У Мінску адбылася прэзентацыя "Беларусаў у Вялікабрытаніі" + фота

Прэзентацыя даследавання гісторыка Наталлі Гардзіенкі “Беларусы ў Вялікабрытаніі” адбылася 14 траўня ў Мінску, у памяшканні Гістарычнай майстэрні.

Прэзентацыя даследавання гісторыка Наталлі Гардзіенкі “Беларусы ў Вялікабрытаніі” адбылася 14 траўня ў Мінску, у памяшканні Гістарычнай майстэрні.

Нагадаем, “Беларусы ў Вялікабрытаніі” – 18-я кніга серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, заснаванай у 2004 годзе Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Першая прэзентацыя кнігі адбылася ў Вялікабрытаніі 17 красавіка падчас святочнай вечарыны з нагоды адкрыцця грамадскай залі ў Беларускім доме ў Лондане. І вось 14 траўня кніга была прэзентавана беларускім чытачам.

Распачаць імпрэзу сп-ня Наталля запрасіла куратара аддзяленьня найноўшай гісторыі Беларускага Калегіюма, гісторыка Захара Шыбеку і зрабіла гэта зусім невыпадкова. Па-першае, мерапрыемства праходзіла ў межах лекцый Наталлі Гардзіенкі ў Беларускім калегіюме, а па-другое, Наталля Гардзіенка сама з’яўляецца выпускніцай калегіюма.

“Я лічу, што ўзяцца за рапрацоўку такой тэмы – гэта гераічны ўчынак з боку Наталлі Гардзіенкі, -- адзначыў Захар Шыбека.—Таму што яна маладая маці, малады кандыдат, і толькі ўладкавалася на працу і ўзяцца за рапрацоўку такой тэмы было непроста. Тым не менш, у Наталлі хапіла мужнасці і прафесіяналізма, каб напісаць такую грунтоўную кніжку.[…] Наталлі было з аднаго боку цяжка, а з другога боку ёй пашчасціла, што адбылася такая сустрэча з незвычайнай тэмай, якая дазволіла ёй упісаць новую старонку ў гісторыю Беларусі”.

Думку Захара Шыбекі падтрымаў і прафесар Адам Мальдзіс: “Я лічу, што гэтая кніга—падзея ў нашым гістарычным і культурным жыцці”. ПрафессарМальдзіс распавёў пра свой першы візіт у Вялікабрытанію, які адбыўся ў 80-я гады. Тады ў Вялікабрытаніі паставіліся да яго насцярожана. Калі айцец Аляксандр Надсан сустракаў яго ў аэрапорце, то ён трымаў у руках даведнік саюза пісьменнікаў, каб спраўдзіць, ці таго чалавека прыслалі, які пазначаны ў анкеце. Таксама Адам Мальдзіс распавёў пра знаёмства з беларускім міліянерам з Вялікабрытаніі Янам Дамінікам ды пра іншыя цікавыя моманты, звязаныя з беларусамі Вялікабрытаніі.

Выступае Адам Мальдзіс

На сустрэчы прысутнічаў прадстаўнік міністэрства культуры Уладзімір Шавялёў. Ад імя міністра культуры Паўла Латушкі ён павіншаваў Наталлю і Алега Гардзіенкаў з тым, што “завершана вялікая навуковая праца, і гэтая праца ўжо набыла нейкія матэрыяльныя рысы. Ужо ёсць кніга, якую можна чытаць, якую можна падараваць знаёмым ці проста даць пачытаць суседзям і знаёмым”. Як перадаў Уладзімір Шавялёў, на думку Паўла Латушкі, гэтая кніга – “яшчэ адзін крок у пазнанні гісторыі нашай краіны і ў яднанні беларусаў, якія жывуць не толькі на тэрыторыі роднай Беларусі, але і за яе межамі”. “Мы спадземся, што гэта яшчэ адна цаглінка ў фундамент нашай незалежнасці, у фундамент нашага разумення сябе як нацыі”, -- сказаў Уладзімір Шавялёў.

Падчас імпрэзы падзяку Наталлі і Алегу Гардзіенкам выказала і старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская. Яна нагадала, што апроч ”Беларусаў у Вялікабрытаніі”, аўтарству Наталлі Гардзіенкі належыць і кніга “Беларусы ў Аўстраліі”. Да таго ж, яна была рэдактарам кнігі Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930-1960-я гг.). “Наколькі складана было працаваць над кнігай Наталлі і я, і Алена Макоўская ўсведамляем, бо мы самі былі ў Беларускім доме, у гасцях ў Аляксандра Надсана, мы бачылі тыя кнігі, тыя фаліянты, якія там захоўваюцца, і не разгубіцца ў гэтай безлічы арыгінальных, старажытных твораў, прааналізаваць іх і зрабіць энцыклапедыю беларусаў Вялікабрытаніі, гэта трэба вельмі шмат працы, інтэлектуальных і душэўных высілкаў”, -- адзначыла Ніна Шыдлоўская.

Выступае Ніна Шыдлоўская

Затым слова ўзяла аўтарка кнігі Наталля Гардзіенка. Яна распавяла пра тое, як і калі з’явілася беларуская прысутнасць на Брытанскіх выспах, расказала пра гісторыю заснавання старэйшай беларускай арганізацыі ў Вялікабрытаніі – Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, пра выбітных асобаў беларускай Брытаніі, беларускіх каталіцкіх і праваслаўных святароў. Асобную ўвагу Наталля Гардзіенка аддала расповеду пра беларускія мясціны ў Вялікабрытаніі.

Дзякуючы яе аповеду, думаю, у кожнага з прысутных склалася сваё ўражанне аб багацці і непаўторнасці беларускага жыцця на Брытанскіх выспах.

Напрыканцы імпрэзы Наталля Гардзіенка падзякавала прысутным за тое, што прыйшлі і запрасіла на прзентацыю новай кнігі. “А яна абавязкова будзе!” – запэўніла сп-ня Наталля.

Адам Мальдзіс і Наталля Гардзіенка

Наталля Гардзіенка прэзентуе кнігу

Госці імпрэзы

Чарга за аўтографам

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”