
11 красавіка юбілей святкуе сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” шчыра віншуе шаноўную спадарыню Івонку са святам і жадае моцнага здароўя, доўгіх год жыцця, нязгаснага аптымізму, надзейных паплечнікаў, далейшых поспехаў у працы на карысць Беларусі.
Віншавальнае слова з нагоды Дня нараджэння Івонкі Сурвіллы даслала з Канады вядомая беларуская пісьменніца Вольга Іпатава. З задавальненнем публікуем яго і далучаемся да цёплых словаў.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Да дня нараджэння Івонкі Сурвіллы
Гэтая жанчына з самай першай сустрэчы выклікае ў маёй душы гарачае, шчырае захапленне. І талентам мастачкі, што скончыла Сарбону, і адукаванасцю (ведае восем моваў), і прыязнасцю да людзей і свету, і светлым, ясным розумам.
А яшчэ яна – Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі -- урада ў выгнанні, які пранёс гарачую веру ў незалежнасць Беларусі і працаваў дзеля гэтага ўсе гады свайго нялёгкага лёсу.
Спробы вынішчыць і тым выкінуць на сметнік Гісторыі выказаную волю народа да свабоды працягваліся ўсё мінулае стагоддзе і асабліва ў пасляваенныя гады. БНР спрабавалі пахаваць пад манбланамі хлусні і фальсіфікацый. Але і па-за межамі Беларусі Рада працягвала сваю барацьбу. Мяняліся яе старшыні, але нязменным быў яе клопат аб тым, каб захаваць родную мову і культуру і ў рэшце рэшт дабіцца незалежнасці краіны. Гэта яна, пасляваенная беларуская эміграцыя, на ўвесь свет заяўляла аб генацыдзе нацыі і тым стрымлівала шалёны наступ на ўсё беларускае.
Дзяўчынка з–пад Стоўпцаў, якую бацькі вывезлі на чужыну, ратуючыся ад бальшавікоў, вырасла ў атмасферы любові і шчырай працы дзеля Бацькаўшчыны.
І гэтаму яна прысвяціла ўсё сваё жыццё.
Івонка Сурвілла -- яркая, таленавітая, светлая асоба. Пра такіх кажуць, што на іх – знак Божае ласкі.
Івонка Сурвілла – гэта твар той Беларусі, якую мы любім і шануем.
Вольга Іпатава, пісьменніца