Акрамя сябраў Малой Рады, на пасяджэнні прысутнічалі госці з замежжа: апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў замежжа айцец Аляксандр Надсан з Лондана, старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага Алег Рудакоў і старшыня Таварыства беларускай мовы Віленскага краю Юрась Юркевіч.
Адкрыла святочнае пасяджэнне старшыня Рады “Бацькаўшчыны” Ніна Шыдлоўская. Яна павіншавала прысутных з юбілеем і выказала падзяку ў першую чаргу ўсім кіраўнікам “Бацькаўшчыны”, якія неслі асноўны цяжар працы і бралі на сябе адказнасць за дзейнасць сябраў арганізацыі: Радзім Гарэцкі, Анатоль Грыцкевіч, Аляксей Марачкін, Ганна Сурмач, Яўген Лецка, Валеры Герасімаў, Барыс Стук.
Ніна Шыдлоўская распавяла пра дзейнасць Згуртавання за апошні час. Адзначыла, што рэгулярнае інфармаванне сяброў Згуртавання пра ўсё, што адбываецца ў жыцці “Бацькаўшчыны”, адбываецца праз бюлетэнь “Беларусы ў свеце”, а таксама сайт zbsb.org.
Адным з важнейшых накірункаў дзейнасці “Бацькаўшчыны” ёсць прадстаўленне і адстойванне інтарэсаў беларускай дыяспары на дзяржаўным узроўні. Важнейшым дасягненнем у гэтым накірунку можна лічыць вяртанне дзяржаўных органаў да працы над законам аб беларусах замежжа. “Бацькаўшчына” запрошана да ўдзелу ў Рабочую групу па распрацоўцы законапраекта пры Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў. На сённяшні дзень адбылося два пасяджэнні Рабочай групы. Адно з прынцыповых пытанняў, якое абмяркоўвалася падчас гэтых пасяджэнняў, тычыцца назвы закона. “Бацькаўшчына” адстойвала назву “Аб беларусах замежжа”. Са свайго боку МЗС прапаноўваў назваць закон “Аб суайчынніках, што пражываюць за мяжой”. У выніку дыскусій на другім пасяджэнні Рабочай групы было вырашана прапанаваць Палаце прадстаўнікоў як працоўную назву – закон “Аб беларускіх суайчынніках за мяжой”.
Падчас пасяджэння сябрамі Малой Рады было прынята рашэнне вынесці пытанне аб назве закона на Вялікую Раду.
Яшчэ адным пазітыўны крокам у плане прадстаўлення інтарэсаў дыяспары на дзяржаўным узроўні ёсць запрашэнне кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” і некаторых сябраў Вялікай Рады да ўдзелу ў працы Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа (падрабязней пра гэта глядзі чэрвеньскі нумар бюлетэня “Беларусы ў свеце” (№6 (101) за 2010 г.), а таксама інфармацыя ў прэсе пра стварэнне Інстытута культуры Беларусі, які плануе працаваць з грамадскімі арганізацыямі, у тым ліку і са Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Важнай і значнай застаецца для Згуртавання праца па пашырэнні ведаў пра беларускія суполкі, дзеячаў беларускага замежжа ў Беларусі. З гэтай мэтай “Бацькаўшчынай” быў распачаты шэраг сустрэч з выбітнымі дзеячамі беларускага замежжа. Нагадаем, на сённяшні дзень ужо прайшлі сустрэчы са старшынём Тавараства беларускай культуры ў Літве Хведарам Нюнькам, айцом Аляксандрам Надсанам, старшынём ІТБК імя Яна Чэрскага Алегам Рудаковым, стваральнікам і каардынатарам Беларускай Інтэрнет-Бібліятэкі Kamunikat.org Яраславам Іванюком і яго калегай Наталляй Герасімюк. Акрамя таго, у гэтым годзе, 6 красавіка, “Бацькаўшчына” ладзіла святочную вечарыну, прысвечаную 100-гадоваму юбілею Барыса Кіта. Ніна Шыдлоўская нагадала таксама, што “Бацькаўшчына” падтрымлівае многія мерапрыемствы іншых грамадскіх арганізацый і ініцыятыў. Так, традыцыйна штогод супольна з Таварыствам беларускай мовы ладзіцца Агульнанацыянальная дыктоўка.
Расповед Ніны Шылоўскай працягнула кіраўнік Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская. Яна звярнула ўвагу на супрацу “Бацькаўшчыны” з беларускімі суполкамі замежжа. “Мы падтрымліваем штодзённы кантакт па электроннай пошце, па тэлефоне, стараемся адказваць на ўсе просьбы, з якімі да нас звяртаюцца беларусы замежжа, падтрымліваем моладзевыя ініцыятывы, – сказала Алена Макоўская. – Да прыкладу, у гэтым годзе мы падтрымалі ініцыятыву беларускай моладзі з Санкт-Пецярбурга па правядзенні памятнай вечарыны ў гонар Васіля Быкава; таксама аказалі падтрымку ў правядзенні канцэрта-прэзентацыі праекта Лявона Вольскага “Белая яблыня грому” ў Вільні; супольна з Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй “Беларусы Расіі” ладзілі прэзентацыю праекта “У нескладовае” ў Макве”. Таксама Алена Макоўская распавяла пра працу па павышэнні нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў, якая вядзецца ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Пра ўсе марапрыемствы кампаніі можна прачытаць на сайце budzma.org. Адзначым толькі, што за апошнія тры месяцы ў межах кампаніі адбылося каля 180 імпрэзаў у розных месцах Беларусі.
