Беларускія і славацкія бізнэсоўцы падзяліліся вопытам у філантропіі

Круглы столНайлепшыя практыкі ў карпаратыўнай філантропіі: абмен славацкім і беларускім вопытам” адбыўся 26 студзеня ў Мінску. Сустрэча стала падсумаваннем двухгадовых зносін паміж беларускімі і славацкімі партнёрамі. Арганізатарам мерапрыемства выступіла МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

Круглы стол “Найлепшыя практыкі ў карпаратыўнай філантропіі: абмен славацкім і беларускім вопытам” адбыўся 26 студзеня ў Мінску. Сустрэча стала падсумаваннем двухгадовых зносін паміж беларускімі і славацкімі партнёрамі ў такіх важных для грамадства тэмах, як супраца бізнэсу і грамадства і карпаратыўная адказнасць. Арганізатарам мерапрыемства выступіла МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” – каардынатар і адзін з ініцыятараў грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Алена Макоўская

Алесь Плотка (мадэратар мерапрыемства), Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская

“У Беларусі славацкія спецыялісты правялі шэраг адукацыйных мерапрыемстваў для прадстаўнікоў беларускага грамадскага сектара, якіх нашы арганізацыі натхнілі на канкрэтныя ідэі ў супрацы з бізнэсам. І вось што цікава: частка грамадскіх арганізацый – удзельнікаў навучання працуе ў сацыяльнай сферы, частка – у сферы культуры, але прапанаваныя і рэалізаваныя ідэі былі вельмі цікавымі і разнастайнымі, чым даказалі – у Беларусі ёсць багата прасторы для супрацы паміж НДА і бізнэсам. Ад гэтага выйграюць усе: грамадскія арганізацыі атрымліваюць падтрымку і аднадумцаў у рэалізацыі сваіх праектаў, выйграе і бізнэс, бо для яго гэта і рэпутацыя, і імідж у вачах спажыўцоў, і карпаратыўны дух у саміх кампаніях, але самае галоўнае – выйграе грамадства ў цэлым”, – адзначыла ў сваім вітальным звароце Алена Макоўская, кіраўнік МГА ЗБС “Бацькаўшчына”.

Моніка Брошкава, фундацыя Понціс

На сустрэчы прысутнічаў намеснік пасла Славацкай Рэспублікі Любамір Рыбар. З прэзентацыяй выступіла Моніка Брошкава, праграмны мэнэджар фундацыі “Понціс”, якая азнаёміла прысутных са станам філантропіі ў Славакіі, дзе карпаратыўная адказнасць падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні. Па славацкіх законах любое прадпрыемства можа накіраваць 2% ад сумы сваіх падаткаў на карысць грамадскай супольнасці і, новая традыцыя, што пачалася з нясмелых рухаў, ужо зрабілася нормай бізнэс-этыкі ў грамадстве. Таксама “Понціс” распрацаваў цэлую методыку супрацы бізнэсу і супольнасці, выдаў яе на ангельскай і беларускай мовах, і неўзабаве з гэтым даведнікам можна будзе пазнаёміцца на сайце www.budzma.org.

Пра свой багаты досвед у філантропіі расказалі прадстаўнікі бізнэсу Марцін Штрба – дырэктар па маркетынгу другой па велічыні кніжнай інтэрнэт-крамы ў Славакіі, і Іван Хофманс – дырэктар вытворчай кампаніі.

Марцін Штрба

Марцін Штрба расказаў пра бачанне карпаратыўнай адказнасці ў сваёй кампаніі. Гэта ў тым ліку і празрыстая схема налічэння заробкаў і прэмій, і нефармальны стыль зносінаў з кліентамі ў сацсетках, і шматлікія сацыяльныя акцыі. Сярод апошніх прывёў прыклад магчымасці для кліентаў сайта рабіць ахвяраванні, што ўжо дазволіла сабраць больш за 30 тысячаў еўра для дзяцей-сіротаў, і цікавую акцыю пра абмен прачытанымі кнігамі паміж кліентамі крамы на яе ж сайце.

Іван Хофманс

Іван Хофманс прадэманстраваў добры прыклад таго, што кожнаму чалавеку ёсць годнае месца ў жыцці. Часам проста трэба дапамагчы яго знайсці. Ён расказаў пра досвед арганізацыі працоўных месцаў для жыхароў сацыяльнага прытулку і ўжыванне сістэмы MELBA, распрацаванай спецыяльна для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і сацыяльна слаба абароненых людзей. Сутнасць сістэмы – у складанні ў адзіную базу магчымасцяў чалавека і параўнанне іх, пункт за пунктам, з патрабаваннямі да канкрэтнай пасады. Пры падтрымцы нідэрландскага бізнэсу Іван Хофманс стварыў працоўны калектыў з маладых людзей, што выраслі ў прытулку. Супольная дзейнасць дазволіла не проста падтрымаць іх і даць магчымасць самастойна жыць, але й стала базай для рэальнага працоўнага калектыву, чые паказчыкі – адны з найлепшых на прадпрыемстве.

Беларускі бок на сустрэчы быў прадстаўлены шырока – і грамадскай супольнасцю, і бізнэсам. Па-рознаму актыўныя, у круглым стале ўзялі ўдзел прадстаўнікі маркетынгу, буйных часопісаў, аўтабізнэсу, прадстаўнікі сацыяльных і культурніцкіх грамадскіх арганізацый – “Таварыства беларускай мовы”, “Здароўе ў ХХІ стагоддзі”, “Асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў”, “Сацыяльныя праекты” з Гомеля, Гендэрныя перспектывы/праграма ЛаСтрада. Маладая беларуская філантропія ўжо мае праекты, якімі можна ганарыцца: гэта і сістэма ахвяравання з інфармацыйных кіёскаў, падтрыманая “Беларусбанкам”, і спартыўныя спаборніцтвы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, падтрыманыя БПС-банкам, і правядзенне рэгіянальных прэзентацый фестывалю “Аднак!”, падтрыманыя рэсурсам marketing.by і кампаніяй “Атлант-М”, і шмат-шмат іншых.

Жана Грынюк

Жанна Грынюк, дырэктар цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій Satio, выступіла з глыбокім аналізам культуры і праблемаў карпаратыўнай адказнасці ў Беларусі. “Беларускі бізнэс і маркетынг даволі маладыя, а тэмы карпаратыўнай адказнасці і сацыяльнага ўплыву толькі робяць першыя крокі. Таму вельмі важна не дапускаць вульгарызацыі тэмы дабрачыннасці”, – адзначыла выступоўца. Каб развіць тэму філантропіі, яна прадставіла ўсім прысутным мадэль інклюзіўнага сацыяльнага маркетынгу. На прыкладзе было паказана, што звычайны бюджэт наўпроставай рэкламнай кампаніі можа быць рэалізаваны праз сацыяльна адказныя формы рэкламы і даць такі ж вынік, пры гэтым рэальна крануўшы і заахвоціўшы кожнага яшчэ і да добрай справы.

Праведзены круглы стол прадэманстраваў актуальнасць тэмы філантропіі для беларускага грамадства, дзе яна, на жаль, носіць пакуль што кропкавы характар. А параўнанне з вопытам Славакіі наглядна прадэманстравала, што беларусам ёсць шмат чаму вучыцца і над чым працаваць.

З вітальным словам выступае Алена Макоўская

Ніна Шыдлоўская

Віктар Радзькоў (фонд "Ідэя") і Ганна Чыстасердава (галерэя "Ў")

budzma.org