Спачуванні з нагоды смерці Анатоля Лук'янчыка

11 кастрычніка адышоў у іншы свет дзеяч беларускай дыяспары ў Амерыцы, кіраўнік Беларуска-амерыканскага грамадскага цэнтра "Полацак" (Стронгсвіль, ЗША) Анатоль Лук'янчык. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выказвае шчырыя спачуванні родным і сябрам Анатоля Лук’янчыка ў сувязі з цяжкай стратай. Вечная памяць!

11 кастрычніка адышоў у іншы свет дзеяч беларускай дыяспары ў Амерыцы, кіраўнік Беларуска-амерыканскага грамадскага цэнтра "Полацак" (Стронгсвіль, ЗША) Анатоль Лук'янчык.

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выказвае шчырыя спачуванні родным і сябрам Анатоля Лук’янчыка ў сувязі з цяжкай стратай. Вечная памяць!

Пра Анатоля Лук’янчыка піша старшыня адззелу БАЗА ў Агаё і Кліўлендзе, д-р Сяргей Раманюк.

Адышоў ад нас сп. Анатоль Лук’янчык, прэзідэнт Беларуска-Амерыканскага грамадскага цэнтра “Полацак”, уладальнік “Lukjan Metal Products, Inc.”, сябра Беларуска-Амерыканскага задзіночання (BAZA), актыўны парафіянін Царквы Жыровіцкай Божай Маці, адзін з лепшых беларусаў Амерыкі. За сваё доўгае жыццё ён прайшоў праз многія выпрабаванні: даваеннае дзяцінства ў заходняй Беларусі, вайна, лагер перамешчаных асобаў у заходняй Нямеччыне, эміграцыя ў Амерыку, вайна ў Карэі, заснаванне сямейнага бізнеса, арганізацыя беларускага жыцця на новым кантыненце, гадаванне дзяцей і ўнукаў…

Вельмі шмат людзей у Амерыцы і Беларусі памятаюць дабро, зробленае ім. Працавіты, сумленны і вельмі сціплы быў спадар Анатоль. На ўсё ў яго хапала часу і сродкаў. Цяжка пералічыць усё, што ён зрабіў: дапамога царкве, “Полацку”, новым эмігрантам, Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына”, беларускім газетам, манастыру ў Жыровічах, Цэнтру беларускіх даследаванняў у Канзасе, беларускім мастакам, пісьменнікам, хворым дзецям, арыштаваным палітыкам, навукоўцам, простым людзям.

Ніводнае беларускае свята ў Амерыцы і Канадзе не абходзілася без удзелу спадара Анатоля. Вясёлы калядоўшчык, добры спявак, паспяховы бізнесовец, актыўны абаронца беларускіх спраў, добры і вясёлы чалавек, які любіў сваю Радзіму, сваю мову і свой народ. Добры муж, бацька і дзед, вернік і сябра.

Няхай звіняць званы ў Жыровіцкай святыні, ахвяраваныя ім манастыру, няхай гараць свечкі памяці ў беларускіх цэрквах ва ўсім свеце, няхай моляцца шчырыя беларусы за ўпакой душы спадара Анатоля, добрага верніка і выдатнага Беларуса.

Спачуванні жонцы Наталлі, дачцэ Алене, сыну Даніэлю, унукам Алікс, Самуэль, Наталі і Мэрі, братам і сёстрам і ўсім хто ведаў гэтага цудоўнага чалавека.

Д-р Сяргей Раманюк

Анатоль Лук'янчык з жонкай Наталляй аглядаюць Мінск з балкону гатэля "Беларусь", дзе жылі дэлегаты Першага з'езду беларусаў свету ў ліпені 1993 года

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"