Падведзены вынікі конкурсу эскізаў памятнай дошкі ў гонар Ларысы Геніюш. Пераможцам конкурсу стаў скульптар Гэнік Лойка. Менавіта ягоны праект будзе ўвасоблены ў мемарыяльнай шыльдзе, якая будзе ўсталявана ў Празе на доме, дзе жыла Ларыса Геніюш падчас свайго легальнага знаходжання ў Чэхаславацкай Рэспубліцы.
Нагадаем, конкурс быў абвешчаны Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” 10 сакавіка ў межах аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Ініцыятыва ўсталявання памятнай шыльды ў гонар паэткі належыць беларусам Чэхіі, а менавіта сябрам беларускай суполкі “Скарына”, якая дзейнічае ў Празе.
5 траўня прайшло пасяджэнне сябраў аргкамітэту, падчас якога адбылося абмеркаванне эскізаў памятнай шыльды, прадстаўленых на конкурс. У выніку лепшым быў прызнаны праект Гэніка Лойкі. На думку сябраў аргкамітэту (у тым ліку і беларусаў Чэхіі), ягоны эскіз найбольш адпавядае канцэпцыі конкурсу і яскрава раскрывае вобраз Ларысы Геніюш.
“Геніюш блізкая мне па духу, – гаворыць пераможца. – Я лічу сябе яе нашчадкам. Таму я з задавальненнем узяў удзел у конкурсе. Да таго ж, я яшчэ і яе зямляк, я сам з Мастоўскага раёна”.
Па задуме скульптара, памятная шыльда будзе адліта з сілуміну (сплаў на аснове алюмінію).
Макет шыльды аўтарства Гэніка Лойкі
На шыльдзе будуць размешчаны наступныя словы на беларускай і чэшскай мовах:
“Plnou měrou jsem Běloruskou, rovnoprávnou a neponíženou, byla pouze v Čechách...”
V tomto domě žila od r.1943 běloruská básnířka Larysa Geniuš, v r.1948 odvlečená do sovětského Gulagu.
Плануецца, што ўрачыстае адкрыццё памятнай шыльды ў Празе адбудзецца ў жніўні і будзе прымеркавана да 100-гадовага юбілею з дня нараджэння паэткі, які адзначаецца 9 жніўня.
Дом, на якім будзе ўсталявана шыльда