Малая Рада зацвердзіла план працы “Бацькаўшчыны” на 2012 год

Першае ў 2012 годзе пасяджэнне Малой Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” адбылося 23 лютага ў Мінску. Распачала пасяджэнне кіраўнік Згуртавання Алена Макоўская. Яна распавяла аб бягучай дзейнасці “Бацькаўшчыны” за апошнія некалькі месяцаў.

Першае ў 2012 годзе пасяджэнне Малой Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” адбылося 23 лютага ў Мінску. Распачала пасяджэнне кіраўнік Згуртавання Алена Макоўская. Яна распавяла аб бягучай дзейнасці “Бацькаўшчыны” за апошнія некалькі месяцаў.

Старшыня Рады “Бацькаўшчыны” Ніна Шыдлоўская агучыла фінанасавую справаздачу аб дзейнасці арганізацыі за 2011 год. Справаздача была зацверджана абсалютнай большасцю галасоў прысутных.

Аб выніках правядзення Вялікай Рады паведаміла Алена Макоўская. У пісьмовым галасаванні ўзялі ўдзел 72 з 102 сябраў Вялікай Рады. У выніку адзінагалосна была ўхвалена справаздача аб дзейнасці “Бацькаўшчыны” за 2011 год. Таксама адзінагалосна было прынята рашэнне абвесціць 2013 год – Годам беларускай дыяспары. Абсалютная большасць сябраў Вялікай Рады, якія ўзялі ўздзел у галасаванні, выказаліся за тое, каб звярнуцца да адпаведных дзяржаўных органаў з прапановай абвесціць на дзяржаўным узроўні 2013 год – Годам беларускай дыяспары. Гэтаксама абсалютнай большасцю было вырашана ўключыць у склад Управы сябраў Малой Рады Антона Астаповіча і Алега Трусава.

Пасля абвяшчэння вынікаў правядзення Вялікай Рады прысутныя перайшлі да абмеркавання плана дзейнасці “Бацькаўшчыны” на бягучы год. За аснову быў узяты план дзейнасці, распрацаваны кіраўніцтвам “Бацькаўшчыны” і ўхвалены Управай. План утрымлівае 79 пунктаў. Спынімся падрабязней на некаторых з іх – найбольш важных і цікавых.

У межах арганізацыйнай і прававой дзейнасці прадугледжана:

-  аказанне практычнай дапамогі беларускім суполкам у арганізацыі іх дзейнасці, у тым ліку падтрымка пры стварэнні новых беларускіх суполак у замежжы і рэгіянальных арганізацый у Беларусі;

-  удзел у Кансультатыўным савеце па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры;

- удзел у Рабочай групе Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследавання па распрацоўцы закона аб беларусах замежжа;

-          сустрэчы з міністрамі і супрацоўнікамі Мінкульта, МЗС, Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Мінадукацыі і інш. па пытаннях беларусаў замежжа, выкладзеных у выніковых дакументах V з’езда беларусаў свету

-  арганізацыя публічных сустрэчаў у Мінску з прадстаўнікамі беларусаў замежжа і інш.;

- падрыхтоўка да VI з’езда беларусаў свету.

У галіне інфармацыйнай дзейнасці плануецца распрацаваць новы дызайн сайту МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, перанесці сайт на новую тэхналагічную платформу; рэгулярна папаўняць электронную бібліятэку дыяспары на сайце Згуртавання сумесна з інтэрнэт-бібліятэкай “Камунікат”; распаўсюджваць інфармацыю ў прэсе аб дзейнасці Згуртавання “Бацькаўшчына”, праблемах беларускай дыяспары, сітуацыі з законам аб беларусах замежжа, працягваць выданне інфармацыйнага бюлетэня “Беларусы ў свеце” і інш.

У галіне навукі і адукацыі запланавана:

- распрацоўка плана культурна-асветных мерапрыемстваў ў межах адзначэння Года беларускай дыяспары ў Беларусі і беларускіх суполках замежжа;

- распрацоўка канцэпцыі супрацоўніцтва з Інстытутам культуры Беларусі;

- збор матэрыялаў, падвядзенне вынікаў прэміі імя Ігната Дварчаніна за 2010 і 2011 гг. і ўручэнне прэміі за 2011 год;

- падрыхтоўка выдання (папяровага і/ці мультымедыйнага), прысвечанага “матэрыяльнай культуры беларускай эміграцыі”: калекцыі эміграцыйных артэфактаў (рэчаў, паштовак, значкаў і г.д.) і інш.

