавіку “Бацькаўшчына” на падставе аналізу існуючых законаў “Аб беларусах замежжа”, “Аб грамадзянстве” і “Аб сродках масавай інфармацыі”, кодэксаў Рэспублікі Беларусь “Аб культуры” і “Аб адукацыі” і статуту Нацыянальнай акадэміі навук накіравала ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў ліст з прапановамі па карэкціроўцы заканадаўства ў сферы адносін з беларусамі замежжа.
Таксама ў адказ на зварот дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім і Ганны Канапацкай Згуртаванне падрыхтавала агляд пра выкарыстанне беларусамі замежжа першага дзяржаўнага сцяга Беларусі – гэта мусіць паспрыяць прыняццю праекта закона “Аб выкарыстанні і ахове першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь”.
Удасканаленне адукацыі
На падставе грунтоўнага аналізу школьнай праграмы, зробленага на замову “Бацькаўшчыны”, у Нацыянальны інстытут адукацыі, Міністэрства адукацыі, Адміністрацыю прэзідэнта, на імя старшыні Пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы і ў Міністэрства замежных спраў былі дасланыя прапановы па ўключэнні ў навучальныя праграмы культурнай спадчыны беларусаў замежжа.
Гісторыя і культура
У лютым прах вядомай беларускай мецэнаткі Магдалены Радзівіл, які быў перададзены беларусамі Швейцарыі Каталіцкаму Касцёлу ў часе Сёмага з’езда беларусаў свету, быў перапахаваны ў мінскім касцёле Святога Роха.
Напярэдадні 25 сакавіка ў Купалаўскім парку з ініцыятывы культуролага Маргарыты Пяровай быў усталяваны помнік Антону і Івану Луцкевічам – “Бацькаўшчына” спрыяла атрыманню дазволу на яго ўстаноўку.
Працягваючы справу 2017-га года, калі ў Беларусі з ініцыятывы кампаніі “Будзьма беларусамі!” адзначалася 500-годдзе выдання першай друкаванай Бібліі на беларускай мове, у мінулым годзе “Бацькаўшчына” звярнулася да грамадскасці з просьбай падтрымаць дзейнасць пробашча касцёла Св. Сымона і Алены Уладыслава Завальнюка ў справе беатыфікацыі Францыска Скарыны.
Улетку кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” падпісаліся пад калектыўным лістом да прэзідэнтаў Германіі, Польшчы, Аўстрыі і Ізраіля з заклікам уключыць Курапаты ў праграму сваіх візітаў у Беларусь.
20 верасня Згуртаванне ўзяло ўдзел у пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў.
У снежні, “Бацькаўшчына” выступіла ў ролі аднога з арганізатараў II Беларуска-нямецкага форума па наладжванні партнёрстваў.
30 кастрычніка на Заходніх могілках Мінска высілкамі “Саюза беларускіх пісьменьнікаў” быў усталяваны надмагільны помнік Леаніду Маракову, выраблены скульптарам Ігарам Засімовічам. Да ўшанавання вядомага даследчыка сталінскіх рэпрэсій спрычынілася і “Бацькаўшчына”.
Разам з Таварыствам беларускай мовы, Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, Саюзам беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна, Беларускім саюз мастакоў і Беларускім саюз дызайнераў ЗБС “Бацькаўшчына” стварылі ініцыятыўную групу па стварэнні Арганізацыйнага камітэта па ўсталяванні помніка беларусам – праведнікам народаў свету, людзям, якія ратавалі яўрэяў падчас Халакосту.
Выдавецкая дзейнасць
Як і ў мінулыя гады, “Бацькаўшчына” працягвае актыўную выдавецкую дзейнасць. У серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” выйшла ўкладзеная Лявонам Юрэвічам кніга пра паэта і ўплывовага дзеяча беларускага замежжа Масея Сяднёва “Pro et contra” і ўкладзеныя даследчыцай Наталляй Гардзіенка ўспаміны вядомай беларускай мастачкі Тамары Стагановіч-Кольбы (дачкі Аляксандра і Марыі Стагановічаў) “Абрэзкі з мінулых гадоў”. Гэтыя кнігі былі прэзентаваны на Беларускім фестывалі інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”.
