Упершыню ў Беларусі з ініцыятывы Саюза беларускіх пісьменнікаў, Саюза пісьменнікаў Швецыі і Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" адбыўся свабодны семінар "Жаночы досвед у літаратуры і грамадстве", прысвечаны гендэрнай тэматыцы ў беларускай літаратурнай прасторы.
"Мы заўважылі, што сярод аўтараў-пачаткоўцаў 90% складаюць жанчыны, але да першай кнігі даходзяць адзінкі, а ў Саюз уступаюць адзінкі з тых адзінак. На якім этапе мы страчваем жанчын? Чаму? У школьныя, студэнцкія гады дзяўчаты актыўна пішуць, друкуюцца, а потым, калі сутыкаюцца з жыццём, першымі сямейнымі клопатамі, то перастаюць пісаць.
Канечне, праблема і ў нашай дзяржаве, якая ўвогуле не займаецца падтрымкай творчых асобаў. Выдаць кнігу любому аўтару сёння цяжка. Напрыклад, мы цяпер мяняем стаўленне да аўтараў-дэбютантаў, змяняем сістэму прыёму ў Саюз. Мы бачым вялікі патэнцыял у тым, каб як мага больш аўтараў-жанчын дайшлі да сваёй першай кнігі. Мы хацелі б зразумець, што Саюз пісьменнікаў можа зрабіць, каб гэтых стратаў было менш.
Мы ведалі, што самая прасунутая краіна ў свеце ў аспекце гендэрнай праблематыкі — Швецыя, таму скантактаваліся з нашымі сябрамі, Саюзам пісьменнікаў Швецыі. Пры іх падтрымцы, тым больш што нам ёсць чаму ў іх навучыцца, атрымаўся добры сімбіёз", — расказаў першы намеснік Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч.
Са шведскага боку дакладчыкам па тэме "Літаратурная творчасць і правы літаратарак у Швецыі" выступіла пісьменніца, літаратурны крытык і выкладчыца літаратурнага мастацтва, а таксама вялікі сябра беларускай літаратуры Інга-Ліна Ліндгвіст. Былая суайчынніца з радасцю падзялілася з прысутнымі (беларускімі літаратаркамі і паэткамі, а таксама прадстаўніцамі грамадскіх жаночых арганізацый Беларусі) асабістым досведам, а таксама расказала аб гендэрнай сітуацыі ў Швецыі: "Шведкам карысна было б прыехаць сюды, паглядзець, што такое сапраўдныя праблемы, каб яны зразумелі, што ў іх праблем няма. Жаночы рух у Швецыі развіваўся, як і еўрапейскі, ішоў поруч з сацыял-дэмакратыяй, барацьбой за права голасу. У сучаснай Швецыі раўнапраўе — адна з асноваў дзяржаўнай палітыкі. Усе партыі — за раўнапраўе. Шведы лічаць сябе самым раўнапраўным народам у свеце. Для жанчын няма ніякіх перашкодаў з пункту гледжання заканадаўства. Жанчына можа стаць кім хоча. Яна можа развесціся, яна можа зрабіць аборт.
Што мяне хвалюе, дык гэта наколькі сегрэгаваны рынак працы ў Швецыі. Напрыклад, жанчын-будаўнікоў там амаль няма (98% — мужчыны), а ў сферы аховы здароўя, дзіцячых садкоў, дашкольнай і школьнай адукацыі працуюць выключна жанчыны (97%). Да таго ж, у Швецыі няма хатніх гаспадыняў, у кожнай сям’і працуюць і мужчына, і жанчына.
Што ж да творчасці і літаратуры, то мне здаецца, што ў Швецыі раўнапраўе. Жанчыны-пісьменніцы заўсёды на вышыні, атрымліваюць прызы, стыпендыі. У Саюзе пісьменнікаў Швецыі старшыня мужчына, але яго намеснік — жанчына, быў перыяд, калі старшынёй была жанчына.
