За гэты час адбылося ў жыцці “Бацькаўшчыны” шмат падзеяў. Пра большасць з іх мы рэгулярна інфармуем чытачоў на сайце ў раздзеле “Навіны Бацькаўшчыны”, а таксама ў бюлетэні “Беларусы ў свеце”. Таму спынімся толькі на некаторых момантах.
Падчас пасяджэння Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская падрабязна распавялі сябрам Управы пра дзейнасць Згуртавання па супрацы з беларускімі арганізацыямі ў замежжы. Тут асобна хацелася б адзначыць падтрымку Згуртаваннем “Бацькаўшчына” праекту Рамана Арлова “У нескладовае”. Праект мае досыць амбіцыйную мэту – заваяванне маскоўскай, а пасля і ўсерасійскай аўдыторыі. Як сказала падчас пасяджэння Алена Макоўская, “маем намер ісці на Маскву”. Гэта звязана з тым, што большасць папулярнай музыкі якраз і прыходзіць ў Беларусь з Масквы. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” мае намер супольна з ФНКА “Беларусы Масквы” зладзіць ў Расіі шэраг канцэртаў праекта “У нескладовае”. Першы такі канцэрт прайшоў 5 чэрвеня у маскоўскім клубе “Меццо-Форте”.
Падчас справаздачнага дакладу была звертнута ўвага і на працу Згуртавання па каардынацыі грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Пра ўсё, што адбываецца ў межах кампаніі, можна прачытаць на сайце budzma.org. Адзначым, што за апошнія 3 месяцы у межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылося 187 мерапрыемстваў у 35-ці населеных пунктах.
Ніна Шыдлоўская распавяла пра супрацу “Бацькаўшчыны” з дзяржаўнымі органамі Беларусі, у тым ліку і пра працу над законам “Аб беларусах замежжа”. На сённяшні дзень адбылося 2 пасяджэнні рабочай групы па распрацоўцы праекта закона, у якіх бралі ўдзел кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская і старшыня Рады Ніна Шыдлоўская. Па яе словах, другое пасяджэнне, якое адбылося 7 верасня, прыйшло ў канструктыўным ключы. Большасць прынятых фармулёвак сэнсава адпавядаюць прапановам у праект закона “Аб беларусах замежжа”, зацверджаным дэлегатамі Пятага з’езда беларусаў свету. Што тычыцца назвы закона, то пакуль прыняты кампрамісны варыянт – “Закон аб беларускіх суайчынніках замежжа”. Абмяркоўвалася і неабходнасць стварэння адмысловага дакумента, які пацвярджаў бы статус беларуса замежжа і гарантаваў бы зацверджаныя законам правы і ільготы яго уладальніку. У гэтым плане “Бацькаўшчына” атрымала падтрымку з боку МУС і МЗС. Прапанаваная працоўная назва дакумента – “Пасведчанне беларуса замежжа”.
У плане супрацы з дзяржорганамі прыемнай навіной стала інфармацыя на сайце “БЕЛТА” пра стварэнне Інстытута культуры Беларусі. “Інстытут ставіць сабе за мэту шырокую прэзентацыю беларускай культуры за мяжой, а таксама падтрыманне супрацоўніцтва з беларусамі замежжа (у тым ліку, з грамадскім аб'яднаннем "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"). У бліжэйшы час Інстытут зоймецца распрацоўкай праграмы "Беларусы ў свеце", – піша “БЕЛТА”.
Акрамя справаздачнай інфармацыі пра дзейнасць “Бацькаўшчыны”, сябры Управы даведаліся і аб бліжэйшых мерапрыемствах Згуртавання ў Беларусі, у тым ліку аб выданні кніг. У хуткім часе ўбачыць свет кніга перакладаў беларускай літаратаркі з Канады Ірыны Варабей пад назвай “Легенды Ванкувера” (аўтар Паўлін Джонсан-Текеянўакей). Гэта будзе другая кніга ў заснаванай Згуртаваннем падсерыі “Пераклады” серыі “Бібліятэка “Бацькаўшчыны”. Ёсць планы па перавыданні кнігі Анатоля Грыцкевіча “Старонкі нашай мінуўшчыны” і кнігі Алега Трусава “Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах". Што тычыцца апошняй, то сіламі аўтара вядзецца праца над перакладам кнігі на англійскую мову, і перавыданне кнігі выйдзе на двух мовах – беларускай і англійскай.
29 верасня адбудзецца прэзентацыя інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”. Гэтая імпрэза ладзіцца ў працяг распачатага “Бацькаўшчынай” напачатку года цыклу сустрэч з вядомымі беларусамі замежжа. Акрамя дырэктара бібліятэкі “Камунікат” Яраслава Іванюка, у сустрэчы возьме ўдзел беларуская журналістка з Польшчы, стваральніца беларускай бібліятэкі пры музеі Беларускай культуры ў Гайнаўцы Наталля Герасімюк.
У кастрычніку плануецца правесці ў Мінску прэзентацыю кнігі Алеся Адамковіча “Беларусы ў Літве: учора і сёння. Кніга І”, выдадзенай вясной гэтага года ў Літве.
У бліжэйшых планах таксама і дасылка па суполках беларускай дыяспары дакументальна-публіцыстычнага фільма “Эпоха Барадуліна”, створанага рэжысёрам Віктарам Корзунам і Касяй Камоцкай, якая выступіла ў ролі прадзюсэра ды вядоўцы інтэрв’ю.
Самым прыемным момантам пасяджэння Управы стала абмеркаванне святкавання 20-гадовага юбілею “Бацькаўшчыны”. Прынята рашэнне арганізаваць шырокую грамадскую імпрэзу, прысвечаную юбілею, з удзелам прадстаўнікоў дыяспары, музыкаў, грамадскіх дзеячаў Беларусі 22 кастрычніка. Гэтая дата абраная невыпадкова. Якраз у гэты дзень у Мінску будзе айцец Аляксандр Надсан. Таму вырашана скарыстацца магчымасцю пабачыць яго на святочнай вечарыне “Бацькаўшчыны”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”