У сувязі з 20-гадовым юбілеем Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў сядзібе Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча “Пагоня” аформлена экспазіцыя, прысвечаная дзейнасці Згуртавання. Пра гэта паведаміў старшыня Севастопальскай “Пагоні” Валеры Барташ.
На экспазіцыі прадстаўлены дакументы ўсіх 5-ці З’ездаў беларусаў свету, фотаздымкі, якія адлюстроўваюць дзейнасць Згуртавання “Бацькаўшчына”, кнігі з дароўнымі надпісамі. Па словах Валерыя Барташа, “асаблівую цікавасць выклікае праграма другога з’езда “Бацькаўшчыны” з подпісам першага прэзідэнта арганізацыі, беларускага прарока, пісьменніка Васіля Быкава”.
26 лістапада, у дзень, калі ў Мінску адбудзецца святочная імпрэза з нагоды 20-гадовага юбілею “Бацькаўшчыны”, у Севастопалі пройдзе пасяджэнне сябраў таварыства “Пагоня”, прысвечанае юбілею Згуртавання.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”