Дзеля яднання беларусаў свету

Два дзесяцігоддзі МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» працуе дзеля яднання беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне. Пра дасягненні Згуртавання беларусаў свету, сучасны стан беларускай дыяспары са старшынёй Рады Нінай Шыдлоўскай размаўляла Вольга Хвоін.

Два дзесяцігоддзі МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» працуе дзеля яднання беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне. Арганізацыя зведала прыхільнасць і няласку ўладаў, але выстаяла і цяпер знаходзіцца ў ліку даволі паспяховых структур, што працуюць на ніве беларушчыны. Летась «Бацькаўшчына» змяніла сваё кіраўніцтва і пад патранажам Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай стала больш сучаснай, цікавай людзям.  Пра дасягненні Згуртавання беларусаў свету, сучасны стан беларускай дыяспары са старшынёй Рады Нінай Шыдлоўскай размаўляла Вольга Хвоін.

Радзім Гарэцкі і Вітаўт Кіпель падчас III з’езду беларусаў свету, ліпень 2001 г

— Летась адбыўся Пяты з’езд «Бацькаўшчыны». Апроч сябраў арганізацыі ў яго працы актыўна ўдзельнічалі і прадстаўнікі дзяржаўных органаў. Узгадвалі, што беларуская дыяспара пазбаўленая ўвагі дзяржавы. Ці нешта змянілася за гэты год? — Гаварыць, што дзяржава ўвогуле не працавала ўвесь гэты час з беларусамі замежжа, нельга. Іншая справа, што супрацоўніцтва мела кропкавы характар, найперш па эканамічных пытаннях. Не было сістэмнага падыходу, разумення таго, што з беларусамі замежжа трэба працаваць незалежна ад іх палітычнай арыентацыі. Яднаючы на нацыянальнай, культурнай ніве, як тое робіць «Бацькаўшчына», хоць гэта і нясціпла гучыць, можна знаходзіць людзей па ўсім свеце, прыцягваць іх да супрацы. Пэўныя зрухі ў супрацоўніцтве з чыноўнікамі з’явіліся, але мы не цешымся ілюзіямі, што ў гэтым кірунку будзе росквіт, усё стане ідэальна. Дзяржаўная бюракратычная машына нязграбная, ёй патрэбны час. У супрацоўніцтве з дыяспарай мусіць быць задзейнічаны цэлы шэраг міністэрстваў і ведамстваў, і тут ёсць праблема: практычна няма спецыялістаў па дыяспары, няма ведаў і разумення працэсаў, што адбываліся і адбываюцца ў асяродках беларусаў, якія жывуць за мяжой.

Алена Макоўская

Ніна Шыдлоўская

Галоўным дасягненнем у стасунках з дзяржавай ёсць аднаўленне працы па закону «Аб беларусах замежжа». Былі сустрэчы працоўных груп, ужо прагавораныя назва, мова, тэрміналогія. Практычнае напаўненне закона будзе абмяркоўвацца падчас наступных сустрэчаў. Думаю, калі праца пойдзе ў такім тэмпе, то наступнай восенню мы ўжо атрымаем гатовы законапраект. Важны момант: нарэшце прыйшло ўсведамленне таго, што за ўзор для беларускага закона трэба браць заканадаўства ўнітарных краінаў. Ад пачатку бралася заканадаўства Расіі, але гэта федэрацыя, і адносіны з прадстаўнікамі нацыянальнасцяў там будуюцца па-іншаму.