З прысутных на пасяджэнні гасцей з замежжа першым выступіў айцец Аляксандр Надсан. Ён звярнуў увагу на цяжкае становішча, у якім знаходзіцца сёння беларуская мова, а таксама выказаў здзіўленне тым, што новы Закон аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, які ўвайшоў у сілу з першага верасня, прымаўся людзьмі, якія ў штодзённым жыцці не карыстаюцца беларускай мовай. “Тут як быццам ёсць два паралельныя светы, якія жывуць розным жыццём. Гэта ненатуральна, – сказаў айцец Аляксандр. – Беларуская мова ўсё ж такі загнаная ў гета. Калі я прыязджаў у Беларусь у 1995-96 гг., было небяспечна сказаць слова па-беларуску. Цяпер ёсць абыякавасць да беларускага слова. Я не ведаю, што лепей. Абыякавасць, можа, яшчэ больш небяспечная”. Напрыканцы айцец Аляксандр пажадаў поспехаў у працы Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына”, грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Таварыству беларускай мовы: “Гэтыя арганізацыі дзейнічаюць, каб беларусы знайшлі сваё пачуццё годнасці. Жадаю плёну ў вашай працы ў гэтым накірунку!”
Павіншаваў “Бацькаўшчыну” з 20-годдзем і падарыў фірмовыя цішоткі з эмблемай ІТБК імя Я. Чэрскага яго старшыня Алег Рудакоў. Ён паведаміў, што 16-18 снежня 2010 г. ІТБК ладзіць міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “100-годдзе Сталыпінская рэформы - самага масавага перасялення беларусаў у Прыбайкалле”. Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца навукоўцы, студэнты, краязнаўцы, гісторыкі, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк і іншыя зацікаўленыя спецыялісты. Алег Рудакоў звярнуўся да прысутных з просьбай аказаць спрыянне ў пошукаў спецыялістаў па тэме канферэнцыі. Падрабязныя ўмовы ўдзелу і праграма канферэнцыі размешчана на сайце zbsb.org у раздзеле “Абвесткі”.
Старшыня Таварыства беларускай мовы Віленскага краю Юрась Юркевіч таксама павіншаваў “Бацькаўшчыну” з юбілеем і пажадаў далейшых поспехаў у працы. Ён паведаміў пра тое, што нядаўна ў Эстоніі былі адкрыты 2 беларускія класы: у Таліне і ў Йыхві. Ёсць перспектыва адкрыцця да канца года яшчэ некалькіх класаў у іншых гарадах Эстоніі. Таксама Юрась Юркевіч паведаміў, што нядаўна Таварыствам беларускай мовы Віленскага краю была адкрыта памятная шыльда ў гонар Францішка Багушэвіча ў Вільні. Ёсць ініцыятывы па ўшанаванні памяці беларускіх дзеячаў у Тарту (Эстонія) і ў Даўгаўпілсе (Латвія). “Важна, каб беларусы замежжа гаварылі за сябе самі. У гэтым сэнсе важна мець свой друкаваны орган ці тэлевізію. Неабходна мець свой візуальны вобраз. Добры прыклад – тэлевізійны канал ARU-TV, нядаўна створаны ў Эстоніі. Не трэба чакаць падтрымкі ад дзяржавы. Дыяспары важна працаваць і мець свой голас”, – адзначыў Юрась Юркевіч.
Таксама на пасяджэнні выступіў Уладзімір Арлоў. Ён нагадаў прысутным аб набліжэнні 150-цігоддзя паўстання Кастуся Каліноўскага. У сувязі з гэтым неабходна выправіць дату нараджэння Кастуся Каліноўскага на памятнай пліце, усталяванай на месцы яго пакарання ў Вільні. Справа ў тым, што на пліце памылкова ўказаны год нараджэння Кастуся Каліноўскага як 1836–ы, а не 1838-ы. На думку Уладзіміра Арлова, лепей за ўсё было б не проста выправіць няправільную лічбу, а цалкам перарабіць шыльду, замяніўшы рускі тэкст на беларуска- і літоўскамоўны.
Напрыканцы іпрэзы з прапановай адзначыць належным чынам 90-годдзе Слуцкага збройнага чыну выступіў Алег Трусаў. Вырашана абмеркаваць гэтае пытанне на наступным пасяджэнні Управы.
Завяршылася пасяджэнне святочнай сяброўскай вячэрай.
Нагадаем, шырокая грамадская імпрэза, прысвечаная 20-гадоваму юбілею “Бацькаўшчыны”, з удзелам прадстаўнікоў дыяспары, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў Беларусі, музыкаў адбудзецца 26 лістапада ў Мінску.