Два дзесяцігоддзі МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» працуе дзеля яднання беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне. Арганізацыя зведала прыхільнасць і няласку ўладаў, але выстаяла і цяпер знаходзіцца ў ліку даволі паспяховых структур, што працуюць на ніве беларушчыны. Летась «Бацькаўшчына» змяніла сваё кіраўніцтва і пад патранажам Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай стала больш сучаснай, цікавай людзям. Пра дасягненні Згуртавання беларусаў свету, сучасны стан беларускай дыяспары са старшынёй Рады Нінай Шыдлоўскай размаўляла Вольга Хвоін.
— Летась адбыўся Пяты з’езд «Бацькаўшчыны». Апроч сябраў арганізацыі ў яго працы актыўна ўдзельнічалі і прадстаўнікі дзяржаўных органаў. Узгадвалі, што беларуская дыяспара пазбаўленая ўвагі дзяржавы. Ці нешта змянілася за гэты год? — Гаварыць, што дзяржава ўвогуле не працавала ўвесь гэты час з беларусамі замежжа, нельга. Іншая справа, што супрацоўніцтва мела кропкавы характар, найперш па эканамічных пытаннях. Не было сістэмнага падыходу, разумення таго, што з беларусамі замежжа трэба працаваць незалежна ад іх палітычнай арыентацыі. Яднаючы на нацыянальнай, культурнай ніве, як тое робіць «Бацькаўшчына», хоць гэта і нясціпла гучыць, можна знаходзіць людзей па ўсім свеце, прыцягваць іх да супрацы. Пэўныя зрухі ў супрацоўніцтве з чыноўнікамі з’явіліся, але мы не цешымся ілюзіямі, што ў гэтым кірунку будзе росквіт, усё стане ідэальна. Дзяржаўная бюракратычная машына нязграбная, ёй патрэбны час. У супрацоўніцтве з дыяспарай мусіць быць задзейнічаны цэлы шэраг міністэрстваў і ведамстваў, і тут ёсць праблема: практычна няма спецыялістаў па дыяспары, няма ведаў і разумення працэсаў, што адбываліся і адбываюцца ў асяродках беларусаў, якія жывуць за мяжой.
Алена Макоўская
Ніна Шыдлоўская
Галоўным дасягненнем у стасунках з дзяржавай ёсць аднаўленне працы па закону «Аб беларусах замежжа». Былі сустрэчы працоўных груп, ужо прагавораныя назва, мова, тэрміналогія. Практычнае напаўненне закона будзе абмяркоўвацца падчас наступных сустрэчаў. Думаю, калі праца пойдзе ў такім тэмпе, то наступнай восенню мы ўжо атрымаем гатовы законапраект. Важны момант: нарэшце прыйшло ўсведамленне таго, што за ўзор для беларускага закона трэба браць заканадаўства ўнітарных краінаў. Ад пачатку бралася заканадаўства Расіі, але гэта федэрацыя, і адносіны з прадстаўнікамі нацыянальнасцяў там будуюцца па-іншаму.
Кропкава, але ўсё ж адбылася дапамога дзяржавы беларускім школам за мяжой. Няма інстытута беларускай дыяспары, і дзяржслужбоўцы не валодаюць сітуацыяй. Ад нас яны даведаліся, што ёсць сур’ёзныя праблемы з беларускім школьніцтвам за мяжой, і ад імя Адміністрацыі прэзідэнта ці не ўпершыню была дапамога рыжскай беларускай школе, асобныя класы ў Польшчы атрымалі ў верасні падарункі. Міністэрствам культуры рыхтуецца праграма «Беларусы ў свеце», мы будзем уносіць свае прапановы. То бок пайшлі зрухі, але дэфіцыт спецыялістаў у дзяржструктурах па дыяспары ускладняе гэты працэс.— Але ці ёсць запатрабаванасць у такіх кантактах з боку беларусаў замежжа? — На кожным з’ездзе беларусаў свету, незалежна ад сімпатый да палітычных працэсаў унутры Беларусі, выказваюцца пажаданні, каб была падтрымка з боку дзяржавы, бо ідзе асіміляцыя беларусаў за мяжой. У суполках беларускай дыяспары слабая пераемнасць. Хваля пасляваеннай эміграцыі была моцнай, уплывовай. Яны стваралі беларускія асяродкі. Потым былі хвалі эканамічнай эміграцыі, і гэтыя людзі шукаюць партнёраў не паводле прынцыпу нацыянальнасці, а паводле эканамічнай мэтазгоднасці. Слабая самаідэнтыфікацыя ўнутры Беларусі ўплывае на тое, што, з’язджаючы з краіны, людзі часта ці асімілююцца ў краіне пражывання, ці далучаюцца да тых дыяспар, якія найперш гатовыя аказаць ім эканамічную