У межах года культуры Беларусі у Расіі у Яраслаўлі 24 лістапада адбудзецца маладзёжная музычная акцыя “Сустрэчны рух”.
Мызыкі і творчыя калектывы Яраслаўскай вобласці і Беларусі выступяць на сцэне Яраслаўскага палацу моладзі. У фае канцэртнай залы будзе арганізавана фотавыстава “Русь і Беларусь — сустрэчны рух”.
Спецыяльным госцем “Сустрэчнага руху” будзе сёлетні пераможца “Басовішча” магілёўскі гурт “AKUTE”. Выступ гурта адбудзецца пры падтрымцы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”.
На наступны дзень, 25 лістапада, “AKUTE” возьме ўдзел у адкрыцці выставы “Геній зямлі беларускай”, прысвечанай Максіму Багдановічу. У экспазіцыі будуць прадэманстраваны разнастайныя матэрыялы з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску: арыгінальныя матэрыялы, у тым ліку прыжыццёвыя выданні паэта, ілюстрацыі да яго твораў, а таксама копіі рукапісаў, лістоў і фотаздымкаў паэта.
У якасці арганізатараў і партнёраў праекта “Сустрэчны рух” выступілі: Палац моладзі “Гігант”, Дэпартамент культуры Яраслаўскай вобласці, Мiжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Расіі”, Арт-Галерэя “Дом Муз”, Яраслаўская рэгіянальнай грамадская арганізацыя руска-беларускай дружбы “Сяброўства”, Музей Максіма Багдановіча -- Цэнтр беларускай культуры горада Яраслаўль.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”