Для серыі “Спадчына: агледзіны” Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч падрыхтавалі кнігу “Як укладалі Спадчыну”, прысвечаную гісторыі выдання ў 1955 годзе зборніка нецэнзураванага Купалы ў Мюнхене.
У траўні пабачыла свет пяцісотстаронкавая кніга нарысаў, эсэ, лірычных замалёвак і публіцыстычных артыкулаў Радзіма Гарэцкага “Апантаны Бацькаўшчынай” – працяг кнігі “Жыццёвы меланж”.
Пры спрыянні “Бацькаўшчыны” выйшаў і новы паэтычны зборнік вядомага дзеяча беларускага замежжа ў Канадзе Пётры Мурзёнка “Колеры” – вынік паэтычнага плёну аўтара за апошнія пяць гадоў.
Канец года быў адзначаны выхадам пятага тома “Дзённікаў і запісаў” Рыгора Барадуліна, а таксама традыцыйным выпускам хітовага календара “Не маўчы па-беларуску” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, да якога сёлета дадаліся наборы налепак “Ёсць нагода для карагода”.
Юбілеі
Сыходзячы год быў надзвычай багаты на знакавыя юбілеі.
25 сакавіка ўсе беларусы ў свеце адзначалі 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Што да “Бацькаўшчыны”, то ў ліпені мы адзначалі 25-годдзе правядзення Першага з’езду беларусаў свету – падзеі, якая зрабіла каласальны ўнёсак у справу кансалідацыі беларускага народу. А 1 кастрычніка дзесяць гадоў споўнілася заўважнай і, як паказаў час, вельмі важнай з’яве ў культурным жыцці Беларусі – грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ініцыятарам і каардынартарам якой з’яўляецца ЗБС “Бацькаўшчына”. Адзін толькі просты пералік праектаў і дасягненняў кампаніі не змясціўся б у гэты артыкул, таму з яе дзейнасцю лепей пазнаёміцца на афіцыйным сайце “Будзьмы” – budzma.by.
Юбілеі святкавалі і сябры Вялікай Рады “Бацькаўшчыны” – 50 гадоў споўнілася заснавальніку Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, актывісту Іркуцкага моладзевага клубу “Крывічы” Алегу Рудакову; 65 – знакамітаму пісьменніку і гісторыку Уладзіміру Арлову; 70 – доктару гістарычных навук, прафесару Захару Шыбеку, які цяпер жыве ў Ізраілі; 80 – кіраўніку аб’яднання беларусаў-мастакоў Балтыі “Маю гонар” і сузаснавальнікаў Таварыства беларускай культуры “Світанак” у Латвіі Вячку Целешу (якога Рыжская Дума прызнала, да ўсяго, Чалавекам году) і, нарэшце, 90-годдзе адзначыў акадэмік Радзім Гарэцкі.
Страты
Але ў жыцці не абыходзіцца без балючых стратаў.
На самым пачатку 2018 года нас пакінуў знакаміты беларускі мастак, дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў (16.03.1964–23.01.2018), які шмат гадоў супрацоўнічаў з кампаніяй “Будзьма беларусамі!”. У Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцця памёр самы стары беларус свету – навуковец Барыс Кіт (06.04.1910–01.02.2018), а праз некалькі месяцаў, у чэрвені, следам за ім на 82-м годзе жыцця адышла ў лепшы свет і ягоная жонка Тамара Казевіч. У лютым прыйшло сумнае паведамленне з Трэнтана (ЗША) пра тое, што не стала мецэнаткі Лёлі Касоўскай (27.09.1933–02.02.2018). У лістападзе беларускую супольнасць агаломшыў раптоўны сыход вядомага беларускага літаратар і даследчык архіваў КДБ і НКУС Уладзіслава Ахроменкі (29.01.1965–09.11.2018), які ў апошнія гады жыў у Чарнігаве.
ЗБС “Бацькаўшчына” ў 2018 годзе страціла двух сябраў Вялікай Рады, якія былі разам са Згуртаваннем ад самага яго заснавання – фалькларыста, літаратуразнаўцу і гісторыка Арсеня Ліса (04.02.1934–28.05.2018) і беларускага грамадска-культурнага дзеяча ў Літве, заснавальніка Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведара Нюньку (06.04.1928–15.08.2018).
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”