У новым нумары бюлетэня за ліпень-жнівень можна прачытаць пра тое, як адзначылі 100-гадовы юбілей Ларысы Геніюш ў Празе і Севастопалі, а таксама пра юбілей беларускага садка ў Беластоку; творчасць вядомай беларускай мастачкі, дызайнера і пісьменніцы з Канады Ірыны Варабей; прэзентацыю кнігі “Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рэіміграцыя ў СССР (1930-1960-я гг.)” у Аргенціне ды іншыя навіны з жыцця беларусаў па ўсім свеце.
Таксама ў гэтым нумары можна даведацца пра апошнія навіны МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, прачытаўшы артыкулы:
“Бойня №5” Курта Вонэгута па-беларуску” (стар. 4): Убачыў свет раман амерыканскага пісьменніка Курта Вонэгута “Бойня №5 або Крыжовы паход дзетак” у перакладзе на беларускую мову Паўла Касцюкевіча. Гэтая кніга стала першай у адмыслова заснаванай Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” падсерыі “Пераклады” серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”.
“Прамень надзеі” (стар. 5): Падобна да таго, што беларускія ўлады пачулі нарэшце голас “Бацькаўшчыны” і павярнуліся тварам да беларусаў замежжа. Хаця нявырашаных пытанняў вельмі шмат, заўважныя пазітыўныя тэндэнцыі ў супрацы дзяржаўных органаў Беларусі і беларускай дыяспары.
“Шыльда Ларысы Геніюш у Празе пакуль не з'явілася” (стар. 4): Уладальнік дома нечакана адмовіўся ад ранейшай згоды на размяшчэнне на сцяне будынка мемарыяльнай дошкі.
“Выйшаў чарговы “Кніганоша” (стар. 5): У рубрыцы “Аўтограф” увазе чытачоў прадстаўленая гутарка з вядомым беларускім філосафам і літаратурным крытыкам Валянцінам Акудовічам, чый юбілей незвычайным чынам адсвяткавалі прыхільнікі яго творчасці ў чэрвені.
Спампаваць апошні нумар бюлетэня.
Інфармацыйны цэнтр МГА “БС “Бацькаўшчына”
Калі ласка, калі вы маеце інфармацыю пра дзейнасць і мерапрыемствы, якія праводзяць беларусы па ўсім свеце, дасылайце нам на скрынку zbsb@tut.by