У галіне выдавецкай дзейнасці планам прадугледжана:

- выданне ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” кніг Л. Юрэвіч “Жанры” і П.Джонсан-Текеянўакей “Легенды Ванкувера” (пераклад І.Варабей);

-  падрыхтоўка да друку матэрыялаў Чацвёртага і Пятага  з’ездаў беларусаў свету;

-  перавыданне кніг А.Трусава “Невядомая нам краіна” і А.Грыцкевіча “Старонкі нашай мінуўшчыны” (у серыі “Кнігазбор” – “Выбранае”);

-  сумесна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў выданне літаратурнага бюлетэня “Кніганоша”, у тым ліку падрыхтоўка і выданне англамоўных дайжэстаў “Кніганоша” па выніках 2011 і 2012 гг. і іх распаўсюд па замежных бібліятэках, ВНУ, даследчых установах і інш.

У галіне культуры і асветы запланавана:

-  перадача кніг у бібліятэкі беларускіх асяродкаў у замежжы, а таксама ў навучальныя ўстановы, бібліятэкі, дзіцячыя дамы Беларусі;

-  удзел у святкаванні юбілеяў Я. Купалы і Я. Коласа, а таксама супольна з Таварыствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны ў святкаванні юбілею М. Ткачова;

-  удзел у святочных імпрэзах арганізацый-партнёраў да юбілеяў выбітных дзеячаў культуры і г.д.

Таксам планам прадугледжаны працяг працы па каардынацыі дзейнасці агульнанацыянальнай грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

На пасяджэнні паступіла прапанова ад Анатоля Вярцінскага, якую падтрымалі ўсе прысутныя, аб ушанаванні памяці ахвяраў 1937 года. План мерапрыемстваў па ўшанаванні будзе распрацаваны Управай “Бацькаўшчыны”.

Радзім Гарэцкі нагадаў пра тое, што ў гэтым годзе спаўняецца 90 год з часу заснавання Інстутута беларускай культуры. Радзім Гаўрылавіч паведаміў, што створаная пры Акадэміі навук Беларусі камісія па гісторыі навукі мае намер у межах адзначэння юбілею аднавіць памятныя дошкі Усеваладу Ігнатоўскаму, Максіму Гарэцкаму і дошку, прысвечаную Інбелкульту, якія былі размешчаны на будынку ў Мінску па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 15. Сябрамі Рады было прынята рашэнне далучыцца да гэтай ініцыятывы, тым больш, што дошка Ігнатоўскаму захоўваецца ў сябраў Згуртавання, а дошка, прысвечаная Інбелкульту, – у сябра Рады “Бацькаўшчыны”, скульптара Алеся Шатэрніка.

Падчас пасяджэння актыўнае абмеркаванне сябраў Рады выклікала праблема ад’езду вялікай колькасці беларусаў за мяжу. Гэтае пытанне ўзняў Леанід Лыч. Ён звярнуў увагу на тое, што ў сённяшніх умовах гэтая праблема стаіць вельмі востра, тым больш што зараз за мяжу з’язджаюць у большасці маладыя, высокакваліфікаваныя кадры. Згодна дадзеных, апублікаваных Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, больш за дзве траціны маладых людзей ад 18 да 24 гадоў жадаюць пераехаць у іншую краіну назаўжды.Такім чынам ідзе імклівае вымыванне інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі за межы краіны. Большасць прысутных на пасяджэнні падтрымала думку аб тым, што неабходна весці выхаваўчую працу, асабліва сярод моладзі з тым, каб зменшыць інтэнсіўнасць эміграцыйных працэсаў, а таксама весці працу па павышэнні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі для таго, каб, нават з’язджаючы за мяжу, беларусы працягвалі лічыць сябе беларусамі і не забывалі пра свае карані.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение