Алег Рудакоў
Гавораць, цудаў не бывае. Аднак старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў сваім прыкладам абвяргае гэтае выслоўе. Гэты іркуцкі беларус здолеў у далёкім Прыбайкальскім краі стварыць сваю Беларусь, такую, аб якой многія тут, у этнічнай Беларусі, толькі мараць.
Відавочна, што ў сённяшніх умовах захаваць нацыянальную беларускую ідэнтычнасць складана і ў самой Беларусі, а не тое што за яе межамі. Тым не менш, Алег Рудакоў не толькі застаўся сапраўдным беларусам жывучы ў Іркуцку, але яшчэ і выгадаваў маладую плынь іркуцкіх беларусаў, якія з годнасцю могуць працягнуць развіваць усе накірункі дзейнасці, якімі займаецца Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага.
Нездарма кіраўнік Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская 27 красавіка падчас сустрэчы з Алегам Рудаковым у Мінску адзначыла: “Дзякуючы Алегу Рудакову, яго актыўнасці, яго дзейнасці і апантанасці беларусам Прыбайкалля, якіх сёння каля 40 – 50 тысяч, я думаю, асіміляцыя не пагражае”. Гэта пры тым, што, негледзячы на тое, што ў Расіі самая вялікая па колькасці беларуская дыяспара, беларусы Расіі асімілююцца. Па словах Алены Макоўскай, з мінулага перапісу з карты Расіі кудысьці знікла 500 тыс. беларусаў.
Таму і глядзяць на Алега Рудакова як на сапраўдны цуд кіраўнікі беларускіх суполак у Расіі ды наўзахвакі запрашаюць да сябе, каб падзяліўся вопытам.
І сапраўды, як адзначыла Алена Макоўская, “бадай што Алегу прыйшоў час ездзіць з майстар класамі па іншых суполках беларускага замежжа, дзяліцца ноу-хау”.
Выступае Алена Макоўская
Як усё пачыналася, і чым сёння жыве ІТБК, маглі даведацца з першых вуснаў удзельнікі сустрэчы ў Мінску, а таксама і задаць свае пытанніі, і ўбачыць на ўласныя вочы, як праходзяць беларускія абрадавыя святы ў Іркуцку. Мясцовае тэлебачанне не без прычыны любіць бываць на святах іркуцкіх беларусаў, таму відэаматэрыялаў назбіралася шмат.
Праца па стварэнні ІТБК пачалася ў 1995 годзе, калі Алег Рудакоў выпадкова патрапіў на з’езд Таварыства беларускай мовы. Пасля выступлення на з’ездзе Алегу Рудакову задавалі шмат пытанняў пра беларускае жыццё ў Іркуцку, пыталі, да прыкладу, ці ёсць там асяродкі беларускіх вайскоўцаў, ці стаіць ў Іркуцку помнік беларускаму навукоўцу Яну Чэрскаму, які там працаваў. Вярнуўшыся ў Іркуцк, Алег Рудакоў вырашыў абавязкова знайсці адказы на гэтыя пытанні. З гэтага і пачалася праца па стварэнню аргкамітэта і ўтварэнню Іркуцкага таварыства беларускай культуры. Штуршком для працы з’явілася як раз Таварыства беларускай мовы.
Распавёў сп-р Алег і пра першыя цяжкасці, і пра тое, як давялося адстойваць назву таварыства.
“Калі я ствараў нашу суполку, я выступаў на мясцовым тэлебачанні. Я распавёў пра тое, што Таварыства носіць імя Яна Чэрскага і пра Чэрскага трошкі распавёў. Я сказаў, што гэта беларус, а не паляк. Гэта быў шок для палякаў тамтэйшых, -- узгадвае Алег Рудакоў. -- Яны потым абрывалі тэлефоны, у рэдакцыю тэлефанавалі, прасілі даць абвяржэнне. Крычылі: “Каго вы выпусцілі”. Я тады быў усяго толькі адстаўны афіцэр і студэнт гістарычнага факультэта. Яны пачалі ціснуць на рэдакцыю праграмы. Мне патэлефанаваў журналіст і кажа: “Што рабіць?”. Я прапанаваў зладзіць круглы стол ў прамым эфіры. Я з аднаго боку, такі студэнт сціпленькі, а яны там прафесура. Яны будуць даказваць, што Ян Чэрскі – паляк, а я буду даказваць, што ён беларус. Журналіст прапанаваў гэта палякам зрабіць. І як ён сказаў, яны брудна вылаяліся і ад прамога эфіру адмовіліся. То бок яны не адважыліся ісці на прамы эфір, бо зразумелі, што ў іх няма падстаў лічыць палякам Яна Чэрскага, які нарадзіўся ў сучасным Верхнядзвінскам раёне Віцебскай губерніі, які на допыце казаў, што ён па паходжанню ліцвін”.
Сёння ІТБК мае 11 аддзяленняў у розных гарадах Іркуцкай вобласці і працуе па 20-ці розных накірунках. Кожны месяц сябры таварыства праводзяць шэраг розных мерапрыемстваў. Гэта могуць быць беларускія абрадавыя святы, беларускія дыскатэкі для моладзі, гістарычныя вечарыны і г.д.
На імпрэзе ў Мінску прысутнічаў вядомы беларускі бард Алесь Камоцкі, які з радасцю пацвердзіў, што ўсё, што распавядаў сп-р Алег, -- праўда і толькі праўда. Алесь Камоцкі мог упэўніцца ў гэтым падчас свайго візіту ў Іркуцк на пачатку гэтага года.
“Мяне вельмі ўсцешыла, што калі я прыехаў, мяне сустрэлі людзі ў нацыянальных строях, і было бачна, што гэта ўсё невыпадкова, -- распавядае Алесь Камоцкі. -- І мерапрыемствы, на якіх я быў, яны праводзяцца не як акцыі, а як часткі жыцця, якое сапраўды там ідзе. Мяне вельмі ўразіла паездка. Гэта такі край, у які немагчыма не закахацца. Так што я смела стаўлю яго на другое месца пасля Беларусі”.
Уражаннямі ад паездкі ў Іркуцк дзеліцца Алесь Камоцкі
Напрыканцы імпрэзы Алег Рудакоў выказаў думку, што і ў Беларусі таксама трэба весці працу па адраджэнні беларускай культуры і пашырэнні ведаў пра яе, і гэта абавязкова прынясе свой плён: “Я лічу, што нам усім трэба шмат працаваць на карысць пашырэння і захавання беларускай традыцыі. Я думаю, што мы разам здолеем адрадзіць і наш народ, і нашу культуру, і нашы традыцыі, і беларусы будуць гучаць ва ўсім свеце як моцная, адукаваная нацыя з вялікім культурным багаццем”.
Сустрэча са старшынём Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага Алегам Рудаковым праводзілася ў межах цыклу сустрэч з вядомымі дзеячамі беларускага замежжа, якія ладзіць Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.