14 чэрвеня ў Мінску пройдуць ХХ Міжнародныя Гарэцкія чытанні, тэма якіх – жыццё і творчасць Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх.
14 чэрвеня ў Мінску пройдуць ХХ Міжнародныя Гарэцкія чытанні, тэма якіх – жыццё і творчасць Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх.
Падчас сёлетняй канферэнцыі адбудзецца аўтограф-сесія Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага., аўтара біяграфічнай кнігі “Браты Гарэцкія”, у якой ён яскрава і па-мастацку апісаў жыццёвы шлях бацькі Гаўрылы і дзядзькі Максіма. Кніга ўтрымлівае ўнікальныя дакументы і сведчанні пра жыццё і дзейнасць гэтых выбітных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху ХХ стагоддзя, а таксама фотаздымкі з сямейнага і дзяржаўных архіваў, а таксама архіваў сяброў.
Аўтограф-сесія акадэміка Радзіма Гарэцкага ў межах ХХ Міжнародных Гарэцкіх чытанняў адбудзецца 14 чэрвеня з 9.30 да 10.00 у Мінску ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (Траецкае прадмесце, вул. М. Багдановіча, 13).
Радзім Гарэцкі – вядомы беларускі грамадскі дзеяч, аўтар шэрагу твораў, прысвечаных нацыянальнаму адраджэнню Беларусі. На працягу васьмі гадоў, з 1993 да 2001, ён з’яўляўся прэзідэнтам «Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына“. Акрамя таго, Радзім Гарэцкі – вучоны-геолаг, акадэмік, на яго рахунку паўтысячы навуковых прац. У 1992—1997 ён з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Яго бацька Гаўрыла Гарэцкі - слынны беларускі геолаг, географ і эканаміст. Ён быў у ліку тых, хто заснаваў Беларускую акадэмію навук. Увогуле, яго ўнёсак у навуку сапраўды значны. Напрыклад, ён распрацаваў асновы палеапатамалогіі - навукі пра рэкі мінулага. У яго гонар названы 13 відаў выкапнёвых раслін і жывёл.
Вядомы беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі - адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру ў беларускай літаратуры. Аўтар незавершанай эпапеі “Камароўская хроніка”, рамана “Віленскія камунары”, аповесцяў “Ціхая плынь” і “Дзве душы”. На жаль, жыццё яго было нядоўгім: ва ўзросце 45 гадоў ён быў арыштаваны і расстраляны па прысудзе “тройкі” НКУС.
Штогадовыя Гарэцкія чытанні – яскравая культурна-навуковая падзея для ўсіх аматараў беларускай літаратуры. Падчас яе выступаюць з дакладамі філолагі, гісторыкі, культуролагі, іншыя даследчыкі жыцця і творчасці роду Гарэцкіх. А распачынаюць канферэнцыю прывітальным словам сучасныя знакамітыя пісьменнікі. У гэтым годзе чакаецца ўдзел літаратараў і навукоўцаў таксама з Літвы і Расіі.
Арганізатары мерапрыемства:
- Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры;
- Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх;
- Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі.
Рабочыя мовы – беларуская і руская. Пачатак рэгістрацыі ўдзельнікаў канферэнцыі адбудзецца ў 9.00, урачыстае адкрыццё – у 10.00. Даведкі па тэл. (017) 334-56-21, 334-86-22 ці праз электронную пошту bellitmuseum@tut.by.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"