30 верасня святкуе 80-гадовы юбілей Народны паэт Беларусі, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Ніл Гілевіч.
Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці 30 верасня 1931 года ў сялянскай сям’і. Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча, а затым філалагічны факультэт БДУ і аспірантуру пры ім. Кандыдат філалагічных навук (1963), прафесар (1978). З 1960 па 1986 - супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1958 да 1963 працаваў таксама літкансультантам газеты "Звязда". Быў рэдактарам альманаху замежнай літаратуры «Далягляды». З 1980 да 1989 - першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, у 1981-1991 сакратар праўлення СП СССР.
Ён быў кіраўніком працоўнай групы па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР, прынятага 26 студзеня 1990 г. на 14-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР XI склікання. Дэпутат ВС Беларусі XII склікання (1990 – 1995), член Прэзідыума ВС, старшыня Камісіі па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны (1990 – 1995), старшыня Таварыства беларускай мовы (1989‑1997).
Дэбютаваў у літаратуры з вершамі ў 1946 годзе. У творчым багажы Ніла Гілевіча – больш як 75 кніг, у якіх годна прадстаўлены паэзія, проза, драматургія, літаратуразнаўства і фалькларыстыка, творы для дзяцей, эсэістыка і публіцыстыка, пераклады.
Васіль Быкаў некалі напісаў пра Гілевіча: “Талент Ніла Гілевіча надзвычай ёмісты і працавіты, чулы да подыху жыцця і да чалавечага болю”.
Управа Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” шчыра віншуе шаноўнага Ніла Сымонавіча з юбілеем. Жадаем выдатнага здароўя, бадзёрасці, творчага натхнення!
Ніл Гілевіч падчас святочнай вечарыны Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", прысвечанай 85-годдзю БНР.
Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"