Цяпер у Швецыі вельмі папулярная аўтабіяграфічная проза. Усе пішуць пра сябе. І вось што выклікае ў нас найбольшыя спрэчкі: жанчын, якія пішуць пра сябе, больш крытыкуюць, чым мужчын. Мужчынам пры гэтым выказваюць павагу, а калі жанчына піша пра сябе — гэта скандал, ды як яна магла, як насмелілася называць імёны.
Дарэчы, вельмі цікава было даведацца пра педагагічныя аспекты ў дачыненні да дзіцячай літаратуры: у творах шведскіх аўтараў дзеці могуць расці ў няпоўнай ці аднаполай сям’і, яны могуць расказваць пра дзяцей з сіндромам Даўна, пра аўтыстаў.
"Такія кнігі маюць высокі літаратурны стандарт, ёсць разуменне, што некаторыя рэчы неабходна паказваць, называць — гэта вельмі важная задача педагагічнай дзіцячай літаратуры", — дадала спадарыня Ліндгвіст.
Людміла Рублеўская
А беларуская пісьменніца Людміла Рублеўская падкрэсліла: "Радуе, што цяпер з’яўляецца шмат таленавітых маладых пісьменніц, якія пішуць цудоўную жаночую прозу. Але мастацкія творы па-ранейшаму ўзважваюцца як дыстыляваная вада: вось пра гэта пісаць можна, пра гэта — нельга. Уласна кажучы, нашае грамадства застаецца патрыярхальным, і гендэрнай роўнасці ў нас пакуль няма".
У сваім дакладзе "Гендэр і сучасная беларуская літаратура" літаратурны крытык Маргарыта Аляшкевіч на падставе шматлікіх прыкладаў вылучыла тэмы, жанры, якія часцей выкарыстоўваюць жанчыны-літаратары ў сваёй творчасці, і аптымістычна скончыла: "Ёсць пэўная роўнасць, ёсць пэўная рознасць. І гэта — цудоўна".
Сваімі развагамі па выніках трох публічных дыскусій на тэму "Ці патрэбная Беларусі жаночая літаратура" падзяліласяАляксандра Дынько : "Для мяне жаночая літаратура — гэта не літаратура, якая залежыць ад полу яе аўтара, але літаратура, якая выяўляе ўнікальны жаночы досвед, унікальнае жаночае жыццё і быццё. Першая дыскусія, удзел у якой узялі літаратары і крытыкі, атрымалася вельмі вострая. На другую сустрэчу да нас прыйшлі студэнты, непасрэдныя сённяшнія чытачы, якім была дадзеная магчымасць свабодна выказацца наконт таго, чаго чакае моладзь ад сучаснай кнігі, напісанай жанчынай. Трэцяя сустрэча прайшла з удзелам актывістак жаночых арганізацый.
У сваю чаргу старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч адзначыў: "Для нас нават сама пастаноўка пытання — гэта ўжо поспех. Бо і анкетаванне, і размовы з аўтаркамі-жанчынамі выявілі амаль татальнае неразуменне гендэрных праблем. А вось сабраліся, пачалі дыскутаваць, і выявілася, што у нас праблем не менш, чым у Іране і ў Швецыі. Іншая рэч, што гэтыя праблемы вырашаюцца па-рознаму, як у творчасці, так і ў палітычным, сацыяльным жыцці, нават у традыцыйным укладзе. Праблема традыцый, нацыянальнай беларускай культуры, дзе яшчэ з пячорных часоў мужчына-здабывальнік павінен быў клапаціцца пра бяспеку сям’і, а жанчына была своеасаблівым прыдаткам да яго.
Як бачна на шведскім досведзе, не мужчыны-літаратары ўздымалі гэтыя праблемы. Скажу па сакрэце, бо ведаю шмат шведскіх пісьменнікаў: яны не задаволеныя такой гендэрнай палітыкай у сваёй дзяржаве, яны, па сутнасці, такія ж мужчыны, як і беларусы. Ім таксама шмат што не падабаецца, яны таксама хочуць быць, як і ў часы вікінгаў, фаварытамі, а не толькі быць прадстаўленымі пяццюдзесяццю адсоткамі ў парламенце. Але самі жанчыны, у тым ліку і ў Саюзе пісьменнікаў, іншых творчых саюзах Швецыі, паставілі ім такія ўмовы. Не мужчыны там такія пушыстыя, мяккія, далікатныя, фіялетавыя, што з такой павагай да жанчын ставяцца. У прыватнасці, да творцаў. Адсюль і вынікае наша сённяшняя галоўная задача — не вырашаць ніводнага пытання гендэрнага сужыцця, а запаліць вочы жанчын-творцаў, каб яны пабачылі, што справа выжывання — гэта найперш іх уласны клопат".
