Будзьма з “У нескладовым” у Маскве!

Новы праект-антрэпріза Рамана Арлова (экс-J_Морс) “У нескладовае” распачынае серыю канцэртаў у Маскве і рыхтуецца да здымак кліпу супольна з грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.

Новы праект-антрэпріза Рамана Арлова (экс-J_Морс) “У нескладовае” распачынае серыю канцэртаў у Маскве і рыхтуецца да здымак кліпу супольна з грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.

Раман Арлоў

Нагадаем, канцэрт-прэзентацыя творчасці праекта “У нескладовае” адбылася 23 красавіка ў мінскім клубе “Рэактар” у межах фэсту “Дастыш фантастыш!” пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. А ўжо ў бліжэйшую суботу, 5 чэрвеня, шанец пачуць праект “ У нескладовае” атрымаюць жыхары Масквы. У гэты дзень у маскоўскім клубе “Меццо-Форте” адбудзецца першы канцэрт з серыі беларускіх канцэртаў-вечарынак пад назвай “Сіні пашпарт”, у якім возьмуць удзел гурты “Палац” і “У нескладовае”. Менавіта такім чынам ідэолагі “У нескладовага” Раман Арлоў і Вадзім Марголін пачынаюць рухацца ў бок здзяйснення пастаўленай мэты – папулярызацыі беларускамоўнай музыкі ў Маскве і Расіі. Правядзенню гэтага канцэрта паспрыялі МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Федэральная нацынальна-культурная аўтаномія “Беларусы Расіі”. “У нескладовае” – першы беларускі праект, які сабраў вакол сябе поп-, рок- і этна-зорак беларускай музыкі. Разам з Арловым у праекце “У нескладовае” ўдзельнічаюць Ганна Хітрык, Юля Глушыцкая, Андрэй Сапоненка (“Дзецідзяцей”), Віктар Рудэнка (“Далі”), Яўген Чалышаў (“Харлі”), Лёша Стокс (“Стокс”), Канстанцін Гарачы, Слава Сергяенка і Вадзім Марголін. Заснавальнікі праекту вызначаюць стыль каманды як папулярную радыёфарматную поп-рок музыку і ставяць перад сабою мэту пранікнення беларускамоўнай музыкі за ўсходнія межы Беларусі. Падчас маскоўскага канцэрта 5 чэрвеня у якасці вакалістаў праекта “У нескладовае” выступяць Віктар Рудэнка  і Яўген Чалышаў. На наступны дзень пасля канцэрту, 6 чэрвеня, праект “У нескладовае” збіраецца распачаць здымкі кліпа на песню “Не кожны”, якая была прэзентавана на партале TUT.BY. Рэжысёрам відэа выступіць Віталь Чыжоў, вядомы сваімі працамі з “Ляпісамі”, “Лепрыконсамі”, “Сініцай” і г.д. Акрамя ўдзельнікаў гурта, у кліпе будзе здымацца зорка расійскага кіно, імя якой трымаецца ў сакрэце.

Канцэрт адбудзецца ў суботу, 5 чэрвеня, у клубе “Меццо-Форте”(г. Масква, вул. 1-я Астанкінская, 53).
Пачатак у 20.00.
Кошт квітка – 400 рублёў, для ўладальнікаў сініх пашпартоў – 350 рублёў.

-------------------------------------------------------------

31 траўня на партале TUT.BY была прэзентавана яшчэ адна песня праекта “У нескладовае”. Гэта песня пра ўлюбёную літару беларускага алфавіта “У нескладовае”. Паслухаць можна тут.

Паводле TUT.BY

Фота: budzma.org