15 траўня спаўняецца 40 гадоў Беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане.
На сённяшні дзень Скарынаўская бібліятэка з’яўляецца найбуйнейшым сховішчам беларускіх і беларусазнаўчых выданняў па-за межамі Беларусі. У нетрах бібліятэкі захоўваецца больш за 30 тысяч кніг, якія датычаць розных аспектаў беларусазнаўства, вялікая калекцыя беларускіх перыядычных выданняў, старадрукаў, рукапісаў, архіўных дакументаў, у тым ліку і архівы Рады БНР. У музеі пры бібліятэцы сабрана цікавая калекцыя старажытных манет, мапаў, паштовых марак, мастацкіх і этнаграфічных вырабаў, сярод якіх – знакамітыя слуцкія паясы.
Без калекцый Скарынаўскай бібліятэкі не ўбачылі б свет многія беларусазнаўчыя працы, не былі б зроблены цікавыя навуковыя адкрыцці. Усе 40 гадоў свайго існавання бібліятэка была не толькі месцам збірання і захоўвання беларусістыкі, але і яе папулярызатарам і пашыральнікам.
Віншуем з юбілеем бібліятэку імя Францыска Скарыны ў Лондане і асабіста яе стваральніка і нязменнага кіраўніка айца Аляксандра Надсана. Жадаем бібліятэцы далейшага папаўнення фондаў, а таксама болей зацікаўленых наведвальнікаў і дапытлівых даследчыкаў, якія змогуць дакладна апісаць і ўпарадкаваць калекцыі бібліятэкі.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”