Шаноўныя сябры!
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе ўсіх беларусаў на Радзіме і за яе межамі з нашым вялікім нацыянальным святам – Днём Волі. 93 гады таму, 25 сакавіка 1918 года, была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Зараз наша краіна перажывае няпростыя часы. Але на працягу тысячагадовай гісторыі беларусы не раз сутыкаліся з цяжкасцямі і з гонарам іх пераадольвалі. Пераадолеюцца і сённяшнія цяжккасці!
Дзень Волі, нягледзячы на абставіны, застаецца для нас святочным днём, бо 25 сакавіка 1918 года – сапраўды гістарычная дата для нашага народу. У гэты дзень была прынята ІІІ Устаўная грамата Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтая падзея адкрыла нашай краіне шлях у сям'ю незалежных дзяржаў свету, дала беларусам магчымаць самастойна будаваць сваё жыццё.Такім чынам, 25 сакавіка 1918 года быў закладзены пачатак сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
Заклікаем усіх беларусаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы адзначыць Дзень Волі са светлымі думкамі, з надзеяй і верай у лепшую будучыню для нашага народу. Зычым усім добрага здароўя, еднасці і згоды, Боскага спрыяння ва ўсіх справах, плёну ў працы на карысць роднай Беларусі.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”