Старшыня Грамадскага аб’яднання "Беларускі жаночы інфармацыйна-каардынацыйны цэнтр" Святлана Бястужава: "Яшчэ 15 гадоў таму ад паняцця "гендэр" усе кідаліся, варта было толькі загаварыць пра "гендэрную роўнасць", "гендэрныя прынцыпы". Цяпер і чыноўнікі, і абывацелі ведаюць, што азначаюць гэтыя паняцці, у чым, безумоўна, ёсць заслуга жаночых арганізацый Беларусі".
Грунтоўны экскурс у гісторыю жаночага руху на Беларусі (пачынаючы ад дзейнасці Цёткі) быў зроблены ў дакладзе Валянціны Коўтун, заснавальніцы адной з першых жаночых арганізацый Беларусі — Міжнароднага жаночага фонду святой Ефрасінні Полацкай.
"Асабліва актыўна жаночы рух пачаў развівацца ў перыяд перабудовы, калі жаночыя аб’яднанні востра падымалі сур’ёзныя і важныя пытанні абароны правоў жанчын. У яго ўваходзілі не толькі пісьменніцы, акторкі, доктаркі, навукоўцы, журналісткі. Тады гэта была сапраўды з’ява. Жаночы рух на Беларусі сёння — гэта той рух, які падымае вялікія пласты праблемаў жанчын, мае магутныя пісьменніцкія карані".
У другой частцы семінара спадарыня Ліндгвіст у ролі літаратурнага крытыка дала ацэнку пяці творам пераможцаў літаратурнага конкурсу "Жанчына ў сучасным грамадстве", абвешчаным раней Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Цікава было пазнаёміцца з поглядам прафесіянала.
"Як літаратурны крытык (а я працую ў прагрэсіўнай левай газеце) я разглядаю любы літаратурны твор з трох пазіцый: гендэр, клас, этнас. У вас ужо бяскласавае грамадства, як я разумею. Пры гэтым ні жанчын, ні сучаснасці, як ні шукала, я не знайшла. Затое я ўбачыла апантанасць этнасам, гісторыяй краіны, але нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо шмат чаго ў ёй адбылося, і ў гэтым яшчэ трэба разабрацца".
А пры канцы мерапрыемства адбылося ўганараванне пераможцаў конкурсу, прысвечанага гендэрнай праблематыцы ў сучаснай беларускай літаратуры. Цікава адзначыць, што сярод аўтараў, якія даслалі свае творы, былі не толькі жанчыны, але і мужчыны, прадстаўнікі розных пакаленняў, рэгіёнаў Беларусі, стыляў, жанраў. Усяго ў конкурсе ўзялі ўдзел 78 аўтараў. Журы Саюза беларускіх пісьменнікаў выбрала 10 найлепшых. Першую тройку склалі жанчыны. Шчаслівымі ўладальнікамі дыпломаў сталі празаік, драматург Галіна Багданава, гарадзенская пісьменніца Данута Бічэль-Загнетава і Людміла Рублеўская. Усе лаўрэаты конкурсу — Сяргей Егарэйчанка, які дэбютаваў аповесцю, Паліна Качаткова, Раіса Крывацэвіч, віцебскі паэт-гумарыст Міхась Мірановіч, паэтка Любава Незабава, Анка Упала, Алеся Лапіцкая — атрымалі гадавую падпіску на адзін з найлепшых беларускіх штотыднёвікаў — газету "Новы час".
Галіна Багданава:
"Жанчыны пішуць — як ідзе дождж. Вельмі добра, калі пад гэтым дажджом квітнеюць кветкі і спеюць яблыкі".
Зарына Кандрацьева, Budzma.org