Жыве Бураўкін! Жыве Беларусь! + фота

Святочная вечарына, прысвечаная 75-годдзю Генадзя Бураўкіна, адбылася 14 верасня ў мінскай галерэі сучаснага мастацтва “Ў”. Арганаізавала імпрэзу Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Святочная вечарына, прысвечаная 75-годдзю Генадзя Бураўкіна, адбылася 14 верасня ў мінскай галерэі сучаснага мастацтва “Ў”. Арганаізавала імпрэзу Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Жадаючых павіншаваць любімага паэта сабралася паўнюткая зала. Многім прыйшлося стаяць на вуліцы перад уваходам у галерэю.

Адкрыла вечарыну кіраўнік Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская. Яна падзякавала Генадзю Бураўкіну за творчасць  і за плённую працу на карысць усіх беларусаў.

“Генадзь Мікалаевіч не толькі даўні сябра нашай арганізацыі, а яшчэ ён вялікі спрыяльнік “Бацькаўшчыны”, які заўжды ў складаныя моманты працягваў руку дапамогі. Генадзь Бураўкін і Радзім Гарэцкі – людзі, па маральную падтрымку і па параду да якіх мы заўжды звяртаемся. Мы вельмі цэнім і тое, што нас звязваюць не толькі дзелавыя, а яшчэ і вельмі цёплыя чалавечыя стасункі,” – сказала Алена Макоўская.

На ўспамін пра супольнае наведванне беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане старшыня Рады “Бацькаўшчыны” Ніна Шыдлоўская ўручыла Генадзю Мікалаевічу ў падарунак ад Згуртавання альбом партрэтаў Радзівілаў XVIII-XIX стагоддзяў.

“Ён ужо даўно стаў народным паэтам, ён жывы класік беларускай літаратуры”, -- сказаў пра Бураўкіна акадэмік Радзім Гарэцкі і дадаў гучнае: “Жыве Бураўкін! Жыве Беларусь!”

Словы Радзіма Гарэцкага пра народнага паэта пацвердзіў і вядучы вечарыны, паэт Леанід Дранько-Майсюк, прыгадаўшы, што падчас літаратурных сустрэчаў з Бураўкіным у школах настаўнікі часта па памылцы называюць яго Народным паэтам Беларусі  і, вядома ж, насамрэч памылкі тут ніякай няма, бо Бураўкін і ёсць наш народны паэт.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў справядліва адзначыў, што калі б Бураўкін напісаў толькі сваю “Калыханку”, ён бы ўжо ўвайшоў у гісторыю.

Сябра юбіляра рэжысёр Віктар Дашук падарыў паэту лекі, ды не простыя – дарагія, замежныя, а галоўнае ўніверсальныя, ад усіх хваробаў дапамагаюць. Па цяжару ды форме падарунка, усе, канешне здагадаліся пра яго змест: найлепшыя лекі – гэта відавочна каньяк. А вось паэт Уладзімір Някляеў прысвяціў Генадзю Мікалаевічу верш, а ў якасці падарунка прынёс тэлевізар на знак таго, каб былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі ўбачыў па ім “новае Беларускае тэлебачанне, дзе скажуць пра тое, што ўлада змянілася і змянілася стаўленне ў краіне да ўласнай культуры і мовы”.

Вітанне ад старшыні рады БНР Івонкі Сурвіллы і яе намесніка Сяргея Навумчыка зачытаў рэдактар інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Алесь Старыкевіч. Таксама свае віншаванні паэту даслалі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Сяргей Панізнік і многія іншыя.

Даўняя калега Генадзя Бураўкіна пра працы на Белтэлерадыёкампаніі Зінаіда Бандарэнка падзякавала паэту за “добрых людзей, якіх ён нам адкрыў”. Сярод гэтых адкрыццяў, да прыкладу, Анатоль Сыс, якога Генадзь Мікалаевіч запрасіў на працу, хаця той і не меў асаблівых здольнасцяў да працы на тэлебачанні.

Павіншаваў Генадзя Бураўкіна і любімы амбасадар беларусаў – Стэфан Эрыксан. Ён пажадаў імянінніку і ўсім беларускім паэтам прызнання ў сваёй краіне.

Свае віншаванні са сцэны агучылі таксама Алесь Пашкевіч, Васіль Зуёнак, Андрэй Хадановіч, Марыя Захарэвіч, Рыгор Сітніца, Станіслаў Шушкевіч, Алесь Пушкін і інш.

Не сціхалі воплескі ўдзячных гледачоў, гучалі віншаванні і пажаданні на адрас імянінніка, стос падарункаў на стале, за якім сядзеў Генадзь Мікалаевіч, імкліва рос. Цудоўны настрой дапамагаў ствараць Зміцер Вайцюшкевіч, ён выконваў свае песні на вершы Генадзя Бураўкіна, а напрыканцы ўся зала хорам заспявала вядомую ўсім з дзяцінства Бураўкінскую “Калыханку”.

Кожнаму хацелася сказаць юбіляру як мага болей добрых словаў, так што вядучаму – вядомаму паэту Леаніду Дранько-Майсюку было нясоладка, часам прыходзілася быць досыць жорсткім, абмяжоўваючы выступоўцаў страшным словам “рэгламент”. Нягледзячы на гэта, вечарына атрымалася вельмі цёплая і ўтульная і ў той жа час сапраўды ўрачыстая.

На развітанне Генадзь Бураўкін прачытаў некалькі новых вершаў, якія яшчэ не ўвайшлі ні ў адну з выдадзеных кніг, ды пажадаў усім беларусам доўга жыць: “Беларусам трэба жыць доўга, каб паспець многае зрабіць, зрабіць тое, што іншыя народы даўно зрабілі. З часам я зразумеў, што ёсць рэчы, якія дараваць нельга, і нядобра, калі наш народ даруе і не раз, і не два тое, што дараваць нельга – здзек над сваёй душой, над сваёй гісторыяй, над сваёй мовай. Каб гэта выправіць, шчырыя беларусы павінны жыць доўга”.

Гэтыя словы паэта зала вітала воплескамі стоячы.

Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская

Віншаванні ад Віктра Дашука

Уладзімір Някляеў

Музычны падарунак ад Зміцера Вайцюшкевіча

Васіль Зуёнак

Марыя Захарэвіч

Юбіляра віншуе амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан

Свой падарунак дэманструе Радзім Гарэцкі

Алесь Старыкевіч з віншавальнымі лістамі ад Івонкі Сурвіллы і Сяргея Навумчыка

Жонка Генадзя Бураўкіна спадарыня Юлія з унучкай

Сябра віншуе Віктар Казько

Андрэй Хадановіч

Станіслаў Шушкевіч

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение