З нагоды правядзення дабрачыннага канцэрту “Танга, вальсы, рэгтаймы” 29 чэрвеня адбылася прэс-канферэнцыя. Сам канцэрт прымеркаваны да 68-й гадавіны вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Арганізатарамі мерапрыемства, якое праводзіцца ўжо другі год запар, выступілі Творцая садружнасць “Маэстра” (Санкт-Пецярбург), Беларускае грамадска-культурнае таварыства Санкт-Пецярбурга і Беларуская дзяржаўная філармонія.
Намеснік старшыні праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства Санкт-Пецярбурга Аляксандр Станкевіч, распачынаючы прэс-канферэнцыю, расказаў, што ў беларусаў Пецярбурга прысутнічае моцная зацікаўленасць у падтрымцы сувязяў з Радзімай. 2 тыдні таму прайшла ХХ міжнародная канферэнцыя “Санкт-Пецярбург і беларуская культура”. Гэта штогадовае мерапрыемства, па выніках якога выдаецца зборнік матэрыялаў. Намеснік старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Аляксандр Суша дадаў, што на гэтай канферэнцыі збіраюцца не толькі беларусы свету, але і даследчыкі-беларусісты іншых нацыянальнасцяў. Спадар Суша падкрэсліў, што ўсе такія акцыі і праекты заўжды трымаюцца на канкрэтных людзях і іх ініцыятывах.
Былі прэзентаваныя кнігі, цалкам або часткова прысвечаныя беларусам у гісторыі Пецярбурга. Гэта энцыклапедычнае выданне “Беларусы Пецярбурга” Міколы Нікалаева, якая выйшла пры падтрымцы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, Дома нацыянальнасцяў Санкт-Пецярбурга і піцерскіх беларусаў, а таксама кніга журналіста Міхаіла Шыманскага “Мая вера – мая Беларусь”.
Заснавальнік творчай садружнасці “Маэстра” кампазітар Леанід Левашкевіч паведаміў, што ў сёлетнім канцэрце прадугледжаная праграма з дзвюх частак. У першым аддзяленні адбудзецца прэм’ера цыкла “Паравіны году”, а ў другім слухачам будзе прадстаўленая праграма “Танга, вальсы, рэгтаймы”. Дапаможа ў гэтым сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Кіраўнік аркестра Ірына Арцімовіч адзначыла, што філарманічная музыка носіць элітарны характар, і аркестр зацікаўлены ў тым, каб радаваць слухачоў яе якасным выкананнем. У мінулым годзе, калі адбыўся першы сумесны канцэрт садружнасці “Маэстра” і аркестра філармоніі, публіка сыходзіла з залы са слязьмі на вачах.
Аляксандр Станкевіч асабліва падкрэсліў, што сёлетні канцэрт уключаны ў план гарадскіх мерапрыемстваў па святкаванні Дня Рэспублікі.
Леанід Левашкевіч расказаў пра тое, як прыйшла ідэя правесці такі канцэрт у Беларусі. Паводле яго словаў, ідэя выспявала даўно. У 2008 годзе пасля канцэрту “Дарога любові” ў Санкт-Пецярбургу да яго падышла здымачная група “Беларусь ТВ”, каб запісаць інтэрв’ю для праграмы “Карані”. Леанід Левашкевіч, сам ураджэнец Беларусі, сказаў, што хацеў бы прывезці сваю праграму ў Мінск. Гэтую ідэю ён потым абмяркоўваў з Аляксандрам Станкевічам, і разам яны пачалі рабіць захады па арганізацыі канцэрта ў Беларусі. Немалую ролю ў поспеху гэтай справы сыграла добрае знаёмства з Уладзімірам Рылаткам, на той час намеснікам Міністра культуры Беларусі, які ўхваліў ініцыятыву і паспрыяў яе ажыццяўленню.
Леанід Левашкевіч паведаміў, што ў планах на будучыню – прэзентацыя канцэртнай версіі балета-сюіты “Калядная казка” ў Мінску, але пакуль невырашаны фінансавы бок пытання. Таксама мяркуецца ў верасні выступіць з пашыранай праграмай канцэрту “Танга, вальсы, рэгтайм” на “Мінск-Арэне”, з адміністрацыяй якой цяпер вядуцца перамовы.
З дадатковай інфармацыяй пра дзейнасць калектыву “Маэстра” можна пазнаёміцца на сайце http://www.maestrospb.ru.
Канцэрт “Танга, вальсы, рэгтайм” адбудзецца 2 ліпеня а 19.00 у Вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Тэлефон для даведак: (017) 284-44-33.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"