20 год таму, 25 жніўня 1991 года, Вярхоўны Савет БССР прагаласаваў за наданне статусу канстытуцыйнага закону прынятай годам раней, 27 ліпеня 1990 года, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
Згодна Дэкларацыі, Беларусь абвяшчалася суверэннай дзяржавай, "якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу". Носьбітам суверэнітэту краіны і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся беларускі народ.
У адпаведнасці са зместам Дэкларацыі з дня яе прыняцця на тэрыторыі рэспублікі абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў Беларускай ССР, паўната ўлады рэспубліканскіх дзяржаўных органаў на ўсёй тэрыторыі краіны, самастойнасць і незалежнасць Беларусі ў міжнародных зносінах. Па сутнасці, гэта азначала спыненне дзейнасці на тэрыторыі Беларусі саюзных законаў.
Такім чынам, Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Спраўдзілася мара пакаленняў змагароў за свабоду беларускага народа.
25 жніўня 1991 года, безумоўна, ёсць знакавай падзеяй у гісторыі Беларусі, якая цалкам заслугоўвае на тое, каб стаць нацыянальным святам і адзначацца на дзяржаўным узроўні.
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе ўсіх беларусаў на Радзіме і ў замежжы з 20-годдзем надання статусу канстытуцыйнага закону Дэкларацыі аб Дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
Зычым усім веры ў лепшае, мужнасці і сіл для руплівай працы на карысць роднай Беларусі.
Жыве Беларусь!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”