Як ні сягне высока птах, Ляцеціме ў гняздо наніз. Зямля стаіць на трох кітах. Адзін з кітоў — спадар Барыс.
Рыгор Барадулін
Сёння ў Франкфурце-на-Майне свой 102-гі Дзень нараджэння адзначае слынны дзеяч беларускай эміграцыі, сусветна вядомы навуковец Барыс Кіт.
Цудам пазбегнуўшы смерці ў сутарэннях гестапаўскай турмы, вымушаны ратавацца за мяжой, Барыс Кіт знайшоў сваю "амерыканскую мару" ў найбуйнейшых аэракасмічных кампаніях ЗША.
Ягоныя даследаванні ў галіне ракетнай тэхнікі прынеслі яму сусветную вядомасць і аўтарытэт. Барыс Кіт першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет. У выніку стаў магчымы першы палёт чалавека на Месяц і далейшае развіццё касманаўтыкі. Ён з’яўляецца аўтарам першага ў гісторыі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве і першага на Захадзе даследавання па гісторыі савецкай касманаўтыкі.
Барыс Уладзіміравіч пражыў у Беларусі толькі 26 год, але пры гэтым, дзе б ён ні знаходзіўся, ён ніколі не забываў пра сваю Бацькаўшчыну. Заўжды браў актыўны ўдзел у жыцці беларускай дыяспары, быў фундатарам многіх эміграцыйных беларускіх выданняў. Нездарма Васіль Быкаў назваў яго “найпершы беларус з беларусаў свету”. Прабыўшы больш за паўвека за межамі Беларусі, валодаючы еўрапейскімі мовамі, Барыс Кіт толькі беларускую прызнае роднай і ўвесь час размаўляе на ёй.
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе шаноўнага Барыса Уладзіміравіча з Днём нараджэння і жадае яму добрага здароўя!
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Глядзі яшчэ:
У Мінску павіншавалі Барыса Кіта са 100-гадовым юбілеем
Вітанне Барыса Кіта гасцям святочнай вечарыны ў Мінску