Забаронены «Ляпіс Трубяцкі» — для студэнтаў забароненага ЕГУ

Калі б гэтага канцэрту не было, яго б варта было прыдумаць: усеагульнае яднанне акадэмічнай супольнасці з украпінай мінскіх актывістаў розных накірункаў і пасадаў, што хорам спяваюць Belarus Freedom ды гукаюць «Жыве Беларусь».

Калі б гэтага канцэрту не было, яго б варта было прыдумаць: усеагульнае яднанне акадэмічнай супольнасці з украпінай мінскіх актывістаў розных накірункаў і пасадаў, што хорам спяваюць Belarus Freedom, таньчаць пад постснежаньскае «Грай» ды гукаюць «Жыве Беларусь».

Закрыты канцэрт забароненага ў Беларусі гурта «Ляпіс Трубяцкі» адбыўся пры поўным аншлагу ў адным з буйнейшых клубаў Вільні. Мерапрыемства было аргіназавана Еўрапейскім гуманітарным ўніверсітэтам пры падтрымцы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Ляпіс Трубяцкой

«На канцэрт Ляпіса Трубяцкога», — 35-гадовы мужык з голенай патыліцай, па выглядзе тыповы перагоншчык машын, у цягніку Мінск-Вільня працягвае свой сіні пашпарт, пры гэтым спрабуючы як мага болей ветліва ўсміхацца літоўскаму памежніку. Той у адказ штучна здзіўляецца: «А гэта да нас Ляпісы прыяжджаюць? Добра-добра, едзьце, прывозьце вашы грошы, купляйце нашы прадукты, машыны, кватэры, усё, што заўгода — мы не супраць», — літоўцы ў цягніку на гэта радасна ўсміхаюцца і амаль паціраюць рукі, забыўшыся, мабыць, што асабліва разжыцца беларускімі рублямі цяпер не атрымаецца.

Выкінуты з радыё і беларускіх канцэртных пляцовак, «Ляпіс Трубяцкі» стаў сімвалам усіх нашых недарэчнасцяў і маразмаў. Апагей гэтага надмагільным камянём чорным па чырвонаму надрукаваны на запрашальніках на віленскі канцэрт: цытата з нашумелага Міхалковага звароту з нагоды адмены яго вялікага туру па Беларусі: «У краіне адбываецца культурны генацыд».

Затое такі «Парадокс сённяшняй сітуацыі» — Міхалок гэтым разам быў як ніколі акадэмічны і пазбавіў клуб «Прапаганда» ад звыклых пацыфісцкіх і анархіскіх заклікаў — дазваляе пачуць адзін з самых папулярных беларускіх гуртоў тым, хто пра гэта раней і не марыў. Напрыклад, 600 студэнтам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, што цэлы месяц літаральна палявалі на квіткі на закрыты выступ. Бо набыць іх было немагчыма — толькі атрымаць за добрае навучанне ці ўчынкі. А вось менчукі, гарадзенцы і іншыя беларускія гараджане і сяляне вымушаныя цяпер кіравацца ў замежныя вандроўкі дзеля таго, каб пачуць новыя аранжыроўкі праграмы «Весёлые картинки».

Ганаровы арэапаг у чылаўце клубу складаўся з міністара адукацыі Літвы, кіраўніка культурніцкага дэпартамэнту сталічнай мэрыі і рэктара і прарэктароў ЕГУ. Апошнія дасядзелі амаль да канца канцэрту, пры гэтым асабліва не прадэманстраваўшы нейкіх эмоцыяў ад музыкі «Ляпісаў». Затое міністар адукацыі (фанат «Ляпісаў» з дзесяцігадовым стажам) нават танчыў непадалёку ад іншых віпаў канцэрту: егушных прафесароў. Вяршыняй інтэлектуальнага пафасу дзеі стаў мабільны шапік па продажы часопісу «Архэ», які быў разгорнуты адразу на ўваходзе ў клуб.

Мабыць, Сяргей Міхалок адчуў усю адказнасць моманту і амаль цалкам пазбавіўся ад звыклых гучных заяваў, намякнуўшы толькі нешта наконт «сумы інтэлектуальных перамогаў» прысутных і прызнаўшыся пазней у боязі «нагаварыць лішняга». Вось, значыць, чаму было «мінімум дагмату і максімум вар’яйкіх танцаў».

Гэтым разам «Ляпісы» пусціліся ва ўсе цяжкія, выканаўшы бадай усе беларускамоўныя кампазіцыі. Слухачы ў адказ ужо пачынаючы з «Грай» разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі (у Мінску такую з’яву, бадай, можна пабачыць цяпер толькі на выступах Вінсэнта), і кінуліся ў абяцаны вар’яцкі слэм.

Выглядае, што «Ляпіс Трубяцкі» стаў сапраўды агульнабеларускім гуртом, які здольны злучыць усіх, хто хоць крыху разумее кантэкст іх музыкі: ад акадэміка-рэктара да віленскага хіпсцера і віцебскага пэтэвэшніка. На жаль, каб паслухаць гэты гурт, цяпер трэба ехаць за мяжу. У гэткія моманты сапраўды разумееш кошт забароненай музыкі.

generation.by