падтрымку. — Наколькі актыўныя беларусы ў сумежных краінах? — На этнічных землях людзі найбольш імкнуцца трымацца сувязяў з Беларуссю. На Віленшчыне, Беласточчыне повязь з нашай краінай ці не наймацнейшая, бо гэтыя беларусы не пакідалі сваю зямлю. Таму і культурніцкае, і грамадскае жыццё ў асяродку беларусаў Польшчы, Літвы не спыняецца. Праўда, ёсць праблема: тыя ж палякі не зацікаўленыя ва ўмацаванні нацыянальных асяродкаў, і гэта натуральна для любой дзяржавы. Таму, не маючы запатрабаванасці з боку беларускай дзяржавы, этнічныя беларусы Польшчы змяняюць свой статус. Перадапошні перапіс паказаў каля 300 тысяч беларусаў на тэрыторыі Польшчы, а падчас апошняга беларусамі запісалася менш за 50 тысяч чалавек. Няма іміджавай матывацыі, культурніцкіх, эканамічных сувязяў з Беларуссю. — Вы ўвесь час вяртаецеся да таго, што ў самой краіне, метраполіі ў людзей ёсць праблемы ў самаідэнтыфікацыі. Як вы ацэньваеце гэтыя працэсы? — Ёсць пэўная стагнацыя, бо ўсё ж вырасла пакаленне дзяцей, якія вучыліся па ўсечаных падручніках. Прагалы ў адукацыі, абазнанасці ў беларускай тэматыцы моцна адчуваюцца. Але цікаўнасць да беларускай мовы, культуры ёсць. Мінулай восенню мы праводзілі сацыялагічнае апытанне. Выявілася, што, напрыклад, сучасных беларускіх музыкаў мала хто ведае. Называюць імёны яшчэ з БССРаўскіх часоў. Эстрада, якая прапануецца праз дзяржаўныя СМІ, саступае расійскай, таму яна нецікавая беларусам. А сучасныя гурты і выканаўцы, што трымаюцца беларускага вектару, застаюцца малавядомыя. Дарэчы менавіта з мэтай павышэння нацыянальнай самаідэнтыфікацыі “Бацькаўшчына” ініцыявала правядзенне грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.— Чаму вы вырашылі займацца справамі беларускай дыяспары? — Кожны з нас у «Бацькаўшчыну» прыйшоў па-свойму. Сваю дзейнасць я пачынала ў палітычным полі, але прыйшло ўсведамленне, што палітычныя сілы вырашаюць толькі кароткатэрміновыя задачы. А ў падмурку няма агульных каштоўнасцяў, і гэта адна з прычынаў паразы. Гэтай працай ніхто доўгатэрмінова не займаўся. Пасля знаёмства з такімі асобамі, як Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, я знайшла тое, што мне бліжэй. Магчыма, гэта праца больш руцінная, але, на маю думку, і больш глабальная.— Цяпер ідзе перадвыбарчая кампанія. Калі ўздымаецца пытанне пра магчымую жанчыну-прэзідэнта Беларусі, то называюць вас і Алену Макоўскую. Гатовыя былі б змяніць сферу дзейнасці? — Я мяркую, што цяпер я на сваім месцы. Усяму свой час, і кожнаму — свае задачы. Хаця ніхто не ведае да канца свайго жыццёвага шляху. Цяпер я на сваім месцы і прыношу карысць сваёй дзейнасцю. А далей час пакажа. ------------------------------------------------------------------------------Топ–5 значных падзей у гісторыі «Бацькаўшчыны» Першы з’езд беларусаў свету. Ён даў штуршок да кансалідацыі беларусаў у Беларусі і за мяжой. Аднаўленне крыжа Ефрасінні Полацкай. Гэта была ініцыятыва «Бацькаўшчыны», на пазнейшым этапе далучылася праваслаўная царква, дзяржава. Заснаванне серыі «Бібліятэка «Бацькаўшчыны». За гэты час выйшла 19 кніг. Таксама па-за серыяй выйшла ў свет 37 кніг на гістарычную, літаратурна-мастацкую тэматыку, 8 дзіцячых. Кампанія «Будзьма беларусамі!». Скіраваная на тое, каб беларусы ўнутры краіны і па-за яе межамі цанілі самабытнасць, пачуццё годнасці, мелі яснае бачанне перспектывы і імкнуліся быць аб’яднаным народам. Зрух у прыняцці заканадаўства аб беларусах замежжа. Пытанне аб падрыхтоўцы закона, які рэгулюе прававыя адносіны паміж метраполіяй і беларусамі замежжа, было ўзнята яшчэ ў 2001 годзе, але праца над законапраектам далёка не зрушылася. Напрыканцы 2009 года кіраўніцтва Бацькаўшчыны» атрымала запрашэнне да ўдзелу ў працы рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб беларусах замежжа».
Вольга Хвоін, "Новы час"