Спачуванні з нагоды смерці Янкі Кабановіча

25 лютага пасля цяжкай хваробы ў Рызе памёр сябра Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, беларускі прадпрымальнік і мецэнат Янка Кабановіч.

25 лютага пасля цяжкай хваробы ў Рызе памёр сябра Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, беларускі прадпрымальнік і мецэнат Янка Кабановіч.

Янка Кабановіч нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Вышалаў Петрыкаўскага р-на, Палескай вобл. (цяпер Гомельская).

Скончыў Гомельскі політэхнічны тэхнікум па спецыяльнасці тэхнік-механік (1969), быў накіраваны на працу ў Рыгу на фанерны завод “Фурніерс”. З 1969 па 1971 гг. служыў на Паўночным флоце.

Пасля войска Янка Кабановіч вярнуўся ў Рыгу і паступіў на працу на радыёзавод “Радыётэхніка”. З 1972 па 1978 г. вучыўся на вячэрнім аддзяленні  Рыжскага політэхнічнага інстытута па спецыяльнасці інженер-будаўнік. На радыёзаводзе ён прайшоў працоўны шлях ад слесара да начальніка цэха. З 1982 і  да 1991 года працаваў начальнікам Рыжскага участка ЛСУ “Прамсувязьэнерганаладка”.

У 1991 г. пасля аднаўлення незалежнай Латвійскай Рэспублікі І.Кабановіч стварыў і стаў першым дырэктарам Рыжскага вытворча-камерцыйнага таварыства "Рада". З 1993 г. з'яўляўся прэзідэнтам створанага ім Акцыянернага таварыства "Гандлёвы Дом Беларусь". У 1993 г. Янка Кабановіч стварыў і да 1996 г. быў першым кіраўніком Асацыяцыі прадпрымальнікаў-беларусаў Латвіі "Беларускі шлях".

Прозвішча Івана Іванавіча Кабановіча добра вядомае не толькі ў Латвіі, але і сярод беларусаў усяго свету. Доўгі час Янка Кабановіч быў сябрам Вялікай Рады Згуртавання "Бацькаўшчына", актыўна падтрымліваў дзейнасць Згуртавання, у тым ліку быў адным з фундатараў Першага з'езду беларусаў свету і вырабу копіі крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Сярод латвійскіх беларусаў, якія з вялікай павагай і пашанай ставіліся да яго асобы, Іван Іванавіч быў вядомы, як Янка Кабановіч, першы мецэнат-беларус у Латвіі. Бо менавіта мэцэнатства быў той бок грамадскай дзейнасьці, якім ён лічыў вельмі важным у сваім жыцці, і якім ён на працягу ўсяго жыцця займаўся.

З 1988 г. Янка Кабановіч  аказваў падтрымку першай беларускай суполцы ў Латвіі - Латвійскаму таварыству беларускай культуры "Сьвітанак". З 1991 г. і да 1999 г. ён апекаваўся Беларускай мастацкай студыі "Вясёлка" і Рыжскай Беларускай нядзельнай школай. З 1995 і да 1999 года - фундатар Латвійскага фонда беларускай культуры. З 1994 і да 1997 г. ён арганізатар і фундатар беларускай газеты ў Латвіі "Прамень". З 1991 г. - фундатар мастацкіх выстаў Аб'яднання мастакоў-беларусаў Латвіі "Маю гонар".

Пачынаючы з часу стварэння ў 1994 г. Рыжскай Беларускай асноўнай школы і да сённяшняга часу Янка Кабановіч быў яе фундатарам.

Добрым словам прыгадваюць Янку Кабановіча і яго зямлякі на Гомельшчыне.

Жывучы ў Латвіі, Іван Іванавіч Кабановіч не пакідаў сувязяў з роднай Беларуссю. Ён апекаваўся не толькі добраўпарадкаваннем сваей роднай вескі Вышалаў. Іван Іванавіч Кабановіч стаў фундатарам будаўніцтва помнікаў загінулым у Другой сусветнай вайне ў шасці вёсках Галубіцкага Сельсавета Петрыкаўскага раёна.

Магчыма, не ўсе людзі, якія ведалі Я. Кабановіча, чулі пра гэту яго дабрачынную справу. Гэта яшчэ адна адметная рыса Янкі Кабановіча, ён ніколі не чакаў ні падзяк, ні пашаны, ні славы, ні ўзнагарод. Ен проста жыў так, каб застацца ў нашай памяці ЯНКАМ КАБАНОВІЧАМ - беларусам з вялікай літары.

Латвійскае таварыства беларускай культуры "Сьвітанак"

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выказвае шчырыя спачуванні родным Янкі Кабановіча, беларускай грамадзе ў Латвіі, і ўсім, хто яго ведаў, з нагоды цяжкай страты. Рай светлы яго душы!