У галерэі "Лабірынт" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 26 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы "У сэрцы з Радзімай", падрыхтаванай Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі разам з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.
У галерэі "Лабірынт" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 26 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы "У сэрцы з Радзімай", падрыхтаванай Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі разам з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.
На выставе можна пабачыць каля 70 кніг па гісторыі стварэння беларускіх дыяспар, творы пісьменнікаў і паэтаў беларускага замежжа. Значную частку экспазіцыі складаюць кнігі серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”.
З вітальным словам выступіла дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч, якая адзначыла, што ў фондах музея ёсць болей за 1000 экспанатаў, звязаных з дзейнасцю беларускіх дыяспараў у свеце, а таксама першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі Алена Далгаполава, якая выказала спадзяванне, што гэта толькі пачатак дзейнасці бібліятэкі ў кірунку пашырэння ведаў аб беларускім замежжы.
Прафесар Адам Мальдзіс гаварыў пра планы Інстытута культуры Беларусі, сярод якіх – семінар беларускіх паэтаў з блізкага замежжа, які мае адбыцца ўвосень. Спадар адзначыў, што паводле розных ацэнах, за мяжою Радзімы пражывае 2,5 – 3,5 мільёны беларусаў. Для больш цесных узаемасувязяў паміж імі распрацоўваецца праект “Беларусы замежжа”, які будзе мець свой сайт. Плануецца і выданне энцыклапедычнага даведніка, у які ўвойдзе апісанне 1610 персаналіяў беларускага замежжа.
Галоўны дырэктар міжнароднага радыё “Беларусь” Навум Гальпяровіч расказаў пра ролю радыё ва ўмацаванні сувязяў паміж беларусамі, што жывуць за мяжой, і іх Радзімай. Дзякуючы радыё, якое цяпер вяшчае на сямі мовах, яны атрымліваюць навіны з Беларусі. Спадар Гальпяровіч падхапіў тэму, закранутую Адамам Мальдзісам, які заўважыў, што ў замежжы нярэдка вельмі дбайна захоўваюцца нашыя традыцыі. У сувязі з гэтым Навум Гальпяровіч расказаў пра Алега Рудакова - старшыню Іркуцкага Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, які ладзіць экспедыцыі па беларускіх вёсачках Сібіры, дзе збірае аўтэнтычныя беларускія песні, сярод якіх часта трапляюцца ўнікальныя матэрыялы. Спадар Навум адзначыў, што мае гэтыя запісы, і выказаў пажаданне, каб беларускія дзеячы культуры і гісторыі карысталіся гэтым набыткам.
Акрамя таго, Навум Якаўлевіч паведаміў, што на радыё “Беларусь” працуе праект “Урокі беларускай мовы” на англійскай, нямецкай і польскай мовах. Ад пачатку праект існаваў толькі на англійскай мове і не было ясна, ці будзе ён цікавы слухачам. Аднак выявілася, што праект запатрабаваны не толькі на англійскай, але і на іншых мовах.
Прадстаўніца Інстытута культуры Беларусі Галіна Івуць нагадала, што пры Скарынаўскім цэнтры цягам 15 гадоў існавала музейная экспазіцыя “Беларусы ў свеце”, якая назбірала больш за 800 экспанатаў, сярод якіх былі кнігі, прадметы, звязаныя з беларускімі дзеячамі ў эміграцыі, карціны беларусаў замежжа. Галіна Фёдараўна выказала шкадаванне, што экспазіцыя не захавалася, і спадзяванне, што яе хаця б неяк атрымаецца аднавіць.
Старшыня Таварыства “Беларусь – Бельгія” Тамара Антановіч асвятліла праблему, якая мусіць занепакоіць не толькі бельгійскіх, але і ўсіх беларусаў, бо датычыць нашай агульнай культурнай спадчыны. Рэч у тым, што ў Бельгіі знаходзіцца магіла слыннага беларускага кампазітара Міколы Равенскага, дзе яму стаіць помнік, выкананы вядомым беларускім скульптарам Міхасём Наўмовічам, які пасля вайны жыў у Францыі. Каб магілу не ліквідавалі, за адпаведны тэрмін трэба плаціць пэўныя грошы – у Бельгіі гэта агульная практыка. Пакуль патрэбная сума ўнесеная, але невядома, што будзе ў будучыні. Людзей, заангажаваных у беларускую культуру і прытым здольных дапамагчы матэрыяльна не так і шмат, і, на жаль, іх робіцца ўсё менш, бо многія ўжо ў паважным веку. Цяпер беларусы Бельгіі робяць захады, каб магілу і помнік Міколу Равенскаму зрабілі нацыянальным помнікам. Але дамагчыся гэтага вельмі нялёгка, і таму Тамара Антановіч заклікала дапамагаць у вырашэнні гэтай праблемы ўсіх неабыякавых.
Аўтар шэрагу кніг і публікацый пра беларусаў замежжа Наталля Гардзіенка, якая займаецца даследаваннем беларускай эміграцыі каля 10 гадоў, у сваім выступе адзначыла, што ў Беларусі праблема гэтая вывучаецца вельмі слаба. Спадарыня Наталля заўважыла, што ў іншых краінах існуюць адпаведныя ўстановы для даследаванняў нацыянальных дзеячаў за межамі краіны, у Беларусі ж гэтая праблема знаходзіцца па-за дзяржаўнай увагай. На сёння няма нават прыстойнага спісу беларускіх суполак за мяжой – над ім толькі цяпер распачалася праца. Наталля Гардзіенка лічыць, што пытаннямі вывучэння дзейнасці дыяспараў трэба займацца на больш інстытуцыйным узроўні. “Радуе, што робяцца такія выставы, - падкрэсліла спадарыня Наталля. – Хацелася б, каб часцей праводзіліся выставы, круглыя сталы, абмеркаванні па такіх тэмах”.
Пісьменніца і літаратуразнаўца Лідзія Савік пагадзілася з тым, што ў нас цяпер усё трымаецца на энтузіястах, у той час як у іншых краінах наладжаная цесная сувязь з суайчыннікамі за мяжой на ўсіх узроўнях. Лідзія Сымонаўна выказала шкадаванне, што многія беларускія дзеячы замежжа ўжо не ў стане прыехаць у Беларусь, бо ўжо далёка не маладыя, і таму асабліва важна падтрымліваць з імі сувязь. Напрыканцы прамовы спадарыня Савік заклікала думаць, як захаваць беларускасць у Беларусі.
Падчас цырымоніі адкрыцця выставы добры настрой гасцям дапамагала ствараць аркестровая група ансамбля “Гаманіна”, якая па жаданні публікі завяршыла вечар танцам “Кракавяк”.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"