Фільм створаны незалежнай асацыяцыяй “БелФільм”, якая нядаўна была зарэгістравана ў Літве. Асацыяцыя аб’ядноўвае беларускіх кінарэжысёраў, тэлевізійных работнікаў і ўсіх творцаў, звязаных з відэапрадукцыяй, і займаецца рэалізацыяй кіна-відэапраектаў, якія маюць выразны беларускі акцэнт, нясуць беларускую ідэю.
Фільмы, што выйшлі ў межах праекта “Белфільм”, – розныя паводле творчай якасці і паводле жанраў, гэтыя творы прэзентаваныя вядомымі і невядомымі рэжысёрамі, гэтае кіно ахоплівае розныя грані сучаснага грамадства, нарэшце гэтыя стужкі створаныя па-за цэнзурай. Адным з такіх фільмаў ёсць дакументальная стужка Алега Дашкевіча “Варганы”.
Фільм быў разасланы болей чым па 60 суполках беларускай дыяспары. Мэтай гэтай дасылкі было не толькі пазнаёміць беларусаў па ўсім свеце з сучасным беларускім кіно, але і атрымаць зваротную сувязь, водгукі. Акрамя таго, “Бацькаўшчына” прапанавала правесці сустрэчу з аўтарамі фільма ў выпадку зацікаўленасці з боку беларусаў замежжа. І вось днямі “Бацькаўшчына” пачала атрымаліваць лісты з падзякай за дасланы фільм ад беларусаў Расіі, Украіны, ЗША, Вялікабрытаніі, Латвіі. Такім чынам, з прыемнасцю можна адзначыць, што спадзяванні на зваротную сувязь спраўдзіліся.
На гэтым супрацоўніцтва “Бацькаўшчыны” і “Белфільма” не заканчваецца. Алег Дашкевіч і асацыяцыя “Белфільм” гатовы дапамагчы суполкам беларускай дыяспары ў стварэнні фільмаў пра жыццё і дзейнасць беларусаў у той ці іншай краіне ды пра дзейнасць беларускіх арганізацый замежжа.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”