Кропкава, але ўсё ж адбылася дапамога дзяржавы беларускім школам за мяжой. Няма інстытута беларускай дыяспары, і дзяржслужбоўцы не валодаюць сітуацыяй. Ад нас яны даведаліся, што ёсць сур’ёзныя праблемы з беларускім школьніцтвам за мяжой, і ад імя Адміністрацыі прэзідэнта ці не ўпершыню была дапамога рыжскай беларускай школе, асобныя класы ў Польшчы атрымалі ў верасні падарункі. Міністэрствам культуры рыхтуецца праграма «Беларусы ў свеце», мы будзем уносіць свае прапановы. То бок пайшлі зрухі, але дэфіцыт спецыялістаў у дзяржструктурах па дыяспары ускладняе гэты працэс.— Але ці ёсць запатрабаванасць у такіх кантактах з боку беларусаў замежжа? — На кожным з’ездзе беларусаў свету, незалежна ад сімпатый да палітычных працэсаў унутры Беларусі, выказваюцца пажаданні, каб была падтрымка з боку дзяржавы, бо ідзе асіміляцыя беларусаў за мяжой. У суполках беларускай дыяспары слабая пераемнасць. Хваля пасляваеннай эміграцыі была моцнай, уплывовай. Яны стваралі беларускія асяродкі. Потым былі хвалі эканамічнай эміграцыі, і гэтыя людзі шукаюць партнёраў не паводле прынцыпу нацыянальнасці, а паводле эканамічнай мэтазгоднасці. Слабая самаідэнтыфікацыя ўнутры Беларусі ўплывае на тое, што, з’язджаючы з краіны, людзі часта ці асімілююцца ў краіне пражывання, ці далучаюцца да тых дыяспар, якія найперш гатовыя аказаць ім эканамічную падтрымку. — Наколькі актыўныя беларусы ў сумежных краінах? — На этнічных землях людзі найбольш імкнуцца трымацца сувязяў з Беларуссю. На Віленшчыне, Беласточчыне повязь з нашай краінай ці не наймацнейшая, бо гэтыя беларусы не пакідалі сваю зямлю. Таму і культурніцкае, і грамадскае жыццё ў асяродку беларусаў Польшчы, Літвы не спыняецца. Праўда, ёсць праблема: тыя ж палякі не зацікаўленыя ва ўмацаванні нацыянальных асяродкаў, і гэта натуральна для любой дзяржавы. Таму, не маючы запатрабаванасці з боку беларускай дзяржавы, этнічныя беларусы Польшчы змяняюць свой статус. Перадапошні перапіс паказаў каля 300 тысяч беларусаў на тэрыторыі Польшчы, а падчас апошняга беларусамі запісалася менш за 50 тысяч чалавек. Няма іміджавай матывацыі, культурніцкіх, эканамічных сувязяў з Беларуссю. — Вы ўвесь час вяртаецеся да таго, што ў самой краіне, метраполіі ў людзей ёсць праблемы ў самаідэнтыфікацыі. Як вы ацэньваеце гэтыя працэсы? — Ёсць пэўная стагнацыя, бо ўсё ж вырасла пакаленне дзяцей, якія вучыліся па ўсечаных падручніках. Прагалы ў адукацыі, абазнанасці ў беларускай тэматыцы моцна адчуваюцца. Але цікаўнасць да беларускай мовы, культуры ёсць. Мінулай восенню мы праводзілі сацыялагічнае апытанне. Выявілася, што, напрыклад, сучасных беларускіх музыкаў мала хто ведае. Называюць імёны яшчэ з БССРаўскіх часоў. Эстрада, якая прапануецца праз дзяржаўныя СМІ, саступае расійскай, таму яна нецікавая беларусам. А сучасныя гурты і выканаўцы, што трымаюцца беларускага вектару, застаюцца малавядомыя. Дарэчы менавіта з мэтай павышэння нацыянальнай самаідэнтыфікацыі “Бацькаўшчына” ініцыявала правядзенне грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.— Чаму вы вырашылі займацца справамі беларускай дыяспары? — Кожны з нас у «Бацькаўшчыну» прыйшоў па-свойму. Сваю дзейнасць я пачынала ў палітычным полі, але прыйшло ўсведамленне, што палітычныя сілы вырашаюць толькі кароткатэрміновыя задачы. А ў падмурку няма агульных каштоўнасцяў, і гэта адна з прычынаў паразы. Гэтай працай ніхто доўгатэрмінова не займаўся. Пасля знаёмства з такімі асобамі, як Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, я знайшла тое, што мне бліжэй. Магчыма, гэта праца больш руцінная, але, на маю думку, і больш глабальная.— Цяпер ідзе перадвыбарчая кампанія. Калі ўздымаецца пытанне пра магчымую жанчыну-прэзідэнта Беларусі, то называюць вас і Алену Макоўскую. Гатовыя былі б змяніць сферу дзейнасці? — Я мяркую, што цяпер я на сваім месцы. Усяму свой час, і кожнаму — свае задачы. Хаця ніхто не ведае да канца свайго жыццёвага шляху. Цяпер я на сваім месцы і прыношу карысць сваёй дзейнасцю. А далей час пакажа. ------------------------------------------------------------------------------Топ–5 значных падзей у гісторыі «Бацькаўшчыны» Першы з’езд беларусаў свету. Ён даў штуршок да кансалідацыі беларусаў у Беларусі і за мяжой. Аднаўленне крыжа Ефрасінні Полацкай. Гэта была ініцыятыва «Бацькаўшчыны», на пазнейшым этапе далучылася праваслаўная царква, дзяржава. Заснаванне серыі «Бібліятэка «Бацькаўшчыны». За гэты час выйшла 19 кніг. Таксама па-за серыяй выйшла ў свет 37 кніг на гістарычную, літаратурна-мастацкую тэматыку, 8 дзіцячых. Кампанія «Будзьма беларусамі!». Скіраваная на тое, каб беларусы ўнутры краіны і па-за яе межамі цанілі самабытнасць, пачуццё годнасці, мелі яснае бачанне перспектывы і імкнуліся быць аб’яднаным народам. Зрух у прыняцці заканадаўства аб беларусах замежжа. Пытанне аб падрыхтоўцы закона, які рэгулюе прававыя адносіны паміж метраполіяй і беларусамі замежжа, было ўзнята яшчэ ў 2001 годзе, але праца над законапраектам далёка не зрушылася. Напрыканцы 2009 года кіраўніцтва Бацькаўшчыны» атрымала запрашэнне да ўдзелу ў працы рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб беларусах замежжа».

Вольга Хвоін, "Новы час"