
Урачыстае ўзнагароджанне адбылося 21 верасня падчас пасяджэння Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Прэмію ўручыў Ягор Фядзюшын па даручэнні яе заснавальніцы Марыі Ганько – дзяячкі беларускай дыяспары ў Канадзе.
Ягор Фядзюшын
“У гэтым годзе мы вырашылі адзначыць прэміяй Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” “за руплівую працу па кансалідацыі беларусаў замежжа і папулярызацыі беларускай культуры на Бацькаўшчыне і за яе межамі”. На нашу думку кансалідацыя беларусаў замежжа – гэта вельмі важная справа”, -- сказаў Ягор Фядзюшын.
Прымаючы ўзнагароду кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская адзначыла: “Гэтая прэмія – вельмі каштоўная і значная для нас, яна натхняе нас на далейшую працу на карысць Бацькаўшчыны”.
Прэмія была заснавана ў 2009 годзе Марыяй Ганько ў гонар свайго мужа, выдатнага дзеяча беларускай эміграцыі Міколы Ганька. У папярэднія гады прэміяй уганароўваліся Вольга Іпатава (2009 г.) і Віялета Кавалёва (2010 г.) за вялікую асветніцкую працу і прапаганду дасягненняў беларускай эміграцыі ў Канадзе.

Прэмію прымае кіраўнік МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" Алена Макоўская