25 сакавіка Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі адзначыць 65-гадовы юбілей. Святочнае мерапрыемства з гэтай нагоды пройдзе ў Беларускім доме ў Лондане.
На сённяшні дзень ЗБВБ з’яўляецца адной з найстарэйшых і адной з самых уплывовых беларускіх суполак не толькі на еўрапейскім кантыненце, але бадай што і ва ўсім свеце. Яе па праву можна лічыць дыяспарастваральнай арганізацыяй. Згуртаванне аб’яднала ў сваіх шэрагах найбольшую колькасць беларусаў у Вялікабрытаніі, працэсы, якія адбываліся ў Згуртаванні ў розныя часы, уплывалі на жыццё ўсёй беларускай грамады ў краіне.
Ахвярнасці сябраў Згуртавання, асабліва яе стваральнікаў, можна толькі шчыра здзіўляцца. Чаго варты толькі той факт, што Беларускі дом у Лондане, дзе сёння праходзяць беларускія мерапрыемствы, у тым ліку і святкаванне 65-ці гадовага юбілею, быў набыты без пазыкаў і крэдытаў, проста на сяброўскія складкі!
Галоўнае, што Згуртаванне прайшло выпрабаванне часам, і сёння застаецца адной з самых актыўных беларускіх арганізацый. Штогод сябры Згуртавання арганізуюць святкаванне беларускіх нацыянальных і традыцыйных святаў, ладзяць вечарыны з удзелам знакамітых людзей з Беларусі, заўжды актыўна рэагуюць на усе падзеі, якія адбываюцца на Радзіме, распаўсюджваюць інфармацыю пра Беларусь у Брытанскім грамадстве.
Для многіх беларускіх суполак у свеце дзейнасць ЗБВБ ёсць прыкладам таго, як можна больш за палову стагоддзя актыўна працаваць на карысць беларускасці.
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі з юбілеем!
“Бацькаўшчына” ганарыцца супрацай са Згуртаваннем беларусаў у Вялікай Брытаніі. Шчыра спадзяемся, што і надалей нашы арганізацыі будуць працаваць разам.
Яшчэ раз віншуем усіх сябраў Згуртавання са святам і жадаем творчых поспехаў, сіл і натхнення на далейшую працу па яднанні беларусаў у Вялікабрытаніі і папулярызацыі беларускай